Бізнэсмен Віктар Шаўцоў дабіваецца выключэння яго з санкцыйных спісаў
Вядомы беларускі бізнэсмен Віктар Шаўцоў, які цяпер жыве ў Венгрыі, зноў звярнуўся ў Суд Еўрапейскага саюза з патрабаваннем выключыць яго са спісу санкцый, піша выданне «Белорусы и рынок».

Яшчэ ў красавіку суд задаволіў папярэдні пазоў Віктара Шаўцова, аднак Рада ЕС незадоўга да гэтага падоўжыла санкцыі і пакінула прозвішча Шаўцова ў санкцыйным спісе. Таму ў маі быў пададзены новы пазоў, у якім сцвярджаецца, што Рада ЕС не выканала рашэнне суда.
Шаўцоў настойвае, што памылкова лічыцца чалавекам, які падтрымлівае беларускія ўлады як былы ганаровы консул Філіпін у Беларусі і прадстаўнік дзяржавы. Ён таксама адмаўляе сцвярджэнні пра сваю сувязь з банкам «Рашэнне», музейным комплексам «Дудуткі» і іншымі актывамі ў Беларусі.
У якасці доказаў да пазову прыкладзеныя дакументы аб спыненні яго паўнамоцтваў як ганаровага консула, афіцыйнае пацвярджэнне ўладаў Венесуэлы аб тым, што ён не ўдзельнічаў у дзяржаўных місіях Беларусі, а таксама натарыяльна засведчаныя дакументы, якія сведчаць пра адсутнасць у яго інтарэсаў у беларускай эканоміцы.
У пазове таксама адзначаецца, што Рада ЕС не падала новых падстаў для захавання санкцый. На думку Шаўцова, гэта неабгрунтавана абмяжоўвае яго маёмасныя правы, свабоду перамяшчэння як грамадзяніна Еўрасаюза, а таксама права на прыватнае і сямейнае жыццё. Акрамя таго, ён лічыць, што доказаў для ўключэння яго ў санкцыйны спіс было недастаткова, і просіць суд ускласці судовыя выдаткі на Раду ЕС.
Віктар Шаўцоў трапіў пад санкцыі Еўрапейскага саюза і Швейцарыі ў жніўні 2024 года. Гэта адбылося праз некалькі месяцаў пасля публікацыі расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтра, у якім сцвярджалася, што ён быў адным з галоўных атрымальнікаў прыбытку ад вытворчасці ахоўных галаграм у Беларусі. Іншае расследаванне звязвала бізнэсмена з кампаніяй, якая павінна была займацца вырабам пашпартоў «Новай Беларусі».
Журналісты таксама паведамлялі пра яго цесныя сувязі з беларускімі ўладамі. Паводле іх даных, у 2008—2013 гадах Шаўцоў неаднаразова ездзіў у замежныя паездкі разам з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі і асобамі з блізкага атачэння Аляксандра Лукашэнкі.
Шаўцова называюць пасярэднікам у супрацоўніцтве беларускай дзяржавы з аўтарытарнымі рэжымамі. Заснаваны ім у 1994 годзе «Інфабанк» абслугоўваў фінансавыя аперацыі з Іракам, Лівіяй і Іранам. Пазней Міністэрства фінансаў ЗША абвінаваціла банк у адмыванні грошай у інтарэсах рэжыму Садама Хусэйна. Пасля гэтага банк быў перайменаваны ў «Трастбанк», а звязаная з ім кампанія «Белзамежбуд» пры падтрымцы Віктара Шэймана рэалізоўвала буйныя праекты ў Венесуэле ў часы прэзідэнцтва Уга Чавеса.
Пасля ўвядзення санкцый у 2024 годзе Шаўцоў пачаў змяняць структуру ўласнасці свайго бізнесу ў Беларусі. У жніўні ў дакументах прадпрыемства «Тэхнахімтрэйд» з'явіўся новы ўласнік — Максім Лапікаў. Ён з'яўляецца даверанай асобай Шаўцова: з 2019 года кіруе музейным комплексам «Дудуткі», які належыць бізнэсмену, а раней працаваў там кіроўцам.
Швейцарыя дадала ў санкцыйны спіс 27 лукашыстаў
Стаў вядомы поўны спіс сілавікоў і прапагандыстаў, супраць якіх ЕС сёння абвясціў санкцыі
Літоўская дзяржбяспека расследуе пытанне магчымай сувязі кампаніі, звязанай з вырабам пашпартоў Новай Беларусі, з рэжымам Лукашэнкі
Кампанія, якая прапаноўвала свае паслугі друку «пашпарта Новай Беларусі», звязаная з бізнэсоўцам, набліжаным да Лукашэнкі
Каментары