6 красавіка ў полацкім гарадзкім палацы культуры адбудзецца канцэрт‑конкурс «Ноч Ваўкалака» з удзелам гуртоў Indra, Kripa, «РоСтра», «Алмазны фронт», «Восьмы дзень», «Акропаль» і — Neuro Dubel.
Шмат вялікіх князёў, полацкіх уладароў увайшло ў сусьветную гісторыю. Адным зь іх быў Усяслаў Брачыслававіч, Усяслаў Чарадзей. Сучасьнікі верылі, што неба надзяліла Ўсяслава вечнай душой і магчымасьцю пераўтварацца ў сокала ці ў ваўка.
Гэтая легенда і натхніла арганізатараў «Ночы Ваўкалака» на такую назву — як яшчэ адну даніну павагі нашаму знакамітаму земляку. У праграму «Ночы Ваўкалака» ўвойдзе конкурсная частка, выступы гасьцей фэстывалю і вялікі канцэрт хэдлайнэраў. У конкурсе будуць змагацца маладыя выканаўцы з усёй краіны, якія сьпяваюць на беларускай мове.
У конкурснай праграмме прымуць удзел:
- «РоСтра» (Менск)
- «Алмазны фронт» (Віцебск)
- «Восьмыдзень» (Віцебск)
- «Акропаль» (Смалявічы)
- «Да!Бл…» (Нарач)
- «Denial of Life» (Наваполацак)
- «Пярэварацень» (Менск)
Па‑за конкурсам адыграе сэт полацкі гурт Indra (музыкі абяцаюць прэзэнтаваць на суд гледачоў цалкам новую праграму на вершы полацкай паэткі Леры Сом) і віцябляне Kripa. А пасьля таго, як кампэтэнтнае журы абярэ пераможцаў, перад палачанамі і гасьцямі выступяць сёлетнія рок‑каралі — легендарны беларускі гурт Neuro Dubel.

Каментары