Віцэ-губернатар Гомельшчыны пра інцыдэнт пад Бранскам: Перавозчыкі выбралі небяспечны маршрут практычна ў прыфрантавой зоне
Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў зрабіў каментар для дзяржаўнага тэлебачання, якім частку віны за здарэнне ўсклаў на беларускіх перавозчыкаў.

«Для ажыццяўлення паездкі быў укладзены дагавор з недзяржаўнымі перавозчыкамі ІП «Ічуб», зарэгістраваным у Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах. Ажыццяўлялася перавозка грамадзян колькасцю 88 чалавек па маршруце Рэчыца — Геленджык.
Пры гэтым хацелася б заўважыць, што перавозчыкамі быў выбраны небяспечны маршрут практычна ў прыфрантавой зоне», — адзначыў чыноўнік.
Паводле расійскай версіі, агучанай 17 чэрвеня кіраўніцтвам Бранскай вобласці, аўтобус з беларускімі дзецьмі нібыта быў атакаваны ўкраінскім беспілотнікам. Пры гэтым загінула адна жанчына і ёсць яшчэ восем пацярпелых, у тым ліку шэсць дзяцей.
Беларускае Міністэрства замежных спраў асудзіла здарэнне і назвала яго тэрарыстычным актам, запатрабаваўшы тлумачэнняў ад украінскага боку.
У сваю чаргу Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны і Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны зняпраўдзілі інфармацыю пра ўдар. Паводле іх сцвярджэнняў, у названы час украінскія вайскоўцы наогул не выкарыстоўвалі беспілотнікі для атак на тэрыторыі Бранскай вобласці.
Каментары
Часцей на Гомельшчыне рабіце выстаўкі "херояў сва" як вы гэта любіце.