Грамадства

Дзяніса Івашына вярнулі з турмы ў магілёўскую калонію №15

Да гэтага журналіста, асуджанага да 13‑гадовага зняволення, тры гады трымалі ва ўмовах строгага рэжыму ў турме ў Жодзіне. Па вяртанні ў ПК-15 сваякам Дзяніса Івашына даслалі афіцыйнае паведамленне пра яго магчымае ўмоўна-датэрміновае вызваленне — пасля 13 лютага 2030 года, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Дзяніс Івашын

Сваякі ўжо атрымалі першыя лісты з калоніі. З ліста да маці ад 18 чэрвеня вынікае, што на той момант Дзяніс знаходзіўся ў каранціне, паведаміла ў Facebook жонка журналіста Вольга Івашына. Яшчэ праз некалькі дзён паштоўка ад мужа дайшла і да яе.

Вольга адзначае, што яе непакоіць фраза пра тое, што ён пакуль не займаецца фізкультурай і «захоўвае сябе ў ашчадным рэжыме».

Паводле яе, перавод назад у магілёўскую калонію, куды Дзяніса першапачаткова накіравалі адбываць прысуд, наўрад ці можна расцэньваць як палёгку ў параўнанні з турмой, дзе журналіст адбыў мінулыя тры гады.

«Магілёўская «пятнашка» для Дзяніса насамрэч горшая за турму ў Жодзіне. Паводле загадаў кіраўніцтва ПК-15 яго там збівалі, а потым ізалявалі ад іншых вязняў у ШІЗА, каб ніхто не бачыў ягоныя сінякі. Бліжэй да пераводу ў турму яго кідалі ў ШІЗА (штрафны ізалятар. — Рэд.) і ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — Рэд.) практычна бесперапынна. Здзекваліся з яго за тое, што размаўляў і пісаў лісты па-беларуску, лісты знішчалі, забаранялі тэлефонныя званкі, прадуктовыя пасылкі, спатканні з бацькамі. І ўсё гэта за некалькі месяцаў у калоніі — ён і паўгода, здаецца, там не паспеў прабыць», — распавяла Вольга Івашына.

Са слоў Вольгі, маці журналіста днямі атрымала ад адміністрацыі калоніі афіцыйны ліст пра тое, што зняволены Дзяніс Івашын прыбыў туды 18 чэрвеня 2026 года, і што пасля 13 лютага 2030 года ён будзе мець права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Але для гэтага ён мусіць сваімі паводзінамі «даказаць уласнае выпраўленне».

Апроч гэтага ў лісце за подпісам начальніка спецаддзела калоніі з прозвішчам Масцепаненка паведамляецца, што пасля 9 студзеня 2029 года Дзяніс Івашын можа прэтэндаваць на замену пакарання на больш мяккае. Для гэтага таксама неабходна давесці адміністрацыі калоніі, што ён «цвёрда стаў на шлях выпраўлення». Абавязковым таксама з’яўляецца пісьмовае абяцанне «правапаслухмяных паводзін», адсутнасць спагнанняў, сумленнае стаўленне да працы і максімальнае кампенсацыя «шкоды, нанесенай злачынствам».

У сувязі з апошнім сваякам прапанавана дапамагчы кампенсаваць гэтую шкоду і «аказаць станоўчы ўплыў» на зняволенага. Паводле слоў жонкі журналіста, матэрыяльная шкода, вызначаная судом, даўно пагашаная.

«Мы спадзяваліся, што Дзяніса могуць абмяняць на нейкіх ваеннапалонных ці шпіёнаў, таму вырашылі аплаціць усё, каб гэта было ў парадку. І каб адміністрацыя калоніі не мела дадатковых рычагоў ціску на Дзяніса. Што да паведамлення з калоніі, то гэта стандартная пісулька, такую рассылаюць усім. Там, да прыкладу, указаныя нормы для вязняў па колькасці пасылак, перадач, спатканняў і гэтак далей. Але, напрыклад, у першае перабыванне Дзяніса ў ПК-15 яму адразу скарацілі атаварку да адной базавай велічыні, хаця ўзмоцнены рэжым дазваляе дзве базавыя велічыні. Насамрэч ўсё вырашаецца адміністрацыяй», — кажа Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын — карэспандэнт беларускай незалежнай газеты «Новы Час», рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай расследавальніцкай супольнасці InformNapalm. Журналіст вядомы сваімі расследаваннямі пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў мемарыяльным урочышчы Курапаты пад Мінскам.

Дзяніс Івашын быў затрыманы 12 сакавіка 2021 года ў Гродне і асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц зняволення за нібыта «здраду дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) і «незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці» (арт. 179 КК). Агулам Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за 5 гадоў.

Каментары

Цяпер чытаюць

У 2021 годзе выпускніца адмовілася паціснуць руку Гігіну на ўручэнні дыплома. Цяпер БДУ не хоча яго пацвярджаць19

У 2021 годзе выпускніца адмовілася паціснуць руку Гігіну на ўручэнні дыплома. Цяпер БДУ не хоча яго пацвярджаць

Усе навіны →
Усе навіны

Першая мегасенсацыя на чэмпіянаце: Германія вылецела ўжо ў 1/16 ад сціплага Парагвая6

У Манака адбыўся моцны выбух з пацярпелымі. Паведамляюць пра замах на ўкраінскага буйнога бізнэсмена7

Мара каля возера Нарач. Як сям'я з Мінска ператварае стогадовую хату ў аграсядзібу3

Стала вядома, што ў карціну Рэмбранта XVII стагоддзя нехта ўносіў змены1

«Усё адно што зуб мудрасці выдаліць». Беларус расказаў, як зрабіў вазэктамію ў Польшчы12

Стала вядома, што і чаму зносяць у мінскай Асмалоўцы2

Еўрасаюз уводзіць мыты на недарагія пасылкі з Кітая6

Зборная Бразіліі здабыла валявую перамогу над Японіяй і выйшла ў 1/8 фіналу мундыялю5

УСУ нанеслі паспяховыя ўдары па трох мастах на Данбасе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У 2021 годзе выпускніца адмовілася паціснуць руку Гігіну на ўручэнні дыплома. Цяпер БДУ не хоча яго пацвярджаць19

У 2021 годзе выпускніца адмовілася паціснуць руку Гігіну на ўручэнні дыплома. Цяпер БДУ не хоча яго пацвярджаць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць