Здарэнні1818

Муж Вольгі, якую збіў кіраўнік ДАІ: Ад удару яе адкінула на 30 метраў

Увечары 26 лістапада жыхар Слуцка Валерый Беразоўскі перажыў самы жахлівы момант у сваім жыцці. У яго на вачах загінула каханая, Вольга Стралкоўская. Без маці засталіся двое дзяцей.

У злачынстве падазраецца кіраўнік ДАІ Баранавічаў Андрэй Ваўкавыцкі. Паводле інфармацыі ад следства і відавочцаў, ён насмерць збіў Вольгу Стралкоўскую ў вёсцы Дарава. У крыві маёра выявілі ажно тры праміле алкаголю: дапушчальны паказчык быў перавышаны больш як у дзесяць разоў.

Валерыю Беразоўскаму сёння складана ўзгадваць пра тое, як усё адбылося. Але ён размаўляе, таму што прагне справядлівага суда і пакарання. Таксама муж Вольгі абвяргае інфармацыю пра тое, што яна пераходзіла дарогу не па пераходзе і без флікераў.

«Я сказаў супрацоўнікам ДАІ, што мы едзем на пахаванне. Нельга з такімі рэчамі жартаваць»

«Калі мяне спыніў інспектар ДАІ, то да іх машыны мы падышлі разам з Вольгай, — са скрухай у голасе распавядае Валерый. — У мяне не было правоў. Гатовыя былі аплаціць штраф, але прасілі, каб нам дазволілі даехаць да дому на сваёй машыне. Калі мяне пасадзілі ў аўтамабіль ДАІ, Вольга вырашыла вярнуцца ў наш «Форд». Памятаю, як інспектар сказаў ёй: «Толькі ідзі па пешаходным пераходзе». Яна накіравалася прама да пешаходнага перахода і па ім пераходзіла дарогу. У гэты момант я дастаў свой пашпарт. Інспектар паспеў запісаць маё прозвішча. Здарыўся ўдар… І мы выбеглі з машыны…»

Еўрарадыё: Як сябе павёў той, хто збіў вашу жонку?

Валерый Беразоўскі: Ён начальнік з ДАІ. Ён спакойна выйшаў, засунуў рукі ў кішэні. Я помню, як падбег да яго: «Што ты нарабіў!» Ён кажа: «Я 60 ехаў, а яе проста не бачыў». Нібыта ён кацяня збіў, а не чалавека. Яму было фіялетава. Выглядала, што ён думаў: «Зараз трошкі падураць галаву, сяду і паеду».

Еўрарадыё: У адным з рэгіянальных СМІ напісалі, што нібыта Вольга сказала інспектарам ДАІ, што вы едзеце на пахаванне.

Валерый Беразоўскі: Гэта сапраўды было. Гэта я сказаў, што мы едзем на пахаванне… Так яно і атрымалася. Нельга жартаваць з такімі рэчамі.

 

«Машыну ДАІ было дрэнна бачна, маячкі не былі ўключаныя»

 

Ці толькі п’яны даішнік вінаваты ў трагедыі?

Першы момант, які насцярожвае. Адразу пасля трагедыі ў СМІ трапіла інфармацыя, што Вольга пераходзіла дарогу не па пешаходным пераходзе. Маўляў, доля вінаватасці можа быць і на загінулай. Потым у ДАІ МУС Беларусі Еўрарадыё паведамілі, што інфармацыя пра няправільны пераход дарогі — папярэдняя, і на самой справе магло быць інакш.

Другі момант. Жыхары вёскі Дарава ў адзін голас кажуць, што скрыжаванне, дзе збілі Вольгу, аварыйнае. Мясцовых там не аднойчы штрафавалі за хадзьбу без флікера, ДТЗ там здараліся не аднойчы. Трагедыя, калі загінула Вольга, адбылася ў цёмны час сутак. Было каля 20.50. Можа быць, экіпажу ДАІ варта было ўключыць сінія маячкі ў мэтах бяспекі? Маўляў, увага, каля скрыжавання прыпаркаваныя машыны, кіроўца, будзь пільны! Тады, верагодна, п’яны ліхадзей убачыў бы экіпаж ДАІ здалёк і прынамсі скінуў бы хуткасць.

Следчыя задавалі Валерыю пытанне: дык былі ўключаны маячкі ці не? Спрабуем высветліць гэтую інфармацыю.

Вы думаеце, я па дадзеным пытанні вам нешта адкажу? Усе нюансы ўдакладняйце ва УУС Брэсцкага аблвыканкама», — не ідзе на гутарку Андрэй Пераход, начальнік тых самых ляхавіцкіх даішнікаў, якія дзяжурылі на скрыжаванні.

З брэсцкага УУС Еўрарадыё перанакіроўваюць у ДАІ МУС Беларусі.

«А ў якой прычынна-выніковай сувязі экіпаж ДАІ з дарожным здарэннем? — здзіўляецца Ганна Банадык, старшы інспектар па асаблівых даручэннях ДАІ МУС Беларусі. — Раніцай дзяжурны дакладваў, што маячкі былі ўключаныя».

Наконт астатніх нюансаў рэспубліканскае ДАІ просіць звяртацца ў Следчы камітэт. А ў СК пра тыя ж маякі інфармацыю пакуль не ўдакладняюць. Магчыма, нешта паведамяць разам са звесткамі аб далейшых працэсуальных дзеяннях.

Аднак Валерый Беразоўскі кажа, што маячкі на аўтамабілі ДАІ ўключаныя не былі:

«Яна стаяла на скрыжаванні, недалёка ад ліхтара. Але з дыстанцыі машыну бачна не было. Асабіста я ў першую чаргу ўбачыў супрацоўніка ДАІ, дзякуючы яго спецабмундзіраванню. Дык вось маячкі ўключаныя не былі. Што тычыцца габарытаў — не памятаю».

Паводле беларускіх законаў, інспектары сапраўды мелі права не ўключаць маячкі, бо знаходзіліся ў населеным пункце. Хай сабе і дрэнна асветленым. Магчыма, гэтая трагедыя прымусіць заканадаўцаў перагледзець правілы.

«У мяне нават ёсць фотаздымак яе курткі, на якой прышытыя флікеры»

 

«Калі мяне дапытвалі, то сказалі, што ў яе не было флікераў, — працягвае Валерый. — Я кажу: «Як не было!? Мы разам прышывалі гэтыя светлаадбівальныя палоскі. Насамрэч, у яе былі тры флікеры — на маланцы, якая зашпільвае куртку, і на бакавых кішэнях. Флікеры маленькія, але яны былі. У мяне нават ёсць фотаздымак, на якім адзін з флікераў добра бачны».

Еўрарадыё: Куртка ад самага пачатку прадавалася з гэтымі флікерамі?

Валерый: Не, мы наўмысна купілі ў краме метровую палоску (з тканінай, якая адбівае святло, — Еўрарадыё). Яна прышывала гэтую тканіну на куртку мне і сыну. Кавалачкі гэтай палоскі ў яе прасунутыя ў сабачкі на замках і зашытыя.

Пра хуткасць, з якой рухаўся падазраваны Ваўкавыцкі

«У мяне пыталіся, з якой хуткасцю ён ляцеў. Я выказаў меркаванне, што, напэўна, каля 100 км/г, — разважае Валерый. — На гэта адзін з праваахоўнікаў мне запярэчыў: каб так адкінула чалавека, трэба ехаць з хуткасцю каля 160 км/г». На асфальце быў след крыві на 18 метраў, а да гэтага яна яшчэ ляцела ў паветры. Усяго ад удару Волю адкінула прыкладна на 30 метраў».

«Усё бачыў самы галоўны сведка. Калі мы пачулі ўдар, ён сказаў: «О, паляцела!»»

У машыне ДАІ быў яшчэ адзін кіроўца, на якога складалі пратакол, распавядае Валерый.

«Ён усё добра бачыў, бо быў на пярэднім сядзенні. На яго складалі пратакол. Відавочна, што ў ДАІ ёсць дадзеныя гэтага чалавека. Ці дапытвалі яго следчыя, мне не вядома. Калі мы пачулі ўдар, ён сказаў: «О, паляцела!» Я і яшчэ адзін супрацоўнік ДАІ выскачылі з машыны. А другі — застаўся дапісваць пратакол. Дапісаў, адпусціў гэтага сведку, і тады выйшаў. Першы супрацоўнік у гэты час некуды тэлефанаваў. На дарогу не выставілі ні знакаў, нічога. На Волю пачала ехаць фура. Я кінуўся пад гэтую фуру, каб яе спыніць. Толькі тады яны пачалі ставіць знакі. Адзін супрацоўнік стаў у пачатку, другі — у канцы, разводзілі аўтамабілі на месцы здарэння».

Ужо былы кіраўнік баранавіцкай ДАІ Андрэй Ваўкавыцкі быў затрыманы. Хутчэй за ўсё, ён будзе змешчаны ў СІЗА. Па артыкуле 317 яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Каментары18

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная ЗША з буйным лікам перамагла Парагвай1

Новы трэнд — не расчэсвацца. Вось што трэба пра яго ведаць17

Канада і Боснія згулялі першы матч на чэмпіянаце свету ўнічыю

У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын3

Што гэта за 196 палітвязняў, пра вызваленне якіх заявілі прапагандысты?2

У Перу паліцыя затрымлівала наркагандляра, пераадзеўшыся ў касцюмы талісманаў мундыялю-20262

Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы2

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень10

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць