«Стаміўся жыць у ЗША і працаваць на масонаў». Праўнук Брэжнева вярнуўся ў Расію і трапіў ва ўкраінскі палон падчас першага баявога задання
«Ведаеце, як на перадавой цяпер паміраюць? Цябе проста з'ядаюць. У цябе магілы няма. Сабакі цябе з'ядаюць ці кабаны».

Антон Мілаеў нарадзіўся ў Маскве ў 1980 годзе ў цыркавой дынастыі, заснавальнікам якой быў яго дзед — вядомы савецкі цыркавы артыст Яўген Мілаеў, першы зяць Леаніда Брэжнева.
Галіна Брэжнева не толькі выйшла за эквілібрыста, які быў на 19 гадоў старэйшы за яе, але і прыняла яго дзяцей-блізнят. Іх маці памерла пры родах. Нягледзячы на тое, што шлюб праз 10 гадоў распаўся, Галіна Брэжнева працягвала падтрымліваць адносіны з пасынкам Аляксандрам (бацькам Антона) і падчаркай Наталляй.
Бацькам Антона быў Аляксандр Мілаеў, а маці — цыркавая артыстка Ірына Кузняцова. Калі бацькі разышліся, Ірына з'ехала працаваць спачатку ў Партугалію, а пасля — у Італію. Сам Антон застаўся з бацькам.
Яшчэ школьнікам, у 1995 годзе, Антон разам з бацькам з'ехаў у ЗША. Раней ён расказваў, што праз пастаянныя рэпетыцыі і цыркавыя выступленні не мог належным чынам наведваць школу. У інтэрв'ю «Хачу жыць» мужчына расказвае, што ў ЗША працаваў на будоўлях, у таксі, браўся за любую працу, якая прыносіла даход.
Пражыўшы ў Злучаных Штатах, па словах мужчыны, 19 гадоў, ён вярнуўся ў Расію, бо «стаміўся там жыць, стаміўся працаваць на масонаў».
Мілаеў гаворыць у інтэрв'ю праекту «Хачу жыць», што пасля вяртання працаваў кіроўцам у сферы грузаперавозак, сцвярджае, што мае сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці «механік».
«Пры Савецкім Саюзе, хоць я тады быў яшчэ малым, мне жылося лепш, чым цяпер. Я ведаў, што мяне чакае заўтра. Былі перспектывы. Усё ж такі была краіна, а цяпер — бардак»,
— заўважае мужчына і пазней дадае:
«Вялікая Айчынная вайна згуртавала Савецкі Саюз». Аднак на пытанне, навошта расійскія вайскоўцы прыйшлі са зброяй да людзей, з якімі, паводле яго ж слоў, калісьці былі адным народам, ён адказаў: «Убачыць нацыстаў».
«І як, убачылі?»
«Не, не ўбачыў. Але гэта мы даведаліся толькі, калі ўжо патрапілі сюды (у палон — НН). Я думаю, каб памяняць меркаванне аб гэтай вайне, трэба кожнаму (расіяніну. — НН) быць тут», — даводзіць Мілаеў і прызнаецца, што сам патрапіў на вайну праз прыкладна мільён расійскіх рублёў доўгу. Гэта каля $13 тысяч.
Мужчына сцвярджае, што падпісаў кантракт у 2025 годзе ў Кастраме, бо меркаваў, што так будзе больш шанцаў служыць далей ад перадавой. Пасля трох тыдняў падрыхтоўкі ў Луганскай вобласці яго накіравалі ў Херсонскую вобласць у склад 1‑га батальёна 331‑га палка 98‑й паветрана-дэсантнай дывізіі, дзе ён праслужыў каля двух месяцаў.
Як згадвае Антон Мілаеў, яго падраздзяленне пераважна займалася будаўніцтвам умацаванняў і гаспадарчымі працамі. Падчас першага баявога задання ў красавіку 2026 года яго групе загадалі знайсці падземную паркоўку, але, паводле яго слоў, на месцы яе не аказалася. Тады ён разам з двума іншымі вайскоўцамі знайшоў невялікае ўкрыццё («куточак метр на метр»), дзе яны правялі амаль суткі.
Па словах Мілаева, амаль адразу іх пазіцыю выявілі ўкраінскія вайскоўцы, і пад ранак яны патрапілі пад удар артылерыі. Як сцвярджае Мілаеў, усяго ў той групе было восем чалавек, з якіх пасля абстрэлу выжылі чацвёра. Хто выжыў, разышліся ў розныя бакі, спрабуючы выбрацца. Сам Мілаеў рушыў у бок разбітага моста, але апынуўся пад назіраннем украінскіх дронаў і пад кулямётным агнём. Зразумеўшы, што магчымасці ўцячы няма, ён падняў рукі і здаўся ў палон.
«Страты вялікія. Я думаю, што з нашай брыгады, калі я там быў, заставалася чалавек 20. Там мясарубка, выжыць практычна немагчыма», —
даводзіць Мілаеў і заяўляе, што цяпер не лічыць грошы дастатковай прычынай для ўдзелу ў вайне. Паводле яго слоў, ён аддаў бы ўсе атрыманыя выплаты толькі дзеля таго, каб не апынуцца зноў ні на фронце, ні ў палоне.
Разважаючы пра будучыню, мужчына прызнаецца, што хацеў бы вярнуцца ў Расію, але разумее: пасля абмену яго, хутчэй за ўсё, зноў адправяць на фронт. Таму ён спадзяецца заставацца ў палоне да заканчэння вайны або змены сітуацыі. Галоўнай памылкай у сваім жыцці ён называе не палон, а само падпісанне кантракту.
«Ведаеце, як на перадавой цяпер паміраюць? Цябе проста з'ядаюць. У цябе магілы няма. Сабакі цябе з'ядаюць ці дзікі. (…) Усе добра разумеюць: калі ты памрэш, ты дадому не даедзеш. І твае косці не даедуць. Ці збяруць мех з усіх: дзесьці галава, дзесьці рука. Вось гэта прывязуць. Магіл няма, збіраць няма чаго. Лепш застацца жывым, чым загінуць на Херсоне, каб цябе нехта з'еў», — даводзіць Мілаеў.
Каментары
ярчайший образец скудоумия.