Беларуска не можа выехаць з Польшчы праз рэдкі спосаб легалізацыі. Каб гэта выправіць, трэба мяняць закон
Беларуска, якая жыве ў Польшчы, апынулася ў прававой пастцы. Тэрмін дзеяння яе беларускага пашпарта скончыўся, вярнуцца на радзіму па новы яна не можа, а альтэрнатыва — польскі праязны дакумент замежніка — ёй выдадзены быць не можа. Чаму так склалася, піша Most.

Усё таму, што ў Польшчы жанчына легалізаваная даволі рэдкім для беларусаў спосабам — праз «карту побыту» як жонка грамадзяніна ЕС, але не грамадзяніна Польшчы. У выніку ў Польшчы жанчына знаходзіцца легальна, а вось выехаць за яе межы не можа. Вывучыўшы гэты выпадак, намеснік польскага амбудсмена па правах чалавека прапанаваў змяніць закон, каб ліквідаваць прагал у сістэме.
Польшча даволі лаяльна ставіцца да грамадзян Беларусі, у якіх скончыўся пашпарт. Паколькі па палітычных прычынах многія з іх не могуць вярнуцца на радзіму і аформіць новае пасведчанне асобы, для беларусаў прадугледжаны спрошчаны парадак атрымання польскага праязнога дакумента — часовай замены пашпарта. Для гэтага дастаткова мець ДНЖ (дазвол на жыхарства, у тым ліку часовы), выдадзены на любой падставе.
Адзначым, што пад ДНЖ у гэтым выпадку маюцца на ўвазе карты побыту: часовы побыт, сталы побыт, карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, а таксама карты, атрыманыя на падставе міжнароднай абароны. Гэтыя спосабы легалізацыі рэгламентаваныя законам аб замежніках. Як правіла, беларусы выкарыстоўваюць адзін з гэтых механізмаў.
Аднак у Польшчы ёсць асобны дакумент — карта побыту члена сям'і грамадзяніна ЕС. Яе выдача трапляе пад іншы закон — ад 14 ліпеня 2006 года, які рэгулюе знаходжанне ў Польшчы грамадзян іншых краін ЕС і членаў іх сем'яў. Напрыклад, беларуска, якая выйдзе замуж за грамадзяніна Францыі, які жыве ў Польшчы, зможа аформіць такую карту, калі ў яе няма грамадзянства ЕС і муж і жонка маюць намер жыць у Польшчы больш за тры месяцы.
У адрозненне ад звычайных для беларусаў карт побыту, карта побыту члена сям'і грамадзяніна ЕС не адносіцца да дакументаў, на падставе якіх можна атрымаць польскі праязны дакумент замежніка.
Нават польскія карані не дапамаглі
Беларуска, выпадак якой прыводзіць намеснік амбудсмена па правах чалавека Станіслаў Трацюк, сутыкнулася менавіта з гэтай супярэчнасцю. Па палітычных прычынах яна не можа атрымаць новы пашпарт у Беларусі, а польскі праязны дакумент ёй як жонцы грамадзяніна ЕС выдаваць не могуць.
У жанчыны польскія карані, дзякуючы якім яна атрымала карту паляка, але нават гэта не змяняе сітуацыю. Бо ў Польшчы яна легалізаваная не на падставе карты сталага побыту, якую атрымліваюць па каранях, а як жонка грамадзяніна ЕС, але не грамадзяніна Польшчы.
Атрымліваецца, у Польшчы жанчына знаходзіцца легальна, але без дзейнага праязнога дакумента выехаць за межы краіны не можа.
«Гэта прыводзіць да сістэмнага прагалу ў праве, наступствам якога з'яўляецца фактычнае «зняволенне» замежніка ў адным міграцыйным рэжыме без магчымасці скарыстацца інструментамі абароны, прадугледжанымі для грамадзян трэціх дзяржаў, і без магчымасці пакінуць тэрыторыю Польшчы, нягледзячы на наяўнасць статусу члена сям'і грамадзяніна ЕС», — піша Трацюк у лісце на імя міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марціна Кярвіньскага.
Ён адзначыў, што заканадаўца ўжо раней прызнаў выключнасць сітуацыі грамадзян Беларусі, дазволіўшы ім атрымліваць польскі праязны дакумент, калі адсутнічае магчымасць атрымаць пашпарт краіны паходжання. Таму незразумела, чаму гэтая абарона не распаўсюджваецца на грамадзян Беларусі, якія заключылі шлюб з грамадзянінам ЕС і легалізавалі сваё знаходжанне ў Польшчы як члены сям'і грамадзяніна ЕС.
Што можна зрабіць
Трацюк адзначае, што прагал, які ўтварыўся ў сістэме, можа парушаць права на павагу да прыватнага і сямейнага жыцця, прынцып даверу грамадзян і замежнікаў да дзяржавы і ўводзіць «неабгрунтаваныя адрозненні ў становішчы замежнікаў у залежнасці ад фармальнага міграцыйнага рэжыму».
«Адсутнасць любога праязнога дакумента робіць немагчымым нармальнае функцыянаванне ў прававым абароце, стварае цяжкасці для сямейнага жыцця, а ў крайніх выпадках можа прывесці да стану фактычнай адсутнасці грамадзянства (апатрыдызму)», — лічыць Трацюк.
У сувязі з гэтым намеснік амбудсмена папрасіў міністра Марціна Кярвіньскага разгледзець магчымасць выставіць заканадаўчую ініцыятыву, якая дазволіла б атрымліваць польскі праязны дакумент на падставе карты побыту члена сям'і грамадзяніна ЕС. Або ж прадугледзець магчымасць для змены ў асаблівых выпадках міграцыйнага рэжыму, то-бок легалізацыі на аснове картаў побыту, пералічаных у законе аб замежніках. Да такіх асаблівых выпадкаў можа адносіцца пастаянная немагчымасць карыстацца консульскай абаронай дзяржавы паходжання.
Не першы выпадак
Хоць сітуацыя, у якой апынулася беларуска, даволі рэдкая, яе нельга назваць выключнай. У студзені ўжо была гаворка пра падобны кейс. Некалькі гадоў таму Марына (імёны змененыя) эмігравала з Беларусі ў Літву. Там дзяўчына пазнаёмілася з Вітаўтасам, грамадзянінам гэтай краіны, і выйшла за яго замуж. Потым яны пераехалі ў Польшчу, дзе Марына атрымала карту побыту на пяць гадоў як жонка грамадзяніна ЕС.
У 2027 годзе заканчваецца тэрмін дзеяння беларускага пашпарта Марыны, а вярнуцца ў Беларусь па новы яна не можа праз рызыку пераследу. Сям'я стала задумвацца, што рабіць далей. І таксама сутыкнулася з тым, што карта побыту ў пераліку дакументаў, якія даюць права на польскі праязны дакумент, не згаданая.
«Юрысты павіншавалі мяне з атрыманнем карты і сказалі ісці рабіць нармальны ДНЖ», — расказала Марына.
Яна планавала атрымаць у Польшчы працоўны ДНЖ, а потым ужо з ім — праязны дакумент замежніка. Але сумнявалася, як будуць спалучацца два розныя міграцыйныя статусы.
«Біце ў сэрцы іх, біце мячамі». Як беларуская «Пагоня» правяла першы сезон у польскай футбольнай лізе
Беларусы з Польшчы пабылі рускімі ў фільме, які ўзяў прыз у Канах. Стужцы прарочаць намінацыю на «Оскар»
Naviband ужо год не могуць выехаць з Польшчы і двойчы пераносілі еўрапейскі тур
Сілавікі палохаюць, што атрымалі доступ да ўнутранай базы медыя «Мост». А што насамрэч?
Каментары
А вот это, мягко говоря НЕПРАВДА.
счет людей, которые месяцами ждут хоть каких-то документов уже идет не на десятки. я лично знаю как минимум пятерых. Тот же Навибэнд висит не один месяц без доков. Польша все хуже и хуже относится к легализации.
НН или не в курсе ситуации, или как один товарищ не желаете видеть. а он утверждает, что "нет кейсов".
ну-ну...
А братья маскалі ўвогуле здалі б у лукашэнкаву вязніцу.