Сотні тысяч людзей гнеўна адрэагавалі на заяву егіпецкага лідара.
Сотні тысяч людзей, якія патрабуюць неадкладнай адстаўкі прэзідэнта Хосні Мубарака на цэнтральнай плошчы Каіра, гнеўна адрэагавалі на заяву егіпецкага лідара, які паабяцаў не выстаўляць сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах у верасні гэтага года.
У тэлевізійным выступе ў аўторак увечары Мубарак заявіў, што мае намер заставацца на сваёй пасадзе да правядзення выбараў і забяспечыць правядзенне некалькіх кардынальных рэформаў, якія ўсталююць для кіраўніка дзяржавы максімальны тэрмін кіравання. Цяпер у егіпецкай канстытуцыі такой нормы няма.
«Я скажу дакладна: я дапрацую рэшту майго тэрміну ў адпаведнасці з паўнамоцтвамі, дадзенымі мне Канстытуцыяй, каб правесці неабходную падрыхтоўку і прыняць меры для мірнай перадачы ўлады», — сказаў Мубарак.
Мубарак таксама заявіў, што не мае намеру пакідаць Егіпет і пасля сваёй адстаўкі.
«Хосні Мубарак, які гаворыць з вамі сёння, ганарыцца тым, чаго здолеў дасягнуць за гады служэння Егіпту і яго народу, — сказаў прэзідэнт. — Гэта мая краіна. Тут я жыў, змагаўся і абараняў гэтую зямлю, яе незалежнасць і яе інтарэсы, і я памру на гэтай зямлі».
Аднак, як перадаюць карэспандэнты
Некаторыя з іх кажуць, што прэзідэнт павінен падаць у адстаўку да пятніцы, — у гэты дзень пратэстоўцы збіраюцца правесці дэманстрацыю ля прэзідэнцкага палаца.
«Мы не сыдзем, сыдзе ён!»— пачалі скандаваць некаторыя ўдзельнікі акцыі. «Гэты выступ цалкам бессэнсоўны, ён нас раззлаваў яшчэ больш», — сказаў адзін з дэманстрантаў. «Такія жарты больш не пройдуць, — згаджаецца іншы ўдзельнік акцыі. — Калі егіпцяне застануцца на вуліцах да пятніцы, Мубарак, хутчэй за ўсё, пагодзіцца сысці неадкладна».
Абама: «Неадкладныя перамены»
Як перадае тэлекампанія CNN, адзін з лідараў апазіцыі — былы кіраўнік МАГАТЭ і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Махамед Барадэі — назваў заяву Мубарака «фокусам», скіраваным на тое, каб застацца ва ўладзе.
На плошчы Тахрыр начуюць тысячы людзей, некаторыя з іх паставілі намёты.
Зрэшты, некаторыя жыхары Егіпта лічаць, што заява Мубарака — гэта найбольш разумны ўчынак у сітуацыі, якая склалася.
Праз некалькі гадзін пасля выступу Мубарака падзеі ў Егіпце пракаментаваў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Ён заявіў, што выступае за мірную перадачу ўлады ў краіне, і ўхваліў пазіцыю егіпецкай арміі, якая адмовілася ўмешвацца ў падзеі і забяспечыла ўмовы для бяспечных масавых выступаў.
Пры гэтым амерыканскі лідар даў зразумець, што паўмерамі Мубарака не абысціся, і паведаміў, што гаварыў пра гэта з прэзідэнтам Егіпта.
«Іншыя краіны не могуць вырашаць, хто павінен узначаліць Егіпет. Гэта можа зрабіць толькі егіпецкі народ,— заявіў Абама. — Але зразумела адно — і я сказаў пра гэта сёння вечарам прэзідэнту Мубараку: на маю думку, арганізаваныя перамены павінныя быць значнымі, мірнымі і павінныя пачацца неадкладна».
Ужо тыдзень у Каіры, Александрыі, Суэцы і іншых егіпецкіх гарадах праходзяць самыя маштабныя акцыі пратэсту ў найноўшай егіпецкай гісторыі. Дэманстранты патрабуюць адстаўкі Хосні Мубарака, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо 30 гадоў.
Праз каменданцкую гадзіну рух транспарту ўнутры Егіпта вельмі абмежаваны, і шматлікія дэманстранты проста не здолелі дабрацца да Каіра.
Акрамя таго, у краіне адключаны інтэрнэт і абмежаваная мабільная сувязь. Кампанія Google запусціла сістэму, якая дазваляе жыхарам Егіпта размяшчаць паведамленні на сайце мікраблогаў Twitter з дапамогай тэлефона, для чаго трэба набраць патрэбны міжнародны нумар і пакінуць галасавое паведамленне.
Пазіцыя арміі
У аўторак арганізатары абяцалі вывесці на вуліцы Каіра мільён чалавек. Нягледзячы на каменданцкую гадзіну, на плошчы Тахрыр у цэнтры сталіцы сабраліся сотні тысяч людзей.
Цяпер акцыя пратэсту праходзіць у атмасферы свята: дэманстранты спяваюць песні і скандуюць лозунгі.
Спачатку дэманстрацыі суправаджаліся жорсткім сутычкамі дэманстрантаў з паліцыяй, у выніку якіх загінула некалькі дзясяткаў чалавек. Аднак паліцыя спыніла спробы разагнаць дэманстрацыі, і на вуліцы егіпецкіх гарадоў увайшлі салдаты і вайсковая бронетэхніка.
У некаторых егіпецкіх гарадах пачалося марадзёрства, начамі жыхары Егіпта патрулююць свае раёны з зброяй, спрабуючы абараніць маёмасць ад рабаўнікоў. Многія краіны свету праводзяць эвакуацыю сваіх грамадзянаў з краіны, у тым ліку з папулярных курортных гарадоў.
У пачатку гэтага тыдня кіраўнікі егіпецкай арміі — аднаго з самых паважаных дзяржаўных інстытутаў краіны — заявілі, што не будуць перашкаджаць правядзенню мірных дэманстрацыяў.
Каментары