Гісторыя33

Злы жарт тапанімікі: у Магілёве ёсць скрыжаванне вуліц Лысенкі і Вавілава

Скрыжаванне вуліц Вавілава і Лысенкі ў Магілёве выглядае ці то як тапанімічная памылка, ці то як здзек. У гісторыі савецкай навукі гэтыя два прозвішчы звязаныя з найбуйнейшым канфліктам, які скончыўся фізічным знішчэннем выбітнага навукоўца прыхільнікамі ідэалагічна выверанай ілжэнавукі. Аднак насамрэч вуліцы названыя не ў іх гонар.

Скрыжаванне вуліц Вавілава і Лысенкі ў Магілёве. Фота: Яндэкс Карты

Абсурднае суседства заўважылі ў сацсетках. Гэтыя два прозвішчы — сімвал катастрафічных працэсаў у савецкай навуцы.

Мікалай Вавілаў быў сусветна вядомым вучоным-генетыкам, батанікам і географам. Ён стварыў першую ў свеце калекцыю насення культурных раслін для барацьбы з глабальным голадам і сфармуляваў закон гамалагічных шэрагаў.

Трафім Лысенка і Мікалай Вавілаў. Фота: Wikimedia Commons

Яго галоўным апанентам стаў Трафім Лысенка — савецкі аграном, які абвясціў класічную генетыку «буржуазнай ілжэнавукай». Лысенка абяцаў кіраўніцтву СССР дасягнуць хуткіх і нерэалістычных вынікаў у сельскай гаспадарцы, напрыклад, вырошчваць экзатычныя плады ў Сібіры, з дапамогай уласных псеўданавуковых метадаў.

Супрацьстаянне скончылася знішчэннем савецкай школы біялогіі. Па ілжывым абвінавачванні ў «шкодніцтве», інспіраваным прыхільнікамі Лысенкі, Мікалай Вавілаў быў арыштаваны НКУС у 1940 годзе. У 1943 годзе выбітны вучоны памёр ад знясілення ў саратаўскай турме. Тэорыі ж самога Лысенкі пазней былі афіцыйна абвергнутыя навуковай супольнасцю.

Скрыжаванне вуліц Вавілава і Лысенкі ў Магілёве. Фота: Openstreetmap

Таму існаванне вуліц, якія носяць іхнія прозвішчы, не проста ў адным горадзе, але ў адным раёне з узаемным скрыжаваннем, для абазнаных людзей выглядае кашчунствам над памяццю рэпрэсаванага навукоўца.

Гэты гістарычны казус узнік выключна дзякуючы савецкаму падыходу да наймення вуліц, калі вуліцы надавалася толькі прозвішча без імя, у асобных выпадках з ініцыяламі. Лічылася, што ўсе імёны савецкі грамадзянін і так будзе ведаць. Але паколькі тапаніміка ў СССР абслугоўвала неадкладныя ідэалагічныя патрэбы бальшавікоў, многія (калі не большасць) імёны былі ніяк не звязаныя з мясцовасцю, у якой з’яўляліся, і натуральна, ніхто з мясцовых не ведаў пра гэтых асоб, бо яны не фігуравалі нідзе ў жыцці людзей, акрамя як у школьных дакладах.

Такі камічны выпадак адбыўся з пецярбургскай бальшавічкай-рэвалюцыянеркай Аленай Стасавай, якая з Магілёвам ніяк не была звязаная, але ў гонар якой названая вуліца і два завулкі ў горадзе. Асоба была настолькі важнай і вядомай постаццю для горада, што ніхто нават не ведаў, што яна жанчына, вуліца і завулкі афіцыйна называліся «Стасава», а не «Стасавай», як калі б былі названыя ў гонар мужчыны з такім прозвішчам. Ніхто б не даведаўся пра гэты тапанімічны кур’ёз, калі б у апошнія гады вакол гэтай вуліцы не сталі будаваць буйны жылы раён — у 2020 годзе мясцовыя ўлады пацвердзілі, што вуліца Стасава названая ў гонар Стасавай, але змяняць назву не сталі.

Падобная сітуацыя з-за адсутнасці імёнаў, якія б маглі ўдакладніць асобу, склалася і з вуліцамі Вавілава і Лысенкі.

Аляксандр Лысенка і Сяргей Вавілаў. Фота: s3-minsk.cloud.mts.by, Wikimedia Commons

Вуліца Лысенкі ў Магілёве названая насамрэч у гонар Аляксандра Акімавіча Лысенкі (1920—1944) — старшага лейтэнанта, намесніка камандзіра стралковага батальёна. Ён удзельнічаў у баях пад Сталінградам і на Курскай дузе. Асабліва вызначыўся пры фарсаванні Дняпра ў Камарынскім раёне ў кастрычніку 1943 года, калі яго батальён першым пераправіўся праз раку і за дзень адбіў дзевяць контратак праціўніка. Аляксандр Лысенка загінуў у студзені 1944 года пры вызваленні Калінкавічаў, дзе і пахаваны. За свае дзеянні ён быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Вуліца Вавілава сапраўды названая ў гонар выбітнага навукоўца, але не Мікалая, а яго малодшага брата — Сяргея Іванавіча Вавілава (1891—1951). Гэта савецкі фізік, заснавальнік навуковай школы фізічнай оптыкі ў СССР. Сяргей Вавілаў распрацаваў тэорыю люмінесцэнцыі, а пад яго кіраўніцтвам стваралася тэхналогія вытворчасці лямпаў дзённага святла. Разам з Паўлам Чаранковым ён адкрыў так званае выпраменьванне Чаранкова-Вавілава.

З 1945 года і да канца жыцця Сяргей Вавілаў займаў пасаду прэзідэнта Акадэміі навук СССР. Таксама ён з'яўляўся першым старшынёй таварыства «Веды» і галоўным рэдактарам Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. З Беларуссю фізіка звязвае тое, што ў 1950 годзе ён быў абраны ганаровым акадэмікам АН БССР.

Такім чынам, у тапаніміцы Віленскага пасада ўшанаваная памяць пра героя вайны і выбітнага фізіка-оптыка — і ніхто з дваіх не мае аніякага дачынення да Магілёва. Супадзенне ж іх прозвішчаў з прозвішчамі ўдзельнікаў трагічнага канфлікту ў савецкай навуцы з'яўляецца выключна гістарычнай выпадковасцю.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • .
    07.07.2026
    На кадастравай мапе паказваецца "краткая информация" з рэестра вуліц і дарог пра дзеяча або падзею, ў гонар якіх далі назву.
    І зараз патрабаванне рэестра выкарыстоўваць у назвах менавіта імя з прозвішчам. Без выключэння пра гістарычныя назвы без імя. Так што фармальна створана парушэнне для старых савецкіх назваў.
  • няма імя
    07.07.2026
    "Мікалай Вавілаў быў сусветна вядомым вучоным-генетыкам, батанікам і географам."

    "З 1945 года і да канца жыцця Сяргей Вавілаў займаў пасаду прэзідэнта Акадэміі навук СССР. Таксама ён з'яўляўся першым старшынёй таварыства «Веды» і галоўным рэдактарам Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. З Беларуссю фізіка звязвае тое, што ў 1950 годзе ён быў абраны ганаровым акадэмікам АН БССР."
  • Простае рашэньне
    07.07.2026
    Заменіце ўсе савецкія назвы на беларускія. Савецкі Саюз памёр. Беларусь жыве.

Цяпер чытаюць

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Кіевам знайшлі цела жанчыны, якую расшуквалі за замах у Манака на ўкраінскага крымінальнага бізнэсмена8

Ціханоўская: Калі будуць свабодныя выбары, я ў іх удзельнічаць не буду. Але цяпер не час канкураваць45

Буданаў: Лукашэнка пачуў перасцярогі Украіны. Не бачу пагрозы наступу з боку Беларусі10

У Гродне прадаюць унікальную кватэру, якой мог бы пазайздросціць Карлсан12

«А што адбываецца?» Чэргі на беларуска-расійскай мяжы цяпер не толькі на асноўным пераходзе, а нават на глухой дарозе19

Шэдэўр Марка Шагала «Над горадам» упершыню прыедзе ў Беларусь2

Чым зоймуцца выпускнікі беларуска-кітайскай праграмы, якую скончыў Коля Лукашэнка3

У Шчучынскім раёне знайшлі пажылога грыбніка, які тры дні блукаў у лесе

Начны ракетны ўдар па Белгарадзе — атакавана прадпрыемства «Газпрама», у горадзе праблемы са святлом і вадой

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

Знік у СІЗА па справе аб падатках, а знайшоўся ў спісе «экстрэмістаў». Што вядома пра бізнэсмена з Жодзіна Сяргея Пако

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць