Джон Коўл згадваў раней, што Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэч з ім цікавіўся амерыканскімі лекамі для пахудзення. Выглядае, яны рэальна спрацавалі.

Паўнату Аляксандра Лукашэнкі апошнія гады часта абмяркоўвалі. Гэтыя размовы ён не мог не заўважаць.
Калі падчас штогадовага паслання ў 2023 годзе Лукашэнка каментаваў сваё рашэнне абмежаваць цэны, то згадаў, як яго крытыкавалі, што не будзе чаго есці.
«Хто пахудзеў? На мяне паглядзіце — убачыце», — звяртаўся грузны палітык да прысутных.
А калі тыя пачалі апладзіраваць, адрэагаваў: «А чаго вы апладзіруеце? Што я не худзею? Я займуся гэтым».





Змены ў знешнім выглядзе Лукашэнкі пачалі заўважаць некалькі месяцаў таму — са снежня 2025 года.


Падчас праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл у лютым было бачна па фота, што вайсковая куртка на Лукашэнку боўтаецца.




Адметна, што спецпрадстаўнік Трампа Джон Коўл расказваў, як Лукашэнка падчас сустрэч з ім цікавіўся амерыканскімі лекамі для пахудзення. Упершыню гаворка зайшла падчас візіту Коўла ў красавіку 2025-га. Коўл расказваў Лукашэнку, як скінуў вагу, выкарыстоўваючы ін'екцыі Zepbound. І амерыканскія чыноўнікі вырашылі вывучыць магчымасць арганізацыі паставак Zepbound для асабістых патрэб палітыка, пісала The Wall Street Journal.
Лукашэнка, відаць, разумеючы, што яго пахудзенне будзе заўважанае, у студзені заявіў, што імкнецца скінуць вагу і таму выключыў з рацыёну шакалад і рагачоўскую згушчонку, а па вечарах адмовіўся ад каўбасы і наогул на ноч не есць.
Каментары
А што калі аднойчы не Zepbound прыедзе, а нешта больш бадзёрае?