У ваколіцах Мінска ў савецкі час з'явілася нямала дзіцячых лагераў і санаторыяў. Праўда, не ўсе з іх паспелі папрацаваць. Напрыклад, у вёсцы Новае Поле шмат гадоў пустуе вялікі недабудаваны санаторый, які складаецца з двух карпусоў. Цяпер гэтую цагляную атмасферную нерухомасць выставілі на таргі, піша Realt.by.

Размяшчаюцца будынкі запланаванай, але так і няздзейсненай аздараўленчай установы непадалёк ад трасы на Гродна і МКАД-2. Ад Мінска да гэтых мясцін — каля 30 кіламетраў.
Будаўніцтва санаторыя (у склад якога ўваходзяць галоўны і спальны карпусы) спынілася яшчэ ў 1990‑х гадах з-за недахопу фінансавання. У нулявыя аб'ект упадабалі страйкбалісты і графіцісты. Цяпер жа комплекс знаходзіцца на балансе Гаранскага сельскага выканаўчага камітэта.

Плошча галоўнага будынка складае 6700 квадратаў. Сам будынак, калі глядзець на яго зверху, нагадвае трохпрамянёвую зорку. Планавалася, што тут будзе басейн, зона для СПА, медыцынскія кабінеты. Ступень будаўнічай гатоўнасці гэтага аб'екта складае 51%.
Спальны корпус — у тры разы меншы, ён займае 2100 квадратаў. Тут павінны былі размяшчацца нумары для адпачывальнікаў. На сённяшні дзень яго гатоўнасць складае 69%.

У прыдачу да санаторыя ідзе зямельны ўчастак плошчай каля 4 га з арэндай на 30 гадоў. Зямлю можна выкарыстоўваць для размяшчэння аб'ектаў санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, адпачынку, спорту і турызму. Дарэчы, мясціны побач з санаторыем — вельмі маляўнічыя. Тут ёсць і лес, і рака.
Набыць санаторый можна за 204 тысячы рублёў (каля 70 тысяч даляраў). Таргі пройдуць у электронным выглядзе і пры наяўнасці заяўнікаў адбудуцца 30 ліпеня.
Каментары