Меркаванні6767

Беларусь, Літва і Украіна – не вотчыны Маскоўскага патрыярхату

У гісторыі праваслаўя адгорнута новая старонка. Піша Анатоль Сідарэвіч.

1–2 верасня на Фанары ў Стамбуле адбылася Сінакса (гр. σύναξις (сінаксіс) — сход) прадстаяльнікаў самых старажытных праваслаўных цэркваў, месца і дату правядзення якой Усяленскі Патрыярх Варфаламей вызначыў яшчэ ў красавіку. Без перабольшання можна сказаць, што ў гісторыі праваслаўя адгорнута новая старонка.

Аднаўленне пентархіі

У эпоху першых сямі Усяленскіх Сабораў у Паўсюднай Царкве склалася пентархія — улада прадстаяльнікаў пяці цэркваў — Рымскай, Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай і Ерусалімскай. Пасля расколу 1054 г. найважнейшыя справы ў праваслаўі вырашалі прадстаяльнікі чатырох усходніх цэркваў.

З часам склалася так, што пятае месца заняла Маскоўская Праваслаўная Царква (сучасная РПЦ). Цяпер гэтай гістарычнай недарэчнасці пакладзены канец.

1–2 верасня 2011 г. у праваслаўі адноўлена пентархія. Пятае і сваё законнае месца паводле чыну і чэсці заняла Кіпрская Праваслаўная Царква, якая атрымала аўтакефалію яшчэ ў 431 г. — на ІІІ Усяленскім Саборы.

У працы Сінаксы, якая прайшла пад старшынствам Усяленскага Патрыярха Варфаламея, узялі ўдзел: Патрыярх і Папа Александрыйскі Феодар, Патрыярх Ерусалімскі Феафіл, галава Кіпрскай Царквы архіяпіскап Хрызастом і паўнамоцны прадстаўнік Патрыярха Антыяхійскага Ігнація.

Агулам кажучы,

пасля распаду камуністычнай сістэмы пазіцыі РПЦ у праваслаўным свеце слабеюць.
З некаторымі цэрквамі, у тым ліку з Канстанцінопальскай, у РПЦ складаныя адносіны.
Масква спрабавала ўплываць на Канстанцінопальскі Патрыярхат праз урад Турцыі, але якраз напярэдадні Сінаксы гэты ўрад вырашыў вярнуць Царкве колісь забраныя ў яе храмы і манастыры.
Масква вуснамі сваіх даволі высокапастаўленых прадстаўнікоў вінаваціла Патрыярха Варфаламея, што ён хоча стаць «праваслаўным Папам». Склікаўшы Сінаксу, Усяленскі Патрыярх даў дастойны адказ Маскве.

Не менш важна, што прадстаяльнікі пяці найстаражытнейшых цэркваў яшчэ раз пацвердзілі, што цэнтрам Праваслаўя з’яўляецца Фанар.

Пасланне міру

Агульнавядома, у якіх цяжкіх варунках даводзіцца жыць не толькі праваслаўным, але і ўсім хрысціянам Блізкага Усходу. Тут, дзе даволі часта ўчыняюць напады на цэрквы, збіваюць і забіваюць паслядоўнікаў Хрыста, вельмі важнае значэнне мае міжхрысціянская салідарнасць і мала месца застаецца для міжхрысціянскіх спрэчак і канфліктаў.

У адмысловым пасланні

прадстаяльнікі пяці цэркваў выказалі салідарнасць з тымі, каго дыскрымінуюць і ў адносінах да каго ўчыняюць гвалт і ганенні.
Яны заявілі, што патрабуюць абароны праваслаўных вернікаў з боку дзяржаваў. Адначасова яны заклікалі да інтэнсіфікацыі міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу з юдаізмам і ісламам. Сінакса заклікала палітычных і рэлігійных лідэраў Блізкага Усходу выпрацаваць прынцыпы і метады забеспячэння мірнага суіснавання вернікаў розных рэлігійных традыцый.

За вялікі Сабор

Апошні Усяленскі Сабор з удзелам усходніх цэркваў праводзіўся яшчэ ў І тысячагоддзі, і праваслаўю прост неабходна даць адказ на многія выклікі часу.
Паколькі склікаць Усяленскі Сабор без удзелу Рымскай Царквы немагчыма, вось ужо 50 гадоў ідзе падрыхтоўка Святога і Вялікага (Усеправаслаўнага) Сабору.

Паколькі на Саборы павінны быць разгледжаны і пытанні аб парадку надання цэрквам аўтакефаліі, а таксама аб дыптыху (груба сказаўшы, парадкавым нумары кожнай аўтакефальнай Царквы), РПЦ зрывае яго падрыхтоўку.

Сёлета ў лютым праходзіла сустрэча Міжправаслаўнай падрыхтоўчай камісіі. На сустрэчы дзве старадаўнія царквы — Грузінская і Кіпрская — узнялі пытанне аб узвядзенні іх на вышэйшыя месцы ў дыптыху (на шостае месца Грузінскай і на пятае — Кіпрскай). Свае заўвагі да дыптыху мелі таксама Польская і Албанская цэрквы.

Не здолеўшы адстаяць інтарэсы сваёй Патрыярхіі, прадстаўнікі РПЦ сарвалі працу падрыхтоўчай камісіі.

Як паведамляецца ў камунікаце саміту Пентархіі, прадстаяльнікі найстаражытнейшых цэркваў прапанавалі Усяленскаму Патрыярху Варфаламею склікаць Сабор Патрыярхаў і Прадстаяльнікаў аўтакефальных цэркваў дзеля хутчэйшага склікання Вялікага Сабору.

Саміт падтрымаў таксама прапанову Варфаламея аб скліканні ў недалёкай будучыні нарады рэлігійных дзеячаў Міжземнамор’я для прыняцця экалагічнай хартыі рэгіёна, а таксама для падтрымкі суіснавання розных рэлігій.

І наша Літва

У камунікаце саміту Пентархіі маецца і такі сказ: «Акрамя таго, зважаючы на апошнія падзеі, што мелі месца ў Праваслаўнай Царкве, Сінакса настойвае на неабходнасці для ўсіх праваслаўных цэркваў паважаць і сувора прытрымлівацца геаграфічных межаў сваіх юрысдыкцыяў у тым выглядзе, як яны вызначаны святымі канонамі і томасамі (граматамі. — Рэд.) пра стварэнне гэтых цэркваў».

Назіральнкі лічаць, што

гэта «каменчык» і ў бок РПЦ, якая пачынае сваю актыўнасць у Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і ўсяк перашкаджае станаўленню адзінай Праваслаўнай Царквы ва Украіне.

Як вядома, Маскоўская Патрыярхія была прызнана Усяленскім Патрыярхам у 1589 г. у межах тагачаснае Маскоўскае дзяржавы. У 1685 г. Масква фактычна, а ў наступным годзе (з «падачы» асманскага візіра) і юрыдычна «прыхапіла» Кіеўскую мітраполію. Аднак у 1924 годзе Усяленскі Патрыярх Грыгоры VII, надаючы аўтакефалію Польскай Праваслаўнай Царкве, у склад якой была ўлучана значная частка былой Кіеўскай мітраполіі, у тым ліку Заходняя Беларусь з Віленшчынай, у сваім томасе заявіў, што

«аддзяленне ад Нашага Пасаду Кіеўскай мітраполіі і залежных ад яе Праваслаўных Мітраполіяў Літвы (Вялікага Княства Літоўскага. — Рэд.) і Польшчы (Кароны Польскай. — Рэд.), а роўна далучэнне іх да святой Маскоўскай Царквы наступіла не паводле кананічных правілаў
, а таксама не было выканана ўсё тое, што было ўстаноўлена адносна поўнай царкоўнай аўтаноміі Кіеўскага мітрапаліта, які насіў тытул Экзарха Усяленскага Пасаду».

У 2005 г. адзін з ярархаў Канстанцінопальскай Царквы наўрост заявіў, што яна ніколі не прызнавала законнасці пераходу Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскай Царквы, а праз тры гады

Варфаламей назваў далучэнне Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскай Царквы анексіяй.

Тое, што Пентархія заклікала цэрквы прытрымлівацца геаграфічных межаў сваіх юрысдыкцый у тым выглядзе, як яны вызначаны канонамі і томасамі,

дае падставу спадзявацца, што раней ці пазней будзе заснавана аўтакефальная Праваслаўная Царква ва Украіне і што перастане быць экзархатам Маскоўскай Царквы Праваслаўная Царква ў Беларусі.

Каментары67

Цяпер чытаюць

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі2

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі

Усе навіны →
Усе навіны

Кубракоў: Працоўныя мігранты ўжо размеркаваныя па прадпрыемствах8

Вось хто той хлопец, які паехаў на праполку бульбы і стаў героем сацсетак10

Памятаеце харызматычнага і жартаўлівага кіраўніка Мікалаеўскай вобласці? Ён можа стаць міністрам у новым урадзе Украіны3

Банк у Польшчы заблакаваў рахункі — а там іпатэка, і зберажэнні. Айцішнік-беларус баіцца страціць кватэру9

Навукоўцы знайшлі ў ДР Конга новы від малпаў. У іх ружова-аранжавыя вусны і чорная морда4

Зламаны аўтамабіль заехаў на эвакуатар, але яго туды падштурхнуў іншы легкавік1

Чаму не варта перастройвацца з паласы ў паласу, калі вы захраслі ў заторы? Тлумачаць матэматыкі2

Зяленскі прапанаваў новую пасаду былому міністру абароны, але той адмовіўся10

«Расія 1» назвала «справай гонару» забойства рэпера Kyivstoner2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі2

Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць