Купленыя шэнгенскія візы могуць прывесці да арышту ў краіне прызначэння, паведаміў генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня.
Апошнім часам у беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беластоку сталі актыўна звяртацца грамадзяне Беларусі з просьбай дапамагчы разабрацца з сітуацыямі, звязанымі з ануляваннем польскімі ўладамі віз на мяжы, а таксама арыштамі і закрыццём для іх уезду ў краіны Шэнгенскага пагаднення.
«Нашы суайчыннікі не разумеюць, за што іх або іх родных нечакана вяртаюць з мяжы, за што анулююць візы», — распавёў суразмоўца.
Паводле слоў генконсула Беларусі, у першым квартале гэтага года павялічылася і колькасць паведамленняў у дыппрадстаўніцтва ў Беластоку з польскіх кампетэнтных органаў аб затрыманнях, штрафах і нават арыштах грамадзян Беларусі, якія парушылі правілы перасячэння мяжы.
«Большая частка затрыманняў, а таксама вынесеных судовымі органамі прысудаў адносна нашых грамадзян звязана з нямэтавым выкарыстаннем віз або атрыманнем польскіх нацыянальных і шэнгенскіх віз падманным шляхам,— адзначыў Аляксандр Берабеня. — Грамадзяне не разумеюць у поўнай меры, што, купіўшы на вуліцы запрашэнне для афармлення візы, можна ўжо на мяжы трапіць пад арышт. Бо, падаўшы ў дыппрадстаўніцтве Рэспублікі Польшча дакументы для афармлення візы, напрыклад, з мэтай працаўладкавання, можна атрымаць толькі так званую працоўную візу і наведваць суседнюю краіну з іншымі мэтамі на падставе такой візы забаронена. Гэта значыць, па пакупкі з такой візай ехаць нельга. Тое ж датычыца прыватных або дзелавых запрашэнняў. Вельмі часта беларусы, аформіўшы візы на падставе запрашэнняў з далёкіх ад прыгранічча рэгіёнаў, ніколі не даязджаюць да тых гарадоў і вёсак. Разлічваючы, мяркуючы па ўсяму, што польскі бок гэта не праверыць і пры чарговым пашпартным афармленні на граніцы не затрымае». Больш таго, затрыманне або штраф можа быць у адносінах да беларускіх грамадзян, якія наведвалі Польшчу на паставе такіх купленых запрашэнняў нават некалькі гадоў таму: у судах да гэтага часу разглядаюцца справы мінулых гадоў.
Паводле слоў Аляксандра Берабені, у генконсульства сталі паступаць таксама паведамленні з польскіх кампетэнтных службаў аб страхавых полісах з выпраўленымі ў іх датамі.З’яўляюцца таксама праблемы з чэкамі сістэмы вяртання падатку Tax Free, якія нашы суайчыннікі ў чарзе на граніцы за пэўнае ўзнагароджанне перадаюць трэцім асобам для нелегальнага афармлення. Аднак не ўсе разумеюць, што такія парушэнні кваліфікуюцца як падробліванне дакументаў і належаць да катэгорыі крымінальных злачынстваў.
Беларускія дыпламаты нагадваюць: нямэтавае выкарыстанне віз, падробка дакументаў трактуецца заканадаўствам Рэспублікі Польшча як спроба незаконнага перасячэння мяжы, а таксама прадастаўленне заведама ілжывай інфармацыі службовым асобам, у гэтым выпадку супрацоўнікам пагранічнай службы і консулам Рэспублікі Польшча.
Гэта можа прывесці да судовага разбору нават без удзелу грамадзяніна Беларусі і пакаранню аж да пазбаўлення волі да трох гадоў і ўнясеннем у базу асоб, уезд якім у краіны Шэнгенскага пагаднення забаронены.
Каментары