У Бабруйску 73‑гадовы пенсіянер забіў 82‑гадовага пасля 25‑ці гадоў сяброўства
Следчы камітэт паведаміў падрабязнасці забойства 82‑гадовага жыхара Бабруйска, у якім абвінавачваецца ягоны 73‑гадовы знаёмы. Злачынства адбылося 10 лютага.

У той дзень 73‑гадовы пенсіянер пайшоў у краму па прадукты і выпадкова сустрэўся са сваім даўнім сябрам, з якім быў знаёмы больш за 25 гадоў. Старэйшы мужчына запрасіў яго да сябе дадому, каб адзначыць нядаўні дзень нараджэння. Па дарозе мужчыны купілі алкаголь і распачалі застолле ў кватэры.
У ходзе працэсу пенсіянеры ўспомнілі даўні канфлікт. Паміж імі ўзнікла сварка, якая перарасла ў бойку. Паводле матэрыялаў следства, госць схапіў кухонны нож і нанёс гаспадару шматлікія ўдары. Цела загінулага праз тры дні знайшла яго дачка.
Асобу падазраванага ўдалося ўстанавіць дзякуючы запісам камер відэаназірання. Падчас следства былі праведзеныя праверка паказанняў на месцы і некалькі следчых эксперыментаў.
Абвінавачаны цалкам прызнаў віну і даў падрабязныя паказанні. Раней ён не быў судзімы, а сваякі і суседзі характарызавалі яго станоўча.
Цяпер жыхар Бабруйска паўстане перад судом па абвінавачанні ў забойстве заведама састарэлага чалавека, учыненым з асаблівай жорсткасцю. Да пачатку судовага разгляду ён знаходзіцца пад вартай.
Каментары
У Беларусі забойства проста побач, без дай прычыны, ад даўняга сябра, сваяка, суседа.