Клімат цяплее — кляшчоў более
Сёлета сезон актыўнасці кляшчоў пачаўся на месяц пазней, але ў Беларусі ўжо зарэгістравана каля 20 укусаў кляшчоў. Найбольшую актыўнасць насякомыя праяўляюць у паўднёвых рэгіёнах.
Такую інфармацыю паведамілі спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі «Кляшчавыя інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь і захады па іх прафілактыцы».
«У Беларусі налічваецца некалькі відаў кляшчоў, але толькі два пераносяць небяспечныя для чалавека захворванні — энцэфаліт і Лайм-барэліоз.Насамрэч, у Беларусі рэгіструецца нашмат менш выпадкаў захварэлых пасля ўкусаў кляшчоў, чым у краінах Балтыі, ЗША, Аўстрыі, Швейцарыі», — паведаміў урач-эпідэміолаг ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміалогіі і грамадскага здароўя» Андрэй Ведзянкоў.
Паводле экспертаў, летась было зафіксавана 1 096 выпадкаў захворваннняў на Лайм-барэліоз і 118 выпадкаў клешчавага энцэфаліту. У параўнанні з 2011 годам, захворванне ўзрасло на 2,6% і 11,3% адпаведна.
«Гэта адбылося на фоне агульнага прыросту папуляцыі кляшчоў на 37%. Прычынай таму стала анамальна ранняя вясна і позні надыход халоднага надвор’я.Сёлета праз познюю вясну мы чакаем спаду папуляцыі кляшчоў. У апошнія гады перыяд актыўнасці кляшчоў значна падоўжыўся: калі раней ён цягнуўся з красавіка па кастрычнік, зараз ён пачынаецца ў сакавіку, а заканчваецца ў лістападзе. Летась асобныя выпадкі ўкусаў кляшча рэгістравалі нават у снежні», — расказала энтамолаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкава.
«Добра апранайцеся і не рабіце прышчэпак»
Андрэй Ведзянкоў нагадаў, што з надыходам сезону актыўнасці кляшчоў неабходна прымаць адпаведныя захады для паніжэння рызыкі ўкусаў
«Па-першае, трэба шчыльна адзявацца і пакідаць як мага меней участкаў адкрытай скуры — кляшчы не кусаюць праз адзенне. Па-другое, абавязкова карыстайцеся рэпелентамі. Самы ж эфектыўны захад — самаагляд праз кожныя дзве-тры гадзіны», — нагадаў ён.
А вось прышчэпкі варта рабіць толькі тым, хто летам збіраецца ў Сібір і на Далёкі Усход. Такія прышчэпкі абавязкова рабіць супрацоўнікам, якія сезон актыўнасці кляшчоў выязджаюць у гэтыя рэгіёны — у параўнанні з Беларуссю кляшчы там пераносяць цяжкія формы захворванняў.
«У Беларусі сустракаюцца асобныя выпадкі летальнага выніку ад энцэфаліту і Лайм-барэліозу— калі хвароба ўскладняецца іншымі цяжкімі захворваннямі пацыента. На Далёкім Усходзе смяротнасць ад гэтых інфекцый дасягае 15%, інвалідызацыя — 30%. У Беларусі ж сустракаюцца толькі вострыя формы хваробаў, якія пераносяцца кляшчамі і ўсе яны добра вылечваюцца, а заражаны каля 30% кляшчоў. Таму не трэба моцна нагружаць сваю імунную сістэму комплексам прышчэпак супраць кляшчавых інфекцый», — паведаміў Ведзянкоў.
«Здыміце кляшча як мага хутчэй»
Калі вы ўсё ж знайшлі на сабе кляшча, трэба як мага хутчэй зняць яго: гэта значна паменшыць рызыку заражэння, нагадалі спецыялісты. Зняць кляшча можна з дапамогай пятлі са звычайнай ніткі ці пінцэтам. Таксама можна звярнуцца ў бліжэйшы траўмпункт.
Аднак тое, што кожны прынесены ў бальніцу клешч і кожны ўкушаны пацыент будзе абследаваны — гэта памылковая думка.Намеснік галоўнага ўрача інфекцыйнай бальніцы г. Мінска Алег Вельгін растлумачыў «Нашай Ніве», чаму аналізы назначаюць не кожнаму.
«Гэта эканамічна немэтазгодна, а таксама патрабуе шмат часу і чалавечых рэсурсаў. Рашэне аб накіраванні кляшча і крыві пацыента на аналіз прымае ўрач на аснове дадзеных пра колькасць захворванняў у мясцовасці, дзе адбыўся ўкус, часе знаходжання насякомых на пацыенце.
Такі алгарытм быў выпрацаваны ў ЗША, дзе актыўна даследавалі кляшчавыя інфекцыі. Пры гэтым аналіз крыві займае працяглы час, а чаканне можа наадварот нашкодзіць пацыенту. Таму звычайна пацыенту прызначаецца прафілактыка ў выглядзе прыёму дзвюх таблетак даксіцыкліну. Не падыходзіць такі метад толькі для дзяцей да 7 гадоў, цяжарным і кормячым маці, а таксама людзям з захворванням печані», — сказаў Вельгін.
Спецыяліст таксама нагадаў пра першыя праяўленні інфекцый, якія можна падчапіць ад кляшча.
«Пры Лайм-барэліозе ў 60% выпадкаў першы сімптом — пачырваненне скуры вакол месца ўкуса. Г.зн. чырвоныя плямы, якія ўзнікаюць пасля ўкусу. Энцэфаліт жа праяўляецца грыпападобнымі сімптомамі.
Калі вас укусіў клешч і вы заўважылі нейкае адхіленне здароўя ад нормы — неадкладна звярніцеся да доктара», — папярэдзіў ён.
А Святлана Яшкова нагадала, што таксама вельмі небяспечным з’яўляецца негатаванае казінае малако ад маладых жывёлаў. Летась праз яго энцэфалітам заразіліся 30 чалавек.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары