Найстарэйшае спартовае выданне Беларусі будзе выходзіць толькі раз на тыдзень
«Спартыўная панарама», якая да 1995 года звалася «Фізкультурнік Беларусі», а 1 чэрвеня адзначыла 75-годдзе, скарачае выхад з двух да аднаго разу на тыдзень. У фармаце штотыднёвіка яна будзе выходзіць з 1 ліпеня, піша «Позірк».

У другой палове 2021 года «Спартыўная панарама», заснавальнікам якой з’яўляецца Міністэрства спорту і турызму, паменшыла перыядычнасць выхаду з чатырох да двух разоў на тыдзень.
Цяпер яе наклад складае 1.328 асобнікаў, у сакавіку 2026 года быў ніжэй — 1.187 асобнікаў. За ўвесь час выйшла 14.098 нумароў.
«Спартыўная панарама» ўваходзіць у спіс выданняў, якія атрымліваюць дзяржаўную падтрымку. Аднак, паводле звестак «Позірку», газета знаходзіцца ў крызісе.
Год таму з двухразовага на аднаразовы выпуск перайшла газета «Прэсбол», якая выходзіць з 1991 года. Цяпер яе заснавальнікам з’яўляецца Беларуская федэрацыя футбола, якую з ліпеня мінулага года ўзначальвае былы шматгадовы начальнік галоўнага ўпраўлення фізічнай культуры і спорту Мінскага аблвыканкама Яўген Булойчык. Тыраж газеты 4.123 асобнікі.
Цяпер чытаюць
«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца
Каментары