«Трамп раз'ядноўвае людзей» — беларусы, якія жывуць у ЗША, каментуюць прэзідэнцкія выбары
ЗША рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў. Пакуль што праходзяць так званыя «праймэрыз», або перадвыбары, — унутрыпартыйнае галасаванне за вылучэнне кандыдатаў ад дэмакратаў і рэспубліканцаў.
«Унутрыпартыйнае» — не значыць у вузкім коле. У галасаванні звычайна бяруць удзел ад 10 да 20% выбарцаў — дзясяткі мільёнаў людзей. Правілы выбары дэлегатаў на партыйныя з'езды свае ў кожным штаце. А ўжо тыя дэлегаты і галасуюць за кандыдатаў у прэзідэнты.
За права балатавацца на галоўную пасаду у краіне змагаюцца некалькі прадстаўнікоў ад кожная партыі. Цягам праймерыз партыі павінны вызначыць аднаго кандыдата, які і пойдзе на выбары.
У дэмакратаў наймацнейшымі сёлета сталі Хілары Клінтан і Берні Сандэрс.
Хілары — жонка былога прэзідэнта Біла Клінтана, экс-дзяржсакратар.
Сандэрс — сенатар ад штата Вермонт.
У рэспубліканцаў канкурэнцыя большая. Там дагэтуль у гонцы застаюцца пяцёра.
Гэта Дональд Трамп, мільярдэр і медыямагнат, губернатар штата Агаё Джон Кейсік, сенатар ад штата Фларыда Марка Рубіа, сенатар ад штата Тэхас Тэд Круз і Бэн Карсан, чарнаскуры нейрахірург і дырэктар бальніцы.
Дзень 1 сакавіка называюць яшчэ «супераўторкам». За люты перадвыбары прайшлі ў чатырох штатах. А 1 сакавіка яны прайшлі адначасова больш чым у дзесяці штатах.
Калі «паштатнае» галасаванне правярае здольнасць кандыдатаў дастукацца да выбаршчыкаў у часе асабістых сустрэч, то супераўторак — тэст на здатнасць арганізаваць структуры, бо адначасова ў шматлікіх штатах сам кандыдат з вузкім колам памочнікаў правесці агітацыйную кампанію не можа.
«Наша Ніва» пацікавілася ў беларусаў, якія жывуць у ЗША, хто з кандыдатаў ім імпануе і чаму, і якія настроі пануюць ў грамадстве.
Зміцер Казак, фінансавы аналітык (Сан-Францыска, Каліфорнія).
«Сярод кандыдатаў мне заўжды падабаўся малады і энергічны Рубіа, выхадзец з сям’і кубінскіх эмігрантаў, даволі адукаваны і мэтанакіраваны малады чалавек. Але, на жаль, ягоная палітыка ў адносінах да эмігрантаў не сустракае шмат радасці ў кансерватыўных колах.

На перамогу, мне здаецца, найбольшыя шансы ў Хілары Клінтан. Я б і сам за яе прагаласаваў, калі Рубіа не выйдзе. Бо Трамп — чалавек, які раз’ядноўвае людзей і стварае агідную атмасферу ў грамадстве. Слабы палітык са слабымі адказамі на важныя сусветныя пытанні. Ён не мае ніякага вопыту ў кіраванні, акрамя свайго бізнэсу, які шмат у якіх месцах праблематычны.
На маю думку, бедныя амерыканцы найбольш сімпатызуюць Берні Сандэрсу — ён хоча быць Робін Гудам, умоўна кажучы, адабраць усё ў багатых і раздаць бедным. Але яго ідэі касмапалітызму — больш трызненне, чым дзеянне.
Багатым больш падабаецца Хілары. Яна захавала б статус-кво і ў сусветных адносінах, і ў палітыцы ўнутры краіны.
Сярэдні клас падзелены. Паўднёвыя штаты і, можа, Сярэдні Захад, будуць за Трампа. Больш адукаваныя і прасунутыя штаты, такія як Каліфорнія, Нью-Ёрк, Ілінойс, традыцыйна галасуюць за дэмакратаў, гэта значыць — Хілары.
Я думаю, што Хілары і пераможа на выбарах.І гэта лепш, чым Сандэрс ці Трамп. Трамп надта рэзкі, варожы і не дасведчаны.
Не думаю, што яна будзе лепшым прэзідэнам, чым Абама… Але мо і не горшым».
Вячаслаў Бортнік, старшыня Каардынацыйнай групы па Еўразіі праваабрончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» ЗША (Вашынгтон), актывіст руху за правы ЛГБТ.
«У свой час у Беларусi я быў сябрам Маладых сацыял-дэмакратаў i Партыi «Зялёныя», таму асабiста мне больш падабаецца Бернi Сандэрс.

Ён балатуецца як дэмакрат, але сам называе сабе сацыялiстам цi дэмакратычным сацыялiстам. Бернi з’яўляецца самым доўгачасовым незалежным дэпутатам у амерыканскiм кангрэсе. Поспех ягонай кампанii гаворыць пра тое, што ў ЗША паглыбляецца крызiс двухпартыйнай сiстэмы, якi намецiўся яшчэ ў 2009-м.
Упершыню за ўсю гісторыю ЗША такой велізарнай папулярнасцю карыстаецца поспехам кандыдат, які адстойвае паўночнаеўрапейскую мадэль развіцця грамадства.
Сандэрс збірае шматтысячныя аўдыторыі, яго падтрымліваюць прафсаюзы і студэнты. Ягоная слабасць у тым, што яму пакуль не ўдаецца перавабіць на свой бок афраамерыканцаў. Таму, я думаю, дэмакратычную намінацыю выйграе Хілары. Яе хоць і любяць менш, але вопыту ў яе болей і прапанаваныя праграмы больш рэалістычныя.
Дарэчы, нават калі на выбарах пераможа Сандэрс, Кангрэс, які кантралюецца рэспубліканцамі, будзе блакаваць яго ініцыятыву.
Як і ўсе амерыканцы, я з цікавасцю сачу за галавакружным узлётам Дональда Трампа. Калі ён толькі вылучыў сваю кандыдатуру мінулым летам, усё думалі — гэта нейкі розыгрыш ці піяр-крок.

Зноў-такі, як і Берні, Трамп — зусім не тыповы кандыдат. У адрозненне ад усіх астатніх рэспубліканскіх кандыдатаў, ён ніяк не звязаны ні з афіцыйным Вашынгтонам (ад якога ўсіх ужо ванітуе), ні з лабістамі буйных карпаратыўных інтарэсаў (сапраўдных гаспадароў амерыканскай палітыкі). Ён самастойна фінансуе сваю кампанію, таму можа казаць, што хоча і пра каго хоча, не хвалюючыся аб паліткарэктнасці. Ён незалежны і ўпэўнены ў сабе. Ужо колькі разоў разнастайныя аналітыкі прадказвалі крах кампаніі Трампа, а яго папулярнасць працягвае расці. Толькі яму пад сілу было абліць брудам сямейства Бушаў ў Паўднёвай Караліне, штаце, дзе іх вельмі паважаюць, і праз некалькі дзён там жа выйграць праймерыз. Нават каментар Папы Рымскага пра тое, што «Трамп — не сапраўдны хрысціянін», ніяк не адбіўся на рэйтынгу апошняга. Больш за тое, ён змог прыцягнуць на свой бок галасы з ліку самых кансерватыўных хрысціянскіх цэркваў Амерыкі.
Па ўсёй бачнасці, Трамп выйграе рэспубліканскую намінацыю. З астатніх удзельнікаў гонкі невялікія шанцы ёсць толькі ў Марка Рубіа.
Хто б ні выйграў рэспубліканскую намінацыю, дэмакратам варта задумацца над тым, як мабілізаваць свой электарат. Яны змогуць выйграць толькі, калі забяспечаць яўку ў дзень выбараў. Сёння на праймерыз назіраецца вельмі нізкая яўка дэмакратаў, у той час як рэспубліканцы дэманструюць павышаную цікавасць і актыўнасць».
Уладзімір Слабін, навуковец (Юджын, Арэгон).
«На працы мае калегі на палітычныя тэмы не размаўляюць і ўвогуле мала пра што размаўляюць, акрамя працы. На сяброўскіх вечарынах размаўляюць таксама не пра палітыку, рэлігію, парнаграфію, а пра ежу і падарожжы. Так што, чаго яны чакаюць, я не ведаю. Але, паводле маіх назіранняў, настрой у іх за апошнія 10 гадоў у сувязі з прэзідэнцкімі кампаніямі істотна не змяняўся. Магу меркаваць, што большасць маіх калег будуць галасаваць за дэмакрата. Гэта палітычная традыцыя штата Арэгон — тут моцныя пазіцыі зялёных, феміністак; тут лунае хіпейскі дух. Кандыдаты ад Рэспубліканскай партыі на Арэгоншчыну звычайна не прыязджаюць, каб не марнаваць час. Абама прыязджаў у наш універсітэцкі горад Юджын, еў марозіва ў павільёне «Prince Puckler's» на Агатавай вуліцы. Напэўна ж зноў прыедзе сёлета які дэмакратычны кандыдат, але наўрад ці Трамп або Круз.

Не, я не грамадзянін — проста пастаянны жыхар (з зялёнай картай), таму галасаваць не буду. Калі б быў — галасаваў бы за рэспубліканца. На маю думку, беларускія імігранты галасуюць збольшага за Рэспубліканскую партыю. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2008 г. быў нават сайт за Макейна на беларускай мове.
За рэспубліканцаў я таму, што яны выступаюць за кансерватыўныя хрысціянскія каштоўнасці. Хрысціянскія не абавязкова ў тым сэнсе, што трэба быць вернікам, а ў сэнсе захавання каранёў сваіх продкаў. Гэта блізка маёй натуры — я традыцыяналіст і не прымаю ліберальнае дураты. Гэта ў цэлым і агульным. Калі ж канкрэтна пра Трампа, — напэўна ўсё ж ён выйдзе ў фінал прэзідэнцкай гонкі, — то цяжка сказаць нешта пэўнае.
А з пункту гледжання асабістага даходу мне ўсё роўна, каго выберуць. Я не настолькі бедны, каб перажываць за фудстампы, супраць якіх выступаюць рэспубліканцы, і не такі багатыр, каб бедаваць з нагоды вышэйшых падаткаў на багатых, якія імкнуцца ўвесці дэмакраты».
Юрась Зянковіч, юрыст (жыве ў Джэрсі, Нью-Джэрсі, працуе ў Нью-Ёрку).
«Я асабіста з’яўляюся перакананым кансэрватарам, яшчэ з тых часоў, калі жыў у Беларусі і быў дзеячом Партыі БНФ. Таму ў ЗША я перакананы прыхільнік Рэспубліканскай партыі.
Але што ж тычыцца грамадства, то, на мой погляд, сярод дэмакратаў вельмі папулярная Клінтан. Рэспубліканцы ж вельмі моцна падзеленыя.

У дэмакратычным лагеры абое кандыдаты мне глыбока несімпатычныя. Спадарыня Клінтам паказала сябе вельмі некампетэнтным дзяржаўным сакратаром, і, думаю, прэзыдэнт з яе будзе яшчэ горшы.
Што тычыцца Сандэрса, то найлепш пра яго сказаў Дональд Трамп: «Гэта той чалавек, які хоча пусціць Амерыку з торбай».
У Рэспубліканскай партыі усе тры вядучыя кандыдаты мне падабаюцца. Хаця я ўсведамляю, што Дональд Трамп — чалавек, які сам сябе стварыў, зарабіўшы багацце ўласнай працай — будзе мець праблемы са зборам галасоў сярод тых, што не вызначыліся. Таму я бы на праймарыз за яго не галасаваў.
Вельмі спадзяюся, што гэтыя выбары скончацца перамогай рэспубліканцаў. Іх перамога дае шанец на скасаванне вельмі непапулярнай сярод рэспубліканцаў рэформы медычнага страхавання, вядомай як «Абамакэйр». Прамое наступства рэформы — рэзкі рост кошту страховак з пагаршэннем іх якасці. Я асабіста плачу каля 300 даляраў у месяц… ні за што. Кожны візіт да доктара я аплочваю з уласнай кішэні, усе патрэбныя лекі купляю за ўласныя грошы. Мой страхавы агент сказаў наўпрост, што выбраў мне страхоўку найлепшую сярод кепскіх, бо добрых страховак — нават за вялікія грошы — сёння няма.
Другая справа, якая хвалюе мяне як прафесіянала — гэта рэформа міграцыйнай сістэмы. Я з'яўляюся іміграцыйным адвакатам і добра разумею, што шматгадовую спрэчку на гэты конт можа вырашыць толькі рашучая перамога адной з партыяў, калі яе прадстаўнікі будуць кантраляваць і Белы Дом, і абедзве палаты Кангрэса. Пры гэтым падыход рэспубліканцаў мне бліжэйшы і падаецца больш рацыянальным — спачатку ўмацаванне межаў і навядзенне парадку з уездам замежнікаў у ЗША, і толькі потым амністыя нелегалаў па прынцыпе «нелегалы ў канцы чаргі». Іншымі словамі, нелегалы могуць атрымаць дазвол на жыхарства ў ЗША толькі пасля таго, як яго атрымаюць законапаслухмяныя замежнікі, што сёння чакаюць у шматгадовых чэргах. Я лічу таксама, што праграма «Візавая латэрэя» («Грынкард») прыносіць шкоду, бо вакол яе круціцца шмат махляроў, якія выцягваюць з шукальнікаў амерыканскага шчасця вялікія тысячы даляраў. Замест яе рэспубліканцы прапануюць простую і празрыстую праграму імміграцыі для прафесіяналаў, накшталт канадыйскай, аўстралійскай ці новазеландскай.
Ну і, нарэшце, трэцяя справа — спыніць дэмагогію вакол абароту зброі. Вярхоўны Суд ЗША выразна сказаў, што гэтае канстытуцыйнае права не павінна парушацца ўладамі. Я лічу, што палітыка дэмакратаў, якія патрабуюць абмежаваць абарот зброі, вядзецца ў інтарэсаў злачыннага свету і вулічных бандаў».
Каментары