Свет22

Краіны Скандынавіі змяняюць курс у барацьбе з бандамі

Доўгі час Нарвегія, Швецыя і Данія былі вядомыя тым, што змагаліся са злачыннасцю праз прафілактыку і рэабілітацыю, а не праз больш жорсткія пакаранні. Аднак новае даследаванне паказвае: за апошнія 15 гадоў гэтыя краіны ўсё больш пераходзяць да палітыкі, у якой галоўны акцэнт робіцца на кантролі і пакаранні. Удзельнікаў бандаў усё часцей успрымаюць не як людзей, якім патрэбна дапамога, а як пагрозу для грамадства.

Паліцыя ля школы ў шведскім горадзе Эрэбру, дзе загінулі адзінаццаць чалавек, яшчэ пяць былі параненыя. 4 лютага 2025 года. Фота: Nils Petter Nilsson / Getty Images

Даследчыкі з Даніі і Швецыі прааналізавалі, як за апошнія пятнаццаць гадоў змянялася палітыка іх краін, а таксама Нарвегіі ў адносінах да бандаў. Як піша нарвежская інтэрнэт-газета пра навуку Forskning.no, аўтары вывучылі дзяржаўныя праграмныя дакументы і прыйшлі да высновы, што падыход паўночных краін прыкметна змяніўся.

Калі раней правапарушальнікаў пераважна разглядалі як людзей, чые паводзіны шмат у чым абумоўленыя сацыяльнымі праблемамі, то цяпер усё часцей іх успрымаюць як пагрозу для грамадскай бяспекі. Адпаведна мяняюцца і меры барацьбы са злачыннасцю — ад прафілактыкі да больш жорсткага кантролю і пакарання.

Першай на шлях перамен стала Данія, урад якой у 2009 годзе пасля некалькіх выпадкаў страляніны ў вялікіх гарадах прыняў першую праграму па барацьбе з бандамі. З таго часу быў прыняты шэраг новых мер, і крымінальны кодэкс паступова пастражэў.

Аўтары даследавання лічаць, што прычынай сталі не толькі ўзровень злачыннасці, але і змяненне палітычнай культуры, якая пачала аддаваць перавагу мерам кантролю.

У Швецыі пераход да больш жорсткай крымінальнай палітыкі пачаўся пасля 2019 года, калі ў краіне рэзка ўзрасла колькасць узброеных нападаў і выпадкаў ужывання агнястрэльнай зброі, звязаных з дзейнасцю банд.

З 2022 года шведскія ўлады яшчэ больш узмацнілі барацьбу з арганізаванай злачыннасцю і злачыннасцю сярод непаўналетніх. Сёння ў краіне нават абмяркоўваецца магчымасць панізіць узрост крымінальнай адказнасці, які цяпер складае 15 гадоў.

У Нарвегіі пераход да больш жорсткага падыходу адбываецца паступова. Калі да сярэдзіны 2010‑х гадоў асноўны акцэнт рабіўся на сацыяльнай падтрымцы і інтэграцыі, то ўрадавы даклад пра дзіцячую і падлеткавую злачыннасць, падрыхтаваны ў 2020 годзе, ужо звязваў яе перадусім з дзейнасцю банд і арганізаванай злачыннасцю. Хоць дакумент так і не быў разгледжаны парламентам, яго падыходы пазней выкарысталі пры распрацоўцы новых праграм па барацьбе з бандамі.

Ад дапамогі да кіравання рызыкамі

Аўтары даследавання адзначаюць, што змянілася не толькі заканадаўства, але і сама логіка барацьбы са злачыннасцю.

Калі раней галоўнай задачай было прадухіліць пападанне маладых людзей у крымінальнае асяроддзе праз працу з сем'ямі, школамі і мясцовымі супольнасцямі, то цяпер усё большую ролю адыгрываюць паліцэйскі кантроль, ацэнка рызык, назіранне і аператыўная інфармацыя.

У палітычных дакументах удзельнікі банд усё часцей апісваюцца не як людзі, якім патрэбная дапамога, а як пагроза грамадству.

Аўтары даследавання адзначаюць, што ўзмацненне жорсткасці крымінальнай палітыкі абвастрае яшчэ адну праблему — неабходнасць знайсці баланс паміж грамадскай бяспекай і правамі дзяцей і моладзі.

Хоць прынцып рэабілітацыі асуджаных у скандынаўскіх краінах фармальна не адменены, на практыцы магчымасцяў для яго рэалізацыі становіцца ўсё менш.

Турмы сутыкаюцца з недахопам супрацоўнікаў і іншых рэсурсаў, таму праграмы рэабілітацыі паступова скарачаюцца. Адначасова закрываюцца адкрытыя папраўчыя ўстановы, дзе вяртанне асуджаных да нармальнага жыцця было адным з галоўных прыярытэтаў.

Змяняецца і склад зняволеных. У турмах цяпер больш маладых мужчын, асуджаных за гвалтоўныя і сэксуальныя злачынствы. Яны адбываюць больш працяглыя тэрміны пакарання, а іх рэабілітацыя патрабуе іншых праграм і метадаў, чым тыя, што традыцыйна выкарыстоўваліся ў скандынаўскіх турмах.

Яшчэ адна важная выснова даследавання — банды ўсё радзей дзейнічаюць выключна ў межах адной краіны. Яны выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі, каб вербаваць дзяцей і падлеткаў, падтрымліваюць міжнародныя сувязі і дзейнічаюць у некалькіх краінах адначасова. 

Каментары2

  • Глінскі - Папялінскі
    07.07.2026
    Ліпа
  • Сід
    07.07.2026
    Паратунак - у новай эўрапейскай Рэканкісце!

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі20

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Айцішнік і былы палітвязень Віктар Куўшынаў прадае за 850 тысяч еўра дом у Партугаліі, які пабудаваў паўтара года таму ФОТЫ57

Аятала Хаменеі паабяцаў адпомсціць за бацьку і іншых ахвяр вайны5

Беларуса забілі ў Падмаскоўі за тое, што гучна хроп5

«Белпошта» ўводзіць плату за міжнародныя пераводы1

Як навукоўцы хочуць абараніць Зямлю ад сонечнай буры, здольнай вярнуць цывілізацыю ў каменны век3

У Мінску магутная залева2

Маласольныя агуркі: у чым іх карысць і навошта дадаваць у слоік лісце дуба і парэчак23

Найлепшыя серыялы года: абвешчаны намінанты прэміі «Эмі-2026»3

Вікінг супраць англасакса: Холанд і Кейн выводзяць Нарвегію і Англію на апошні бой4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі20

Раптоўна памёр сенатар Ліндсі Грэм, галоўны лабіст санкцый супраць Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць