Архіў

Сяргей Балахонаў. Аддзел сустрэчаў

№ 21 (283), 7 чэрвеня месяца 2002 г.


Аддзел сустрэчаў

эсэ

Калі на небе ёсьць які-кольвек бюракратычны апарат, то ў ім мусова існуе аддзел, што адказвае за людзкія сустрэчы. Тых, хто доўга ня бачыўся, папросту сутыкаюць ілбамі ды з анёльскім замілаваньнем назіраюць, што ж далей будзе… У рэстарацыях, каварнях, бістро, альмарэях я бываю нерэгулярна, таму бальшыня сустрэч адбываецца ці ў транспарце, ці на вуліцы. Цікавасьць да нюансаў чужога жыцьця сягае мізэру, калі ягоны (жыцьця) носьбіт зьяўляецца перад вачыма ня ў самы зручны для цябе момант. Прывітаньні, дзяжурныя фразы, няёмкасьць і адзіная думка: “Колькі ж нам яшчэ прыпынкаў ехаць разам?”

Цёпла. Але кіроўца на нешта ўключыў абагрэў у салёне. Гутару з колішнім аднаклясьнікам, што пасьля 9-е клясы пайшоў іншымі дарожанькамі. Уручае візытоўку. Фірма “Рэспэкт”. Інжынэр па абслузе кампутарнай тэхнікі. Хто на што вучыўся. Лёха яшчэ за Гарбачовым ў школу ўсякія драбязкі на мікрасхемах цягаў. За дзесяць гадоў мала што зьмянілася. “Наташка Шатула ў Менску ў асьпірантуры”, — паведамляе ён вядомую мне інфармацыю пра нашую паўклясычную выдатніцу, што скончыла аддзяленьне замежных моваў ГДУ. Калісьці мы ўсе былі малыя ды сьмешныя, і вельмі простым было паспрачацца дзьвюм дзяўчынкам, з каторай сядзе за парту гэты хлопчык. І ўсё было лёгка вырашаць. Гэта дарослыя нам падораць спачатку чырвоныя гальштукі, а потым Фройда зь Юнгам ды навучаць яшчэ трымаць у кішэні дулю.

Абсалютна безь ніякіх дуль ды іншых “авашчэй і фруктаў” сустракаю яшчэ аднаго школьнага таварыша, зь якім сканчаў 11“А” клясу ў векапомным 94-м. Тады Андрэй заміж паступленьня матлянуўся на месяц у Нямеччыну. Таму штудыі на гістфаку пачаў браць толькі праз год. Цяперака ж Андрэй вярнуўся з войска. Служыў “пагранцом” у Смургонях. Усьміхаецца й кажа пра зьніклы цяжар над галавой. Я таксама гэтак пасьля “армейкі” гаварыў. У школе “дэмбель” працаваць не зьбіраецца. Распавядае пра маленькі гешэфт у Рэчыцы, зьвязаны з кніжным шапікам. “Па знаёмстве?” — пытаюся проста. “Яснае дзела”, — проста адказвае той.

Зь нейкіх прычынаў (мабыць, перад праверкаю Начальства) нябесныя чыноўнікі ладзяць адмысловыя дні, што становяць сабою доўгі шэраг выпадковых сустрэч. Заходжу ў крыты рынак і шпацырую без парасона пад дажджом зазыванак прыдбаць цяляцінкі, паляндвічкі ці “васхіціцельнай каўбаскі”. Між мясным і рыбным прылаўкамі бачу знаёмы твар. Затрымліваю позірк, і мяне пачынае “глючыць”: я ведаю, што гэты хлопец вучыўся на першых двух курсах разам са мною, але не магу згадаць ні імя, ні прозьвішча, ні нават мянушкі. Мабыць, і ён у такім самым становішчы. Але ж балбочам. Я пра школу, дзе працую. Ён пра ЦЭЦ, дзе робіць. Згадваем супольных знаёмцаў, чые імёны яшчэ не зацярушыліся… Цераблю свой шлях далей, выходжу на паветра, дзе пахне таварам і грашыма. Аліўкі, памаранцы, ашуканцы. Чакалядкі, пракладкі, асадкі. Ападкі ў выглядзе кароткачасовага (30 сэкундаў) дажджу цыганскага — прывітаньне ад нябесных бюракратаў. Чалавек у белым, вязаным клапатлівымі рукамі, швэдры. Гэтага дзядзьку я ведаю. Саслужбовец. Разам у Ваўкавыску лямку цягнулі. Дзьмітру было тужэй, бо ў Гомелі заставаліся ягоныя жонка з трохгадоваю донечкай. Цяпер яны побач. Жонка за прылаўкам згортвае дзённы гандаль. У нас жа паўтараецца папярэдні дыялёг. Дадаецца толькі супольная затрымка заробкаў — у іх, вытворцаў (Дзьмітры шчыруе на “Будматэрыялах”), і ў нас, бюджэтнікаў. Дабаўляецца Лука. Дастасоўваюцца згадкі пра нашых колішніх “дзядоў” і “чарапоў”. Між іх успамінаем і апошняга гомельскага габрэя Яўгена Міцюрыча.

Яго я згледжу літаральна праз 15 хвілінаў добрага настрою, жуючы дзяжурную піцу й сёрбаючы халоднае “Дняпроўскае”. Наш найкруцейшы (з-за жыдоўскае кемнасьці) “дзед” топчацца сюды-туды за вітрынай “Бярозкі”. Той самы ашчэр-усьмешка і адсутны зуб. Што дзіўна, бо легенды казалі, што на дэмбель Жэня павёз 500 даляраў і дзьве кайстры зэкаўскіх майстрункаў. На зуб гэтага мусіла хапіць! Старая жанчына праз пару хвілінаў аддае яму стосік фіялетавых паперак, і Міцюрыч разам з прыяцелем хаваецца зь відавоку. Дзяўчына ж, якая бяскрыла залятае ў “Бярозку”, зусім мяне не прыкмячае з-за нізкага зроку ці яшчэ якой прычыны й крочыць далей ад пірожных і салодкай вады. Толку, што я пазнаю яе? Не азываюся, каб не рабіць дарма чужой работы.

Сяргей Балахонаў


Каментары

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень8

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе13

У Свіслацкім раёне знішчылі вялікае поле маку1

Аб'явілі збор сродкаў на лячэнне былога палітвязня Дзмітрыя Гопты4

У Маскве спрабавалі ўзарваць былога міністра дзяржбяспекі «ДНР»7

У вежы «Газпрама», якая будуецца ў Мінску, заўважылі ўжо гатовы офіс. Што гэта і навошта — незразумела3

19‑гадовага беларуса, які знік у Аўстрыі, знайшлі жывога5

Пуцін паабяцаў узмацніць удары па ўкраінскай інфраструктуры і перакананы, што Расія паспяхова наступае18

На ўсходзе Беларусі выпаў град памерам з грэцкі арэх ФОТЫ

«Да 30—50% пасад штурмавікоў і пехацінцаў». Украіна збіраецца істотна павялічыць колькасць іншаземцаў ва УСУ5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень8

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць