Расія запатрабавала ў рамках абмену з Украінай фашыста, экс-члена УНА-УНСО. Выявілася, ён быў іх агентам

Падчас апошняга расійска-ўкраінскага абмену палоннымі журналісты звярнулі ўвагу на некаторых асоб, якіх Украіна перадала Расіі. Расія акрамя сепаратыстаў і беркутаўцаў, якіх падазравалі ў расстрэлах на Майдане, уключыла ў спіс… аднаго з былых лідараў украінскай нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО Эдуарда Каваленку.
У гэта цяжка паверыць, але гэта не памылка. Пра перадачу Каваленкі «ЛНР» паведамлялі нават афіцыйныя расійскія СМІ. Як жа так атрымалася, што Расія ўключыла ў спісы на абмен украінскага нацыяналіста, які сядзеў ва ўкраінскай турме?
Каваленка не проста правы нацыяналіст-патрыёт, якіх расійскія прапагандысты часта называюць «фашыстамі». Каваленка — самы сапраўдны фашыст, які зігаваў, маршыраваў з сімволікай СС, распальваў нянавісць супраць яўрэяў і каўказцаў і г.д.. Кожны дзень расійскія прапагандысты крычаць пра «фашыстаў» ва Украіне, але калі гаворка ідзе пра фашыстаў рэальных, яны іх абараняюць і нават уключаюць у спісы на абмен. Чаму ж?
А ўсё вельмі проста. Аказалася, Эдуард Каваленка быў правакатарам, якога расіяне выкарыстоўвалі для дыскрэдытацыі ўкраінскіх патрыятычных сіл. Напрыклад, у 2004 годзе прарасійскія палітычныя сілы выкарыстоўвалі яго вобраз фашыста, каб апусціць рэйтынг Віктара Юшчанкі.
Калі пачалася вайна, Каваленка атрымаў іншыя задачы. У 2017 годзе Каваленку асудзілі за супрацьдзеянне вайсковай мабілізацыі. Ён трапіў ва ўкраінскую турму, а цяпер расіяне за яго заступіліся, уключылі ў спісы на абмен і вызвалілі.
Сітуацыя выдатна адлюстроўвае, наколькі ўкраінскі нацыяналістычны рух (і, лагічна дапусціць радыкальныя групоўкі ў іншых постсавецкіх краінах), нашпігаваны расійскімі агентамі і правакатарамі.
Адметна, што расійскія СМІ зараз сарамліва называюць Каваленку «лідарам адной з палітычных партый Украіны», і нічога не пішуць пра яго палітычны бэкграўнд.
Каментары