Архіў

Адны стандарты і адна мараль

№ 41 (303), 1 лістапада 2002 г.

 

Адны стандарты і адна мараль

Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус 24 кастрычніка даслаў спачуваньні ў расейскую амбасаду ў Літве ды асудзіў тэрарызм. Літоўскія ж мэдыі ўжо на другі дзень тэракту ў Маскве казалі пра магчымасьць правакацыі з боку расейскай ФСБ і падавалі сьведчаньні чачэнскай дыяспары ў Літве ды афіцыйных прадстаўнікоў Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі.

Літва, як і ўся міжнародная супольнасьць, афіцыйна лічыць Чачэнію часткаю Расеі, але яна далучаецца да ўсіх спробаў мірнымі сродкамі вырашыць чачэнскі канфлікт. У літоўскім Сойме зарэгістраваная міжнародная група парлямэнцкіх сувязяў з Чачэніяй (12 дэпутатаў), у Літве як грамадзкая арганізацыя зарэгістраванае прадстаўніцтва ЧРІ. Старшынём рады прадстаўніцтва зьяўляецца грамадзянін Літвы Альгірдас Эндрукайціс, адзін з падпісантаў акту 11 сакавіка 1989 г. аб аднаўленьні незалежнасьці Літвы. Ён некалькі разоў публічна нагадваў, што прэзыдэнт А.Масхадаў заўсёды асуджаў тэрарызм і, пакуль няма канкрэтных доказаў, нельга змагароў за свабоду атаясамліваць з тэрарыстамі.

 

Інфармацыйная агенцыя ELTA, ледзьве зрабілася вядома пра захоп закладнікаў у Маскве, перадала заяву афіцыйнай прадстаўніцы ЧРІ ў Літве Амінат Саліевай пра тое, што тэрарыстычны акт ня быў санкцыянаваны ні ўладамі Чачэніі, ні вайсковым кіраўніцтвам: “Мы не прызнаём такіх сродкаў барацьбы, дадатковыя пакуты людзей ня могуць прынесьці нам палёгкі”. У гэтай заяве прагучала і тое, што “за акцыю ў Маскве адказныя ўлады Расеі, якія чацьверты год вядуць у Чачэніі каляніяльную вайну і вінаватыя ў генацыдзе” і што “ў Чачэніі штодня хапаюць закладнікаў — мірных жыхароў, зь іх зьдзекуюцца, іх забіваюць, а расейскі друк пра гэта маўчыць, грамадзтва ня хоча ведаць”. Заяву Амінат Саліевай перадрукавалі ўсе буйныя газэты. Літоўскія парлямэнтары — прыхільнікі чачэнскай незалежнасьці таксама заявілі, што нядаўні тэракт у Маскве абумоўлены несправядлівым і жорсткім характарам вайны, якую Расея вядзе супроць чачэнскага народу.

Зьявілася ў СМІ й меркаваньне палітоляга Марата Ільязава. Ён нагадаў, што год таму Аслан Масхадаў падпісаў закон, які забараняе любыя вайсковыя дзеяньні па-за межамі Чачэніі. Дагэтуль усе чачэнскія змагары падпарадкоўваліся гэтаму закону. Захоп закладнікаў у мястэчку Будзёнаўск на поўдні Расеі адбыўся ў 1995 г., да падпісаньня гэтага закону.

Сябра рады асацыяцыі “Літва—Ічкерыя” Імантас Міляніс мяркуе, што захоп закладнікаў “можа быць і пэўнай правакацыяй расейскіх спэцслужбаў, дзеля імкненьня давесьці сьвету, што чачэнцы не змагары за незалежнасьць, а бандыты і тэрарысты. На такую справу можна было знайсьці выканаўцаў і зь ліку асобаў чачэнскай нацыянальнасьці”.

Лідэр літоўскіх кансэрватараў Вітаўтас Ландсбергіс у сваім выступе на літоўскай тэлевізіі ды ў інтэрвію інфармацыйным агенцыям не казаў пра правакацыі, але нагадаў, што Літва мусіць трымацца адных стандартаў і аднае маралі ў ацэнцы такіх падзеяў і падтрымліваць незалежніцкія рухі, памятаючы ўласны досьвед змаганьня за свабоду. А 28 кастрычніка В.Ландсбергіс выехаў на Сусьветны чачэнскі кангрэс у Капэнгаген. Кіраўніцтва Сойму Літвы не ўхваліла ягонага ўдзелу афіцыйна: асьцярожнасьць не зашкодзіць. У гэтым кангрэсе бяруць удзел яшчэ два літоўскія палітыкі — былыя парлямэнтары Альгірдас Эндрукайціс ды Рытас Купчынскас.

У інтэрвію для тэлеканалу ТВ-3 пасол Расеі ў Літве Юры Зубакоў абурыўся: “Незразумела, чаму ўвогуле ў Літве існуе прадстаўніцтва Аслана Масхадава, спэцслужбы павінны высьветліць, што яно тут робіць. І калі яно насамрэч прэзэнтуе Масхадава, то гэта пагражае спакою ў Літве”. Гэтыя словы для газэты “Lietuvos zinios” пракамэнтавалі прадстаўнікі літоўскіх спэцслужбаў: “Ніякіх сувязяў з тэрарыстамі няма ні ў Масхадава, ні ў ягонага прадстаўніцтва ў Літве”.

На пытаньне журналістаў, ці магчымая забарона прадстаўніцтва ЧРІ ў Літве, урадоўцы адказалі, што гэтае пытаньне будзе разглядацца толькі пасьля афіцыйнага звароту пасольства Расеі. “На патрабаваньні Расеі трэба рэагаваць, бо праблема чачэнскага прадстаўніцтва можа стацца яшчэ вастрэйшай праз ускладненьні перамоваў з Расеяй наконт Калінінградзкага транзыту”, — заявіў адзін зь літоўскіх парлямэнтароў. Чачэнскае прадстаўніцтва выконвае ў Літве толькі інфармацыйную, асьветніцкую і гуманітарную місію. Ні гэтая дзейнасьць, ні абраная самой арганізацыяй назва не пярэчаць прынцыпам дэмакратычнай дзяржавы. Афіцыйная Літва мяркуе, што доказы датычнасьці А.Масхадава да тэракту ў Маскве мусяць быць пададзеныя ня толькі Расеяй, але й Эўразьвязам ды ЗША.

Чытачы на літоўскіх Інтэрнэт-старонках (на кожную навіну было па 300—400 водгукаў) пераважна схіляліся да меркаваньня, што чачэнцаў асуджаць ці высылаць цяпер нельга, бо гэта азначала б падпарадкавацца Расеі. Вось прыклады: “Расейскія праграмы прамываюць мазгі тым, хто ня мае сваёй думкі, таму і зьяўляюцца патрабаваньні “чачэнцы, go out”, “Літва ня супраць расейцаў і ня супраць чачэнцаў, проста хоча нармальна жыць і ня блытацца ў расейскую імпэрскую палітыку”.

Тацяна Поклад, Вільня


Каментары

Цяпер чытаюць

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны26

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка ў Гродне згадаў пра Ціханоўскую ва Украіне і расказаў пра цяжкую долю беларускіх дактароў на Захадзе28

Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю1

Загінуў калмыцкі Герой Расіі, які летась праславіўся, дакладваючы Пуціну пра поспехі13

«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу4

У акупаваным Севастопалі пачалі абмяжоўваць продаж прадуктаў у адны рукі5

Археолагі завяршылі сёлетнія раскопкі на Менцы. Што знайшлі?15

У Японіі на чатырох людзей напаў надзвычай кемлівы мядзведзь

Анулявалі вынікі на ЦТ школьнага выдатніка, які апублікаваў фотаздымкі тэставых заданняў9

У Гродне паставілі скульптуру аленя святога Губерта2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны26

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць