Кіраўнік польскай разведкі назваў ключавую ўмову для паляпшэння адносін з Мінскам
Польскія і беларускія спецслужбы маюць наладжаныя каналы сувязі. Пра гэта ў інтэрв'ю Rzeczpospolita паведаміў палкоўнік Павел Шота, кіраўнік Агенцтва разведкі Польшчы, піша Reform.news.

«Агенцтва разведкі адыграла ключавую ролю ў вызваленні Анджэя Пачобута. У гэтым вырашальнае значэнне мела міжнароднае супрацоўніцтва, у тым ліку з саюзнікамі. Падзяка Анджэя Пачобута стала для нашых афіцэраў надзвычай каштоўнай. Дадам, што цяпер у нас наладжаныя выразныя каналы сувязі з беларускімі спецслужбамі», — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра ролю разведкі ў вызваленні Пачобута.
Шота падкрэсліў, што Варшава падтрымлівае кантакты з Мінскам самастойна.
«Мы падтрымліваем іх самі. Наш намер — абмяркоўваць з беларускім бокам усе пытанні, якія могуць спрыяць умацаванню нашай бяспекі. Унікальная роля разведкі заключаецца ў стварэнні надзейных каналаў сувязі там, дзе дыпламатыя немагчымая або ўскладненая. Выкарыстоўваючы каналы спецслужбаў, лепш сустракацца з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі, абмяркоўваць пытанні і атрымліваць карысць для Польшчы, чым бяздзейна назіраць, як Расія «паглынае» Беларусь», — адзначыў ён.
Варта адзначыць, што Шота фактычна пацвердзіў словы кіраўніка беларускага КДБ Івана Церцеля. У снежні мінулага года Церцель заяўляў, што з Польшчай вядзецца дыялог, і выказваў упэўненасць, што ён прынясе вынік.
Кіраўнік Агенцтва разведкі таксама паведаміў, што цяпер ключавым элементам дыялогу з Мінскам з'яўляецца выдача падазраванага ў забойстве польскага салдата Матэвуша Сітэка.
«Гэта адзін з ключавых элементаў цяперашняга дыялогу з Мінскам. На маю думку, без прагрэсу ў гэтым пытанні будзе складана зрабіць наступныя крокі па паляпшэнні польска-беларускіх адносін», — сказаў ён.
Нядаўна польскія СМІ паведамлялі, што расследаванне гэтага забойства было прыпынена. У снежні мінулага года польскі бок накіроўваў Беларусі запыт аб выдачы падазраванага, аднак ён застаўся без адказу.
У інтэрв'ю Шота таксама выказаў упэўненасць, што польскія спецслужбы здольныя супрацьстаяць дзеянням беларускіх і расійскіх спецслужбаў. Пры гэтым расійскую разведку ён лічыць больш небяспечнай.
«Дзеянні расійскай разведкі ўяўляюць сабой дзяржаўны тэрарызм. Аднак у Агенцтве разведкі мы не ігнаруем пагрозы і з іншых напрамкаў», — сказаў ён.
Яшчэ адной тэмай інтэрв'ю, якая датычыла Беларусі, стала размяшчэнне комплексу «Арэшнік». Шота не даў прамога адказу на пытанне, ці быў ракетны комплекс ужо перамешчаны на тэрыторыю Беларусі.
«Мяне непакоіць імкненне Расіі падпарадкаваць сабе беларускія ўзброеныя сілы. Прыкладам гэтага з'яўляецца пагадненне аб сумесных гарантыях бяспекі, якое ставіць Расію ў прывілеяванае становішча. Той факт, што Расія выкарыстала тэрыторыю Беларусі на пачатку вайны ва Украіне, сведчыць пра тое, што Крэмль з'яўляецца дамінуючай сілай у гэтым партнёрстве. Таму сама падрыхтоўка інфраструктуры, пастаўка ўзбраенняў для носьбітаў ядзернай зброі і інфармацыйныя заявы пра яе размяшчэнне прымушаюць нас вельмі сур'ёзна ставіцца да гэтых пытанняў», — сказаў ён.
Каментары
Выглядае, што і гэтым за так прадалі ідэю, што трэба дапамагчы беднаму Лукашэнке адбіцца ад Пуціна. Сумна.
Даже Польша видит в хитразачесе договороспособного
Хотя типичный колабарант лукаzенко каких за столетия было куча в Беларуси