Меркаванні6666

Калеснікава: Я ніколі не кажу пра ваенныя санкцыі. Але існуе спартыўны трэк, памежныя пытанні, медыцына — усё што заўгодна

У інтэрв'ю Радыё Свабода кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, былая палітзняволеная Марыя Калеснікава заклікала еўрапейскія краіны весці з кіраўніцтвам Беларусі перамовы, каб вызваліць палітвязняў і зменшыць узровень рэпрэсій і ўплыў Расіі.

Фота: Globsec

Падчас размовы, якая адбылася 22 мая на міжнароднай канферэнцыі па пытаннях бяспекі GLOBSEC у Празе, Калеснікава таксама патлумачыла, як турэмны досвед паўплываў на яе погляды.

У сваім выступленні на GLOBSEC вы сказалі, што Еўрасаюзу не варта ізаляваць Беларусь, а варта шукаць магчымыя крокі да супрацоўніцтва. Якія тры рэчы вы б прапанавалі Еўрасаюзу зрабіць у адносінах да Беларусі, калі б вас запрасілі як дарадцу?

— Ну вось глядзіце, тыдзень таму знялі санкцыі са спартсменаў. Чаму падчас зняцця санкцый з еўрапейскага боку не было прапаноў па гуманітарным трэку? Чаму не вызвалілі нейкую колькасць людзей ці хаця б не пачалі пра гэта размаўляць?

Вельмі простая прычына — такіх думак няма, такая стратэгія адсутнічае — спрабаваць, у тым ліку і ў такіх спартыўных перамовах, гаварыць пра вызваленне палітвязняў.

— Але ж ці Еўрасаюз гэтым займаўся? Гэта ж рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта.

— Правільна, але ўсё адно — гэта нейкая міжнародная супольнасць, якая ў тым ліку можа дапамагаць вызваляць людзей у Беларусі. І тады не будзе пытанняў, чаму спартсменам дазваляюць выступаць, а беларусы ўсё яшчэ сядзяць.

Бо я ніколі не кажу, напрыклад, пра «ваенныя» санкцыі. Я ўвогуле не згадваю пра гэта, але кажу, што існуюць нейкія механізмы, у тым ліку гэты трэк, нейкія сацыяльныя пытанні, памежныя пытанні, медыцына — усё што заўгодна. Існуе маса рэчаў, пра якія трэба казаць і якія можна выкарыстоўваць як інструменты дыпламатыі.

Праблема цяпер у тым, што гэтым ніхто не займаецца. Нашмат прасцей сказаць, што мы проста будзем ціснуць на рэжым і калісьці ён там зламаецца. Мы бачым, што прайшло 5 гадоў, нават больш, і санкцыі не працуюць так, як меркавалася.

Была гіпотэза, што яны будуць працаваць і ў Беларусі адбудзецца калапс. Калапсу не адбываецца, мы ўсе гэта бачым. Рэжым адчувае сябе вельмі моцным. Беларусы пакутуюць ад гэтых бясконцых рэпрэсій, якія не спыняюцца. Яны пакутуюць і ад таго, што не могуць нармальна наведваць Еўрасаюз, не могуць вучыцца, не могуць атрымліваць візы, не могуць увесь час падарожнічаць. Само перамяшчэнне ў Еўрасаюз — гэта вялікая праблема.

Вось гэтыя ўсе рэчы — гэта зусім абсурдная сітуацыя, калі мы, беларусы, якія ў 2020 годзе выходзілі за еўрапейскія каштоўнасці, за дэмакратыю, калі мы імкнуліся да свабоды, — цяпер тыя самыя беларусы пакутуюць ад таго, што іх Еўропа цалкам адрэзала і пакінула — мала таго што сам-насам з Лукашэнкам, дык яшчэ і сам-насам з Пуціным.

Бо адзіны чалавек, які радуецца прыняццю санкцый адносна Беларусі, — гэта Пуцін. Бо ён раскрывае свае абдымкі для Лукашэнкі, які не мае іншай альтэрнатывы.

— Я хацеў бы ўдакладніць. Вы ўжо сказалі, што не згадваеце «ваенныя» санкцыі. Але вялікая частка санкцый Еўрасаюза была ўведзена пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і звязана менавіта з саўдзелам рэжыму Лукашэнкі ў вайне, у тым ліку таму, што ён дапамагаў абыходзіць санкцыі супраць Расіі. Ці раілі б вы выкарыстоўваць і гэтыя санкцыі ў перамовах — казаць, што можна змякчыць таксама санкцыі, якія ўвялі пасля 2022 года «за вайну»?

— Я адкажу такім чынам: тое, што Пуцін дазволіў сабе ўрывацца ва Украіну праз Беларусь, — гэта плата за тое, што Пуцін падтрымаў Лукашэнку ў 2020 годзе, калі Лукашэнка прасіў яго аб дапамозе.

У жніўні 2020 года я пра гэта казала — што гэта вялікая праблема. І вось у 2022 годзе мы ўбачылі, якой стала плата за падтрымку Пуціна.

І цяпер важна зразумець, што мэтазгодна выкарыстоўваць як элемент дыпламатыі і перамоў, а што — не. Вядома ж, у Еўрасаюзе павінны быць нейкія рашэнні пра тое, зняць якія санкцыі яны гатовыя, а якія — не. Але найперш павінна быць яснае разуменне таго, што Беларусь — гэта не Расія, што для Беларусі трэба выкарыстоўваць асобную стратэгію, якой цяпер няма.

Важна разумець, што дээскалацыя цяперашняй сітуацыі ў Беларусі цалкам залежыць ад Еўрасаюза і што ён здольны на гэта паўплываць. Еўрасаюз можа паўплываць на тое, каб Беларусь заставалася максімальна нейтральнай краінай, у якой не будзе пуцінскай зброі і пуцінскіх расійскіх салдат.

— А вы думаеце, што гэта залежыць ад Лукашэнкі? Ці ён яшчэ мае магчымасць сказаць расіянам «не»?

— Справа нават не ў тым, што думаю я, а ў тым, што Еўрасаюз павінен у сваіх уласных інтарэсах уплываць на гэтую сітуацыю. І гэта таксама пытанне палітычнай волі. Гэта значыць, што або вы прымаеце рашэнні і нейкім чынам уплываеце на гэта, або вы аддаяце гэта на водкуп Пуціну і Трампу, якія цяпер знаходзяцца ў гэтым трэку.

Бо вельмі лёгка проста казаць, што Лукашэнка ніколі не выпусціць лідараў апазіцыі. Але вось адміністрацыя Трампа ўзяла і перастала так казаць, а пачала нешта рабіць. І 500 чалавек вызвалілі. Гэта лічбы, супраць якіх не паспрачаешся, і гэта факты, якія гавораць самі за сябе.

То бок не трэба казаць, што нешта немагчыма. Трэба проста браць і рабіць, спрабаваць гэта выправіць, спрабаваць знайсці новыя падыходы. У гэтым і ёсць галоўны прынцып дыпламатыі.

Бо адрэзаць, увесці санкцыі, забараніць — гэта прасцей за ўсё, ды і ніякай адказнасці за гэта потым няма. Але калі мы гаворым пра будучыню Еўропы, асабліва ў кантэксце бяспекі Еўропы, — без нейтральнай Беларусі гэта немагчыма.

Еўрасаюз сапраўды не хоча, каб у Беларусі знаходзіўся Пуцін і зброя Пуціна і каб межы Расіі раптам яшчэ павялічыліся. І Літва, і Латвія, і Польшча, і тым больш Украіна гэтага не хочуць. І гэта адзіны агульны інтарэс, які нас усіх аб’ядноўвае і за які мы павінны змагацца.

— З’явілася інфармацыя, што Дзяржаўны дэпартамент ЗША даслаў нефармальныя лісты ўрадам Літвы, Украіны і Польшчы з рэкамендацыяй зняць санкцыі на транзіт беларускага калію. Вы б падтрымалі такі крок?

— Я падтрымліваю вызваленне палітвязняў, я падтрымліваю зніжэнне ўзроўню рэпрэсій і іх спыненне. Я падтрымліваю зняцце ізаляцыі з Беларусі.

Калі еўрапейскія краіны, Амерыка лічаць, што гэта вартая цана, дык гэта іх рашэнне. Але я падтрымліваю ўсе рухі, якія дазволяць увасобіцца ў жыццё вось гэтым тром рэчам, якія я цяпер назвала.

— Я задаваў такое ж пытанне пра зняцце санкцый на транзіт калію Святлане Ціханоўскай. Яна кажа, што еўрапейцы гэтага не зробяць і што яна супраць такога кроку. У гэтым пытанні ў вас разыходжанне з офісам Ціханоўскай. Ці маглі б вы сказаць, у чым вы згодныя з дзеяннямі офіса, а ў чым яшчэ ў вас тактычныя ці стратэгічныя разыходжанні?

— Па-першае, я лічу, што гэта вельмі добра, што ў нас ёсць розныя думкі. Бо гэта і ёсць дэмакратыя. І калі мы гатовыя прымаць думку іншага, нават калі яна нам не падабаецца, гэта значыць, што мы, беларусы, гатовыя да пабудовы дэмакратыі.

Я вельмі падтрымліваю тое, што Святлана ўсе гэтыя 5 гадоў трымае Беларусь у міжнародным парадку дня. Тое, што на такіх форумах, як GLOBSEC ці Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, куды яна прыязджае ўжо шмат гадоў, гучыць пытанне Беларусі. Гэта вельмі важна, і ў гэтым плане, вядома ж, нічога, акрамя падзякі, у мяне быць не можа. Я цалкам паважаю яе працу.

Тое, што цяпер у нас з’явіліся іншыя меркаванні, іншая стратэгія, — мне здаецца, гэта можа пайсці нам толькі на карысць, калі мы гэтым кампетэнтна скарыстаемся.

— Нядаўна адбыліся выбары ў Каардынацыйную раду, на якіх прагаласавалі крыху больш за 2 тысячы чалавек. Вы не пайшлі на гэтыя выбары. Чаму такое рашэнне і чаму, на ваш погляд, так мала людзей прагаласавала?

— Мне здаецца, я маю права не пайсці хаця б таму, што прайшло толькі 5 месяцаў пасля майго вызвалення. Гэта дае мне права займацца нейкімі іншымі рэчамі.

Другое пытанне хутчэй да тых, хто ў Каардынацыйнай радзе. Пытанне да таго, што яны робяць, як яны прадстаўляюць інтарэсы беларусаў. Але тут у мяне крытыкі няма.

— У дыскусіі на GLOBSEC вы сказалі, што некаторыя рэчы пасля вызвалення не такія, якімі былі раней. Што вас найбольш здзівіла пасля вызвалення — і ў беларускім кантэксце, і ў свеце?

— Узровень агрэсіі і нянавісці адно да аднаго. Мяне гэта вельмі здзівіла. Я часам чую такую рыторыку ў медыя і ў журналістаў — слова ў слова тое, што я чула 5 гадоў у турме ад міліцыі і адміністрацыі калоніі.

У 2020 годзе мы выступалі за свабодныя выбары, за мірныя перамены. Гэта тое, што нас аб’ядноўвала. Мы не змагаліся з рэжымам, хоць, магчыма, гэта цяпер гучыць дзіўна. Але для нас галоўным было, каб адбыліся сумленныя выбары. І мы аб’ядноўваліся за людзей, за інтарэсы. Мы не змагаліся з Лукашэнкам — мы прапаноўвалі новае бачанне і за гэтае бачанне мы змагаліся. Каштоўнасць чалавечага жыцця была для нас вельмі важнай.

І я думаю, што кожны чалавек, які сядзеў у турме, які ведае, што такое хаця б адзін дзень у турме, ён крыху па-іншаму ўсё ўспрымае.

То бок для мяне не існуе праблемы падзякаваць Лукашэнку, казаць пра тое, што трэба выпускаць людзей і пра гэта размаўляць. Бо я ведаю, што такое для кожнага чалавека, які знаходзіцца ў турме, адзін дзень.

Я не магу сабе ўявіць, што гэта значыць для жанчын, у якіх праблемы са здароўем, якім 70 плюс гадоў, і яны там знаходзяцца і ведаюць, што Еўропа закрыла межы і што няма надзеі на тое, што іх вызваляць.

Гэта вельмі сур’ёзныя пытанні, і я маю права пра гэта казаць, бо ведаю, што гэта такое. І мы павінны зрабіць усё, каб гэта спыніць.

Калі я чую нейкія размовы пра тое, што трэба яшчэ ўзмацняць санкцыі, яшчэ больш ціснуць на Лукашэнку — я вам шчыра скажу, вы спытайце ў любога зняволенага: калі ўводзіліся санкцыі, мы заўсёды пра гэта ведалі. Не з тэлевізара, а таму што адразу ўжываліся нейкія «меры павышанай увагі».

Мала хто пра гэтыя рэчы гаворыць, але я магу пра іх сказаць. І таму давайце ратаваць людзей. Давайце думаць пра беларусаў, а не пра тое, як кагосьці пераконваць з кімсьці не размаўляць.

Мой меседж, вядома ж, часта перакручваюць. Але я казала гэта неаднойчы, і гэта вельмі важна. Каштоўнасць чалавечага жыцця павінна быць перадусім. Гэта тое, што нас адрознівае ад Лукашэнкі і ад рэжыму. Калі мы пачынаем гаварыць словамі хэйту, нянавісці, агрэсіі, дык мы нічым не адрозніваемся ад дыктатараў, якія такімі ж словамі размаўляюць са сваім народам.

Мы павінны ратаваць людзей. Мы павінны рабіць усё магчымае, каб нас пачулі і каб людзі выйшлі на волю.

А калі казаць пра пазітыўныя рэчы, то я ўбачыла, як беларусы, вялікая колькасць якіх апынулася за мяжой, змаглі сябе рэалізаваць і ў Еўропе, і ў Амерыцы. Якая вялізная колькасць класных праектаў з’явілася. І я рэальна вельмі ганаруся беларусамі. Я вельмі ганаруся творчым патэнцыялам. Я вельмі ганаруся салідарнасцю — тым, як людзі адно аднаго падтрымліваюць. Вось гэта вельмі крута і гэта найлепшае, што ў нас ёсць.

І мне здаецца, што менавіта гэта нам трэба ўзаемна паляпшаць і падтрымліваць, а не сеяць нейкія звады і сваркі, не шукаць у чыіхсьці словах падводныя камяні і падвойныя сэнсы. Варта проста працаваць на агульную будучыню і падтрымліваць адно аднаго.

Каментары66

  • Дзе д
    26.05.2026
    "Мы не змагаліся з Лукашэнкам"
    Шта?!

    [Зрэдагавана]
  • Поцык
    26.05.2026
    То, что вы, Мария, хотите вытянуть из тюрьмы своих друзей, не делает ничего для прав человека в Беларуси. С вашей риторикой вы фактически работаете на Лукашенко и на других мерзавцев, захвативших власть в стране.
  • Сьвіслацкі жабец
    26.05.2026
    Спорт? Рэальна кагосьці хвалюе? Абсалютна лукашэнкаўскі наратыў

Цяпер чытаюць

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі1

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 34‑гадовы Антон Арцямёнак, складальнік слоўніка беларускіх футбольных тэрмінаў5

У Нью-Ёрку пара залезла на рэтрансляцыйную вежу хмарачоса дзеля заручын5

На Беларускай чыгунцы ўводзяць новы від цягнікоў2

УСУ нанеслі ўдар па Цэнтру касмічнай сувязі расійскай арміі пад Масквой2

Лукашэнка на некалькі гадзін заскочыць у М'янму і 2 ліпеня вылеціць у Беларусь3

«Рукамі не чапаць». Прадаўцы забараняюць беларусам адбіраць сабе лепшыя ягады ФОТАФАКТ7

У Дзяржынскім раёне на аўкцыёне прадаюцца руіны старога храма з абавязкам неадкладна звесці іх са свету9

У Расіі чакаюць мабілізацыю 1,2 мільёна мужчын увосень23

Расійская злачынная сетка атрымала амаль мільярд даляраў ад дзяржаўнай праграмы медстрахавання ЗША. Рогі і капыты ХХІ стагоддзя4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі1

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць