23 лютага за «незаконнае» распіццё піва ў Мінску склалі 80 пратаколаў
23 лютага, у першы дзень прымянення паправак у КоАП, у Мінску за распіцце піва ў грамадскіх месцах было складзена 80 адміністрацыйных пратаколаў.Пра гэта паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.
Нагадаем, згодна з новай рэдакцыяй артыкула 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць за распіцце слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскіх месцах. Такімі прынята лічыць вуліцу, стадыён, сквер, парк, грамадскі транспарт ці іншыя грамадскія месцы, за выключэннем месцаў, прызначаных для спажывання алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва.
Паводле слоў Ластоўскага, найбольшая колькасць пратаколаў была складзена ў Маскоўскім (21), Савецкім (15), Партызанскім (10) і Цэнтральным (9) раёнах, найменшая — у Ленінскім (2), Першамайскім (3), Заводскім, Кастрычніцкім і Фрунзенскім (па 6). Два пратаколы склалі супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў па ахове метрапалітэна.
У ГУУС адзначаюць, што колькасць складзеных пратаколаў не адлюстроўвае рэальнай сітуацыі ў горадзе.
Справа ў тым, што ў першы дзень новаўвядзення міліцыянеры рабілі скідку на свята і недасведчанасць некаторых мінчан, таму абмяжоўваліся ў асноўным прафілактычнай гутаркай. А пратаколы складаліся ў дачыненні да грамадзян, якія акрамя таго, што распівалі піва, знаходзіліся яшчэ і ў стане моцнага алкагольнага ап’янення.
Каментары