Здарэнні1313

Хлопец трапіў у кому з-за спайсу: Дактары думалі, што я ўжо не прачнуся

Бацькі Мерхана Мусаева разам з сынам эмігравалі ў Беларусь з Чачні. Тут Мерхан змяніў сваё імя і прозвішча на Улада Федаровіча і пачаў атрымліваць сярэднюю адукацыю.

Менавіта ў Баранавічах каўказскі хлопец упершыню паспрабаваў спайс — і настолькі няўдала, што пасля зацяжкі патрапіў у рэанімацыю. Але Улад выжыў і расказаў «ІР» аб зменах у сваім светапоглядзе пасля двух дзён комы.

– Як так выйшла, што ты пакурыў спайсу?

— Гэта было год таму – напрыканцы лістапада. Я тады з сябрамі паехаў на дыскатэку ў ДКТ, папярэдне крыху выпіўшы, зусім мала. І вось ужо на дыскатэцы мы пайшлі ў туалет і там сустрэлі знаёмых з 118-й «хабзы». Не сказаць, што я ведаў гэтых хлопцаў добра, але ўсё ж неяк ведаў. Яны і прапанавалі нам пакурыць «афганскай марыхуаны». Можа, алкаголь адыграў ролю, не ведаю, але мы пагадзіліся. Я, праўда, яшчэ раз удакладніў: ці сапраўды гэта марыхуана? Ці не будзе ў мяне галюцынацый? У адказ хлопцы заківалі: маўляў, так, усё нармальна будзе.

Тады мой сябра першым пакурыў, і я на яго гляджу — а яму быццам бы добра. Ён яшчэ кажа, што яго «расслабіла». Тады я ўзяў гэтую скручаную фальгу, зрабіў пару зацяжак…

– Што ты тады адчуваў?

– Праз некалькі імгненняў пасля зацяжкі мяне нібы пераклініла: гляджуся ў люстэрка і адчуваю, што я гэта ўсё ўжо бачыў. Далей мне пачало здавацца, што людзі навокал хочуць мяне забіць — я абараняўся і таксама хацеў іх забіць, «выратоўваючы» жыццё. Але розум яшчэ не цалкам адключыўся, я намагаўся сябе кантраляваць і, дзякуй Богу, нічога кепскага нікому не зрабіў.

Потым, незразумела як, я перастаў бачыць, хоць вочы і былі расплюшчаныя — паветра вакол мяне пачало рабіцца аб'ёмным і пераўтварацца ў нейкія квадрацікі, праз якія нічога не было бачна.

Мяне штосьці біла галавою аб сцену, хапала за ногі — жах. І ўрэшце я ўбачыў сябе як бы «зверху» – маё цела ляжала на падлозе туалета з заплюшчанымі вачыма.

У гэты момант я не адчуваў сябе чалавекам, а нейкім камп’ютарам. І тут раптам пачаў «падаць» у сваё цела і вярнуўся ў прытомнасць. Хоць усё заняло дзесьці хвілін 10, але мне тады здавалася, што 10 год.

— Табе спрабавалі дапамагчы твае сябры?

— Якое там! Наадварот — трэба было зрабіць так, каб ніхто не даведаўся аб здарэнні. Я падняўся сам, памыў твар халоднаю вадою і паціху пайшоў да выхаду — думаў выйсці на вуліцу. Аднак мае магчымасці не адпавядалі жаданням, я проста «бухнуўся» на бліжэйшую канапу, бо не мог далей ісці. Нават гаварыць не мог — нейкае мычанне атрымлівалася. І вось, сяджу я і думаю — ніхто не бачыць, у якім я стане, таму зараз я крыху адпачну і буду рухаццца далей на выхад.

Але тут мяне зноў «накрыла» – пачаліся «глюкі», нібы па мне ездзяць вялікія колы, наматваюць мяне на сябе. Разам з гэтым пачало рэфлекторна рваць, хоць я быў без прытомнасці.

Калі я «вярнуўся» ў сябе, то ўбачыў побач людзей — сацыяльнага педагога і міліцыянера. Яны спыталі, што я ўжываў. Тут я ўпершыню спалохаўся за сваё жыццё і падумаў, што хаваць нічога не буду. Так і сказаў: «курыў невядома што з малазнаёмымі людзьмі ў туалеце». Затым каля нас з'явілася ўборшчыца, сунула мне анучу і, ківаючы на маю рвоту на канапе, прымусіла прыбірацца.

Далейшы ход падзей памятаю кепска: вось я бяру ў рукі анучу, вось прыязджае «хуткая», вось мы едзем з сацыяльным педагогам, і яна мне ўсё паўтарае «гавары са мною». Потым я прачынаюся ў нейкай палаце і бачу медсястру — яна кагосьці кліча і крычыць «ачухаўся». У той момант я моцна хацеў есці і піць. А потым мне ўжо бацька сказаў, што я два дні быў у коме.

– Як ты змяніўся пасля той комы?

– Я ведаю, што перажыла мая сям'я, калі я ляжаў у бальніцы. Бацька нават схадзіў у царкву, хоць ён мусульманін, і паставіў свечку, бо людзі казалі, што гэта можа дапамагчы.

І я вельмі рады, што жывы, што я тады нікога не забіў, не выдаліў сабе вочы ці яшчэ што… Хтосьці даў мне другі шанс на жыццё, каб я мог асэнсаваць свае памылкі, перагледзець каштоўнасці і навучыцца выбіраць таварышаў. Я пакляўся сабе, што ніколі і ні пры якіх умовах не дакрануся да наркотыкаў.

З таго часу я адхрысціўся і ад старога кола сяброў — пазбягаю ўсіх, хто курыць спайсы. І з чужых рук больш нічога не бяру. Нават звычайныя цыгарэты – заўсёды куру свае, што я асабіста купіў і распакаваў.

Я з таго моманту пачаў займацца спортам, барацьбою, і спяваць нашыя нацыянальныя песні. Мяркую, што лепш развівацца, чым курыць спайс, дурэць ад яго, атручваючы сваё цела і галаву.

– Чым так вабяць падлеткаў спайсы?

– Калі людзям рабіць няма чаго, то яны пачынаюць маяцца дур’ю. А тут усё гэтаму спрыяе – таннасць наркотыкаў, іх прапаганда ў масавай культуры.

Вось, напрыклад, багата расійскіх спевакоў і рэпераў чытаюць толькі аб адным – нарката, траўка. Расказваюць, як гэта крута – «пыхнуць». Можа, у іх там грошы ёсць і яны могуць курыць нешта такое, што потым не сарве ім «дах». Але нашыя падлеткі слухаюць, хочуць быць такімі ж «крутымі» і пачынаюць курыць танныя спайсы, а некаторыя і прадаваць іх. Вось я, напрыклад, як толькі пачую хоць пару словаў з гэтых песень, адразу ўзгадваю той выпадак, калі я ледзь не загінуў.

– Як ацэньваеш маштабы спайсавай праблемы ў тваёй вучэльні?

– Усё вельмі кепска – гэта сапраўдная манія нейкая сярод моладзі. І як бы з імі ні змагаліся, усё роўна, як кажуць, у кожным лесе ваўкі водзяцца. На курылцы могуць прапанаваць не цыгарэту, а «касяк». І я калі чую ці бачу, што хтосьці курыць з маіх аднагрупнікаў, то адразу тлумачу: «Ты дурань, што ты робіш? Я нават ворагу не пажадаю адчуць тое, праз што я прайшоў год таму, а вы тут самі сябе, можна сказаць, у труну заганяеце. Ды вы б ад усяго адмовіліся, калі б пабывалі ў маёй скуры».

І здавалася б, цяпер усе маюць інтэрнэт, чытаюць пра падлеткаў, каторыя пад спайсам адзін аднаго рэжуць і скачуць з вокнаў. Але кожны спадзяецца, што яго гэта не закране, што гэта казачкі. Але не – галавою паехаць пад гэтай справай можа кожны. І добра яшчэ, калі толькі сядзеш у турму, а не загінеш.

А што да вялікіх тэрмінаў за спайсы – то тут я з судом цалкам згодны. Тыя, хто гэтым гандлюе, гэта, па сутнасці, прадаўцы смерці. Які кайф? Там смерць і памяшальніцтва. І «барыгі» хочуць зарабіць на болю іншых людзей, дзяцей, падлеткаў. Таму хай сядзяць за кратамі і думаюць аб сваім жыцці.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная ЗША з буйным лікам перамагла Парагвай1

Новы трэнд — не расчэсвацца. Вось што трэба пра яго ведаць17

Канада і Боснія згулялі першы матч на чэмпіянаце свету ўнічыю

У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын3

Што гэта за 196 палітвязняў, пра вызваленне якіх заявілі прапагандысты?2

У Перу паліцыя затрымлівала наркагандляра, пераадзеўшыся ў касцюмы талісманаў мундыялю-20262

Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы2

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць