Да палітвязня на мінулым тыдні двойчы не дапусцілі адваката.
Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч знаходзіўся ў віцебскім СІЗА №2, куды яго перавезлі з Глыбокага. Там палітвязень мусіў чакаць этапу ў новую калонію. Але на сённня няма пэўнасці, ці выбыў ён на іншае месца адседкі, ці яшчэ не. Да яго двойчы не дапусцілі адваката. 12 верасня гэта патлумачылі тым, што ў СІЗА не паступілі дакументы аб уступленні прысуду ў сілу. 14 верасня адвакат зноў атрымаў адмову. Гэта стала падставай для звароту ў Глыбоцкі суд. І суддзя сама тэлефанавала ў СІЗА, дзе ёй паведамілі, што дакументы на месцы.
Нявеста Змітра Наста Палажанка не ведае, з чым можа быць звязаная такая ізаляцыя. Яна не выключае, што яго ўжо адправілі ў калонію. Па яе словах,
паколькі ў СІЗА пацвердзілі атрыманне дакументаў, гэта падстава для далейшага этапавання.
Папарэдняя сустрэча з адвакатам адбылася ў віцебскім СІЗА 5 верасня. Тады стала вядома, што за Змітром устанавілі кругласутачнае назіранне.
***
Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч разам з Эдуардам Лобавым быў затрыманы за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010. Іх абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Дашкевіча асудзілі да двух гадоў зняволення, Лобава — да чатырох.
28 жніўня 2012 Зміцер Дашкевіч быў паўторна асуджаны нібыта за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, і да ягонага тэрміну дадаўся яшчэ 1 год калоніі.
Каментары