У Валожыне будуць судзіць 26-гадовага мужчыну за сувязь з 15-гадовай, якая зацяжарыла і стала жонкай
Старшы следчы Валожынскага раённага аддзела Следчага камітэта Аксана Гульба 29 лютага прад'явіла абвінавачанне 26-гадоваму жыхару Валожына ў інтымнай блізкасці з 15-гадовай дзяўчынай. Дзяўчына цяпер цяжарная. Яна і яе партнёр сталі мужам і жонкай.
Аксана Гульба распавяла Край.бай:
— Крымінальнае злачынства было здзейснена ў 2015 годзе. На той момант пацярпелай было 15 гадоў. Па дадзеных следства, усё адбывалася добраахвотна. Маладыя людзі сталі жыць разам. У 2016 годзе, калі дзяўчыне споўнілася 16 гадоў і яна была на трэцім месяцы цяжарнасці, закаханыя пажаніліся. Але гэты факт не вызваляе мужчыну ад крымінальнай адказнасці.
Па словах следчага, мужчына працуе, яго юная жонка вучыцца. Па этычных меркаваннях і ў інтарэсах следства іх месца працы і навучання не называюцца.
Крымінальная справа заведзена па артыкуле 168 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту».
Злачынства караецца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.
Аксана Гульба таксама адзначыла, што на сённяшні дзень у Валожыне расследуюцца яшчэ два такія факты.
Адзін з іх адбыўся ў горадзе, другі — у раёне. У абодвух выпадках няма прыкмет згвалтавання. Абодва разы дзяўчыны, якім не споўнілася 16 гадоў, са сваёй згоды ўступалі ў інтымную сувязь са сваімі значна больш старэйшымі партнёрамі. У абодвух выпадках дзяўчыны зацяжарылі і захавалі дзяцей.
Каментары