Англійскі паўабаронца на мундыялі ўмудрыўся атрымаць жоўтую картку і сур'ёзную траўму, нават не выйшаўшы на поле
36‑гадовы паўабаронца зборнай Англіі Джордан Хендэрсан не зможа пры ўсім жаданні дапамагчы сваёй камандзе ў астатніх матчах чэмпіянату свету 2026 года. А ўсё таму, што дзень матча 1/8 фіналу з Мексікай быў яўна не ягоны.

Спачатку, знаходзячыся на лаўцы запасных, на 90+8 хвіліне матча Хендэрсан атрымаў жоўтую картку за спрэчкі з арбітрам. А ўжо пасля фінальнага свістка, які прагучаў неўзабаве, праблемы ветэрана англійскай зборнай сталі яшчэ больш сур'ёзнымі.
Англічане ў матчы з мексіканцамі перамаглі з лікам 3:2. Хендэрсан разам з усімі выбег на поле святкаваць перамогу, а пасля, калі каманда скіравалася вітаць сваіх заўзятараў, няўдала прызямліўся, пераскокваючы праз рэкламныя шчыты.
Футбалісту аказалі медыцынскую дапамогу проста на полі, пасля чаго вынеслі на насілках з кіслароднай маскай і даставілі ў бальніцу. Галоўны трэнер зборнай Англіі Томас Тухель пазней пацвердзіў, што паўабаронца не зможа працягнуць выступленне на турніры. Кажуць, што ў яго пералом запясця.
Хендэрсан у выніку застаўся ў Мехіка разам з прадстаўніком медыцынскага штаба і не вярнуўся з камандай на трэніровачную базу ў Канзас-Сіці.
Увогуле ж на гэтым чэмпіянаце свету за пяць матчаў ён правёў непасрэдна ў гульні усяго шэсць хвілін, выйшаўшы на замену ў матчы групавога этапу супраць Панамы.
Пасол Украіны па пытаннях Беларусі адказаў на дыскусію Вячоркі і крытыкаў Ціханоўскай: Ваша ўзаемная непрымальнасць адыгрывае вельмі неканструктыўную ролю
Каментары