Карціна Сандра Бацічэлі «Нараджэнне Венеры» — адзін з галоўных і самых вядомых сімвалаў эпохі Адраджэння. Але за ідэальным, спакойным тварам багіні, якая выходзіць з марской пены, хаваецца рэальная чалавечая трагедыя. Натуршчыца Сіманета Веспучы, якую называлі самай прыгожай жанчынай Фларэнцыі, памерла зусім маладой, перажыўшы перад смерцю страшныя пакуты. Міжнародная група даследчыкаў у 2026 годзе абвясціла: яны нарэшце ведаюць, што менавіта забіла Музу Рэнесансу.

Знакамітае «Нараджэнне Венеры», якое сёння захоўваецца ў галерэі Уфіцы, было напісанае ўжо пасля смерці Сіманеты. Маштабны твор стаў рэвалюцыяй у заходнім мастацтве і замацаваў вобраз маладой жанчыны ў вечнасці. Яе твар закаханы Бацічэлі будзе маляваць да канца сваіх дзён. Больш за пяць стагоддзяў гісторыкі лічылі, што дзяўчына памерла ад сухотаў (туберкулёзу).
Аднак новае даследаванне, апублікаванае ў аўтарытэтным медыцынскім часопісе Endocrinology, Diabetes & Metabolism, сцвярджае: прычынай трагедыі стала рэдкая і агрэсіўная паталогія.
«Ні з кім не параўнальная»
Сіманета Катанэа нарадзілася ў 1453 годзе ў Лігурыі. У 16 гадоў яна выйшла замуж за Марка Веспучы — сваяка таго самага Амерыга Веспучы, у гонар якога пазней назавуць Амерыку.
Пераехаўшы ў Фларэнцыю, дзяўчына зрабіла сапраўдны фурор. Яна літаральна зачаравала мясцовую эліту, уключаючы кіраўнікоў горада — братоў Ларэнца і Джуліяна Медычы. Паэт Анджэла Паліцыяна даў ёй тытул «Ні з кім не параўнальная» (La Sans Par).
Аднак самым адданым яе прыхільнікам стаў мастак Сандра Бацічэлі. Ён абагаўляў Сіманету і праз шмат гадоў пасля яе смерці завяшчаў пахаваць сябе ў царкве Аньісанці ля яе ног.
Вясной 1476 года Фларэнцыю шакавала навіна: бліскучая 23‑гадовая дзяўчына злегла. Трагедыя пачалася нечакана падчас аднаго з баляў, калі пасярод танца ў Сіманеты здарыўся моцны крывацёк з носа. Яна ўпала беспрытомная, аніхто не мог спыніць кроў.
Дзякуючы захаванай перапісцы паміж мужам Сіманеты і Ларэнца Медычы сучасныя даследчыкі змаглі дакладна аднавіць клінічную карціну яе апошніх дзён.
Маладая жанчына пакутавала на бесперапынныя насавыя крывацёкі, выдзяленні з носа, нясцерпныя галаўныя болі, высокую тэмпературу і ваніты. У яе пачалася зблытанасць свядомасці і моцныя галюцынацыі.
Устурбаваны Ларэнца Медычы адправіў да яе свайго найлепшага лекара, маэстра Стэфана. Той адразу пачаў спрачацца з сямейным доктарам Веспучы, маэстра Майсеем. Апошні настойваў, што ў дзяўчыны звычайныя сухоты, і прызначыў бессэнсоўнае лячэнне. У красавіку 1476 года пасля страшных пакут Сіманеты не стала.
Дыягназ па палотнах Бацічэлі
Каманда медыкаў з Італіі і ЗША на чале з прафесарам Паала Пацылі ўважліва вывучыла не толькі гістарычныя лісты, але і карціны Бацічэлі. Яны прыйшлі да высновы, што дзяўчыну забіла апаплексія пухліны гіпофіза — раптоўнае кровазліццё або інфаркт у адэному.
Працуючы з палотнамі, навукоўцы выявілі цэлы шэраг медыцынскіх падказак. Галоўным доказам стала супастаўленне бясплоддзя з дзіўнымі дэталямі на карцінах.
Вядома, што Сіманета ніколі не мела дзяцей, прычым яе муж пасля яе смерці ажаніўся зноў і меў дзевяцярых нашчадкаў, што пацвярджае праблемы са здароўем менавіта ў жонкі.

Разам з тым на адным з алегарычных партрэтаў Бацічэлі малюе Сіманету, з грудзей якой пырскае малако. Медыкі лічаць гэта дакладным сведчаннем галактарэі — паталагічнага выдзялення малака, якое часта сустракаецца пры пухлінах гіпофіза (пралакціномах).
Яшчэ адну падказку даў штучны інтэлект. Сучасныя алгарытмы прааналізавалі пяць партрэтаў Сіманеты розных гадоў і пацвердзілі, што ў дзяўчыны паступова павялічваліся і змяняліся рысы твару і сківіцы. Гэта з'яўляецца класічным сімптомам лішку гармону росту, які вылучала адэнома.
Акрамя таго, уважлівыя гледачы «Нараджэння Венеры» часта заўважаюць у багіні лёгкую касавокасць (страбізм). У часы маньерызму гэта нават стане моднай дэталлю, але з медыцынскага пункту гледжання буйная пухліна гіпофіза магла ціснуць на чарапныя нервы, выклікаючы парушэнне зроку і асіметрыю вачэй.
Што справакавала гібель
На думку навукоўцаў, пухліна гіпофіза расла ў Сіманеты не адзін год. Яна павялічвалася ў бок клінападобнай пазухі носа, і менавіта гэтым тлумачыцца адсутнасць поўнай слепаты, якую звычайна выклікаюць такія ўтварэнні. Разрыў пухліны і кровазліццё (апаплексія) часта правакуюцца рэзкім перападам крывянога ціску або траўмай. Даследчыкі вылучаюць дзве гістарычныя версіі таго, што магло стаць фатальным трыгерам.
Першая версія звязвае трагедыю з танцамі. У часы Рэнесансу балі патрабавалі значнай фізічнай вынослівасці, а хуткія рухі і скачкі маглі стаць тым механічным штуршком, які прывёў да разрыву сасудаў у пухліне непасрэдна падчас свята.
Другая версія больш змрочная: гістарычныя хронікі і вершы намякаюць, што на беразе ракі Арно Сіманета магла стаць ахвярай засады або гвалту з боку Альфонса II Д'Арагона, герцага Калабрыі, вядомага сваімі амаральнымі паводзінамі. Моцны стрэс або фізічны ўдар цалкам маглі справакаваць кровазліццё ў мозг.
Праз больш за пяць стагоддзяў пасля смерці сучасная навука нарэшце апраўдала фларэнційскага лекара Стэфана, які не верыў у сухоты і шукаў іншую прычыну хваробы. Сіманета Веспучы памерла не ад рамантычнай «хваробы арыстакратаў», а ад вострай эндакрыннай хваробы. Аднак для ўсяго свету яна назаўжды засталася Венерай, якая бесклапотна плыве да берага на гіганцкай ракавіне.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары