У Каліфорніі забаранілі выходзіць з дому без патрэбы. А ў Нью-Ёрку праз 2-3 тыдні скончацца сродкі для барацьбы з каранавірусам

Улады штата Каліфорнія забаранілі яго жыхарам пакідаць свае дамы без неабходнасці. Пра гэта заявіў у чацвер губернатар Гэвін Ньюсам на прэс-канферэнцыі, трансляцыю вялі на яго сайце.
«Мы ўводзім рэжым, пры якім людзі павінны заставацца дома. Распараджэнне ўступае ў сілу гэтым вечарам, — сказаў ён. — Мы ўпэўненыя, што жыхары Каліфорніі будуць яго выконваць». Ньюсам канстатаваў, што на частцы тэрыторыі штата такі рэжым раней ужо пачаў дзейнічаць.
Улады не забараняюць жыхарам штата выходзіць на прагулкі, наведваць крамы або бальніцы. Дастаўка прадуктаў і розных тавараў таксама дазволена. Ньюсам не ўдакладніў, як доўга будзе дзейнічаць такое становішча.
Раней Ньюсам прывёў прагнозы уладаў Каліфорніі, згодна з якімі прыкладна 56% насельніцтва штата на працягу васьмі тыдняў заразяцца новым каранавірусам. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра 25,5 млн чалавек.
А вось мэр Нью-Ёрка Біл дэ Блазіа заявіў на прэс-канферэнцыі, што бальніцы мегаполіса на працягу двух або трох тыдняў цалкам вычарпаюць запасы найбольш важных сродкаў для абароны ад заражэння новым каранавірусам і для аказання дапамогі інфікаваным.
«У Нью-Ёрку праз два ці тры тыдні скончацца сродкі, якія нам больш за ўсё патрэбныя ў бальніцах, — сказаў ён. — Гэтыя сродкі могуць быць дастаўлены ў тэрмін толькі шляхам поўнай мабілізацыі Узброеных сіл ЗША». «Праз два ці тры тыдні нам трэба атрымаць вельмі значнае папаўненне», — дадаў дэ Блазіа. Паводле яго слоў, у іншым выпадку жыхары мегаполіса «апынуцца ў значна большай небяспецы».
Мэр Нью-Ёрка паведаміў, што бальніцы горада, у прыватнасці, маюць патрэбу да пачатку красавіка больш чым у 50 млн ахоўных масак, 25 млн камплектаў спецвопраткі для медыкаў, а таксама 15 тыс. апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Па словах дэ Блазіа, у горадзе па-ранейшаму не стае сродкаў для правядзення тэстаў на заражэнне каранавірусам.
Колькасць выпадкаў заражэння каранавірусам у ЗША перавышае 14 тыс., памерлі сама меней 200 чалавек. У штаце Нью-Ёрк, на тэрыторыі якога знаходзіцца аднайменны мегаполіс, зафіксаваныя больш за 5,3 тыс. выпадкаў заражэння і 34 смяротныя вынікі.
Каментары