Архіў

Воўк з сумкай

№ 26 (288), 12 ліпеня 2002 г.


генэтыка

Воўк з сумкай

Хоць сумчаты воўк ужо гадоў 60 як вымер, пра яго ў Аўстраліі гавораць больш, чым пра сьнежнага чалавека ці іншаплянэцянаў.

Гісторыя гэтага зьвера, вядомага таксама як сумчатая гіена ці тасманскі тыгр (з-за палосак на сьпіне), вельмі трагічная. Хапіла 130 год эўрапейскага гаспадараньня ў Тасманіі, каб ад яго, адзінага прадстаўніка свайго сямейства і адзінага буйнога сумчатага драпежніка, застаўся толькі чорна-белы здымак, гэткі ж фільм, а таксама сотні пудзілаў або засьпіртаваных трупаў.

Воўк зьнік, бо белыя фэрмэры былі пэўныя, што ён палюе на іхных авечак. У 1830 г. — праз 30 гадоў пасьля зьяўленьня першых белых пасяленцаў — за галаву ваўка была прызначаная ўзнагарода. Гэта быў прысуд для зьвера.

У 1924 г. трапэр Вальтэр Мулінз злавіў на поўдні Тасманіі сумчатую ваўчыху з трыма шчанюкамі. Усе яны былі прададзеныя ў заапарк у Хобарце. Ваўчыха неўзабаве памерла, ваўчаняты пратрымаліся трохі даўжэй. Першае сканала ў шэсьць гадоў ад хваробы нырак; гэта было ў 1930 г. Другое — у ліпені 1935-га. Апошні з чацьвёркі, якога назвалі Бэньямін, скончыў сваё існаваньне пасьля амаль 12 гадоў жыцьця ў няволі — у верасьні 1936 г. Ён быў апошнім вядомым навуцы прадстаўніком свайго віду. Шасьцю гадамі раней ад стрэлу фэрмэра загінуў апошні вольны зьвер.

Пасьля гэтага сумчатых ваўкоў ніхто ня бачыў. І хоць ёсьць энтузіясты, перакананыя, што зьвер яшчэ хаваецца недзе ў тасманскіх лясох, у 1979 г. аўстралійскі ўрад афіцыйна прызнаў від вымерлым. Але ці сапраўды сумчатага ваўка нікому ўжо не наканавана ўбачыць? Тут пачынаецца фантастычная гісторыя, прадстаўленая ў фільме каналу “Дыскавэры”.

Прафэсар Майк Арчэр, дырэктар Аўстралійскага музэю ў Сыднэі, перакананы, што магчымасьць вяртаньня сумчатых ваўкоў у Тасманію існуе. Праўда, ён ня верыць, што ваўкі маглі выжыць недзе ў нетрах тасманскіх лясоў. Адзіным шанцам на вяртаньне сумчатага ваўка зьяўляецца запаянае 144 гады таму ў колбу, залітую сьпіртам, ваўчаня — самы каштоўны на сёньня экспанат Аўстралійскага музэю, які захоўваецца ў сэйфе і мае ўласнага ахоўніка. Ён зьмяшчае генэтычную інфармацыю, закансэрваваную ў сьпіралях ДНК. Трэба толькі знайсьці спосаб выдзеліць яе з клетак. Гэта, аднак, няпроста, паколькі ваўчаня нельга даставаць з колбы даўжэй чым на сорак хвілінаў.

У лютым у лябараторыях музэю адбыўся пералом. Удалося размножыць ланцужок ДНК вымерлай жывёліны. Вучоныя атрымалі магчымасьць дубляваць ДНК мільёнамі копій. Прафэсар Арчэр паведаміў, што ўдалося знайсьці ДНК у добрым стане яшчэ ў двух фрагмэнтах астанкаў. Але ці азначае гэта, што прафэсар Арчэр і ягоная каманда ўшчыльную падышлі да кланаваньня вымерлага віду? Зусім не. Няма яшчэ храмасомаў (а ў сумчатага ваўка іх мусіць быць сем параў), кожную зь якіх трэба будзе старанна скампанаваць з 100 тысяч генаў. Ніхто яшчэ не ўзнаўляў з ДНК віду, прадстаўнікі якога даўным-даўно ня ходзяць па зямлі. Дый хто будзе выношваць зародак ваўка? Можа, тасманскі д’ябал — найбольшы зь яшчэ існых сумчатых драпежнікаў. Але ён ня дужа блізкі сваяк сумчатаму ваўку.

Арчэру і ягоным калегам перашкаджаюць ня толькі прырода, неразьвітасьць тэхналёгіі ці брак фінансаў. Шмат хто злуе на дасьледчыка, які “гуляе ў Госпада Бога”. Арчэр кажа, што злачынствам было зьнішчэньне віду і злачынствам было б не скарыстаць магчымасьці, якую дае навука, каб гэты від адрадзіць.

Дзеля папулярызацыі ідэі “ажыўленьня” сумчатага ваўка, быў зьняты цэлы “дакумэнтальны фільм” пра яго. Яго стваральнікі дасканальна вывучалі старыя фатаграфіі і фільмы, аглядалі шкілеты і чучалы. Іхны робат вельмі нагадвае дзікую жывёліну. Ня дзіва — ён мае такую самую сыстэму цягліцаў, як сумчаты воўк, а футра, якое выглядае натуральна, складаецца зь мільёну пучкоў штучных валасінак, кожны зь якіх мае свой колер, даўжыню і г.д. Фільм робіць яшчэ больш праўдападобным кампутарная анімацыя.

А калі мы ўбачым ваўка з плоці і крыві? “Вельмі хацеў бы дажыць да гэтага. Нашая мэта — аднаўленьне нармальнай, здаровай папуляцыі ваўкоў, — гаворыць Арчэр. — Першы зь іх, магчыма, зьявіцца на сьвет праз 10—15 гадоў”.

“Discovery”, “Gazeta Wyborcza”


Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў9

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў

Усе навіны →
Усе навіны

Офіс Ціханоўскай: Паводзіны Харысавай нельга апраўдаць ціскам33

Трамп заявіў, што пагадненне ЗША з Іранам плануецца падпісаць у нядзелю1

Тэнісістка расказала, як адчувае сябе пасля інсульту ў 33 гады5

У Чэрыкаўскім раёне мікрааўтобус сутыкнуўся з лесавозам. Замест машыны куча металалому, кіроўца загінуў1

Італьянцаў абурыў каментар прэзідэнта ФІФА адносна непрысутнасці іх футбольнай зборнай на чэмпіянаце свету5

«Увесь завод разбілі. 23 прылёты было». УСУ нанеслі ўдар па важным заводзе ў Армянску, гэта спыніць вытворчасць тытану1

«Адгэтуль лічыце яго востравам». Хто і як праводзіць аперацыю «адсячэння» Крыма1

На Сардзініі забаранілі прыходзіць на пляж з парасонамі. Чаму так?5

Падпісанне мемарандума Ірана з ЗША адкладзена1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў9

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць