Архіў

Віталь Стахіевіч. Крымская элегія

№ 32 (294), 30 жніўня 2002 г.

Крымская элегія

Калі нясьцерпна пячэ сонца, невялічкі пляж Сімеізу затлумлены дарэшты, мора раптам усё зацягнула нейкімі водарасьцямі й мэдузамі, а нага раз-пораз выкопвае з камянёў недакуркі й абгорткі ад марозіва, мы зь сяброўкаю вырашаем зьмяніць абстаноўку ды паехаць на дзень у Ялту — колішнюю “ўсесаюзную здраўніцу” і, бадай, самае вядомае на Захадзе крымскае места.

Старэнькія вуліцы вельмі нагадваюць Сімферопаль, а нават і кіеўскі Падол: старадаўнія брукаванкі, сьпёка, вузкія зьвілістыя вуліцы ды залатыя купалы цэркваў. Гэткія ж паўсюдныя McDonalds’ы з аднолькавымі “МкФлурі”, “Морозиво Ріжок” ды “Чикен МкНагетс 9 шматочків”. Ленінская набярэжная, нібы брытанскі Брайтан, на шматлюдных пляжах загараюць top-less і каламуцяць ваду маскоўскія дзяўчаткі. Набываем турыстычную мапу Ялты й адразу ж заўважаем на ёй вуліцу Багдановіча і пазначэньне таго месца, дзе паэта адпачываў у гатэльчыку ў 1909 г. Дабірацца далёка: сьпярша трэба ехаць колькі прыпынкаў на ржавым тралейбусе, потым уздымацца вулкамі яшчэ мо з паўгадзіны. Па дарозе можна наведаць дом-музэй Чэхава, дзе акулярныя панны з прыдыханьнем і пашанаю распавядаюць пра Антона Палыча й ягоных знакамітых гасьцей — Горкага, Рахманінава ды Шаляпіна. А вашыя няўрымсьлівыя подумкі ўжо на кілямэтар вышэй за славутую Белую дачу.

Бянтэжыць у гэтым месьце суцэльная адсутнасьць шыльдаў з назвамі вуліц — няйначай гэтак захаваны калярыт чэхаўскае пары. Нарэшце апынаемся на нейкім брудным зьвілістым завулку. Праходзім туды й назад — аніводнае згадкі пра Максіма не відаць. Пэўна, памыліліся. Запытваем у выпадковай кабеты, як завецца вуліца, і чуем у адказ: “Багдановіча, а вам каго трэба?” Тхне цыбуляю й кіслай капустай, швэндаюцца кудлатыя сабакі, ганяюць шпуляк мурзатыя падшыванцы. Потым заўважаеш маленькую сьцежку паміж глухой сьцяной і сьмецьцевымі бакамі, якая вядзе ва ўтульны дворык, дзе сапраўды прыгожа захавалася спаруда былой гасьцініцы. На муры — мэмарыяльная дошка: “Тут адпачываў беларускі паэт”. Сохне бялізна на вяроўках, на сходах гуляюцца дзеці, у адным з вокнаў галёкае нейкая маладзіца...

Недалёка ад вуліцы Багдановіча някідкі ўваход на вялізныя старыя клады. Насустрач выходзіць магутны ахоўнік з сабакам. Ён распавядае, што могілкі старыя, што тут пахаваны “нават Бірукоў”. Адразу згадваецца чытанае ў Арлова “да магілы нейкага Бірукова” і робіцца ясна, што мы там, дзе трэба. Алеяў шмат. Ходзім, ходзім. Раптам побач са сходамі заўважаем слупок, на якім брунатнаю фарбаю выведзена “Багдановіч” і намаляваная стрэлка. “Арлоў”, — зноў мільгае ў галаве, і праз колькі сэкундаў мы стаім ля магілы Максіма. Наўкола гаючы спакой і цеплыня. Над помнікам зьвісае яловы лапік, на якім умацаваныя бел-чырвона-белы пасок і срэбная выява Пагоні.

Адчуваецца аддаленасьць і самотнасьць, а разам з тым — уздым і пачуцьцё стрыманае велічы й годнасьці. Ня так і шмат сюды прыходзіць пілігрымаў, таму адчуваеш сябе адным з абраных. Пакідаем вяночак, чытаем малітву і згадваем вершы Багдановіча. Ці варта было б перавезьці парэшткі паэта ў Менск? Калі прыйшоў сюды сам, дык думаеш, што не — ня варта.

...Пасажыры вечаровага аўтобуса зь цікавасьцю прыслухоўваюцца да нашай беларускае мовы. Нетутэйшая, але амаль зразумелая. Мо славакі якія ці чэхі?..

Віталь Стахіевіч


Каментары

Цяпер чытаюць

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?2

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі мільярдэр пабудуе ў Беларусі новы завод9

Скасаваныя ахоўныя зоны палаца Патоцкіх і замка Сапегаў у Высокім. На іх тэрыторыі пабудуюць басейн «Нырэц»5

Прарасійскія партыі прайгралі ў Арменіі, партыя Пашыняна атрымае 60% месцаў у парламенце25

Фармвытворцы абяцаюць новыя магутныя лекі для зніжэння дрэннага халестэрыну1

Змяніўся аэрапорт для замежных візітаў Зяленскага — цяпер гэта не ў Польшчы12

Трамп — Ірану: Вы адстралялі свае ракеты, дастаткова. Вяртайцеся за стол і заключайце здзелку4

Іран запусціў балістычныя ракеты па Ізраілі пасля ўдару Ізраіля па Бейруце

Гендырэктарка «Камволя» наракае, што беларусы мала працуюць — а трэба як эфіопы і індзійцы26

Чарговы беларускі хакеіст заключыў кантракт з клубам НХЛ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?2

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць