Нафтавыя трэйдары, якія перажываюць абвал рынку на фоне распаду здзелкі АПЕК+ і эпідэміі новага каранавіруса, паведамілі, што сітуацыя можа пагоршыцца і цана нафты ўпадзе да $20 за бараль, а то і ніжэй, піша Bloomberg.
Такі прагноз далі 18 з 20 апытаных агенцтвам спецыялістаў. Нафта маркі WTI, на іх думку, будзе таргавацца яшчэ на $3-5 танней. Пры гэтым такая нізкая цана можа трымацца як некалькі тыдняў, так і да канца года, адзначылі суразмоўцы агенцтва.
Па словах дырэктара індыйскай нафтагазавай кампаніі Bharat Petroleum Corp Рамамуфры Рамачандрана, адзнаку $20 нафта «лёгка праб'е» ужо да сярэдзіны красавіка. І гэта нягледзячы на тое, што нафта ў гэтым годзе ўжо патаннела на 60%, апусціўшыся да мінімуму 2003 года, адзначае агенцтва.
Шэраг трэйдараў пры гэтым паказалі на тое, што цана на нафту ўпала настолькі моцна, што частка гульцоў пачала купляць паліва, каб сфармаваць запас у надзеі на будучы рост, піша Bloomberg. Іншыя трэйдары мяркуюць, што цэны працягнуць зніжацца да ўзроўню, пры якім вытворцы перастануць атрымліваць прыбытак, што вымусіць іх спыніць здабычу і спыніць пастаўкі. Мінімальнай адзнакай частка трэйдараў лічыць кошт вытворчасці амерыканскай сланцавай нафты.
Каментары