Доўбашы, якіх правяраюць на датычнасць да тэрактаў у Брусэлі, родам з Гомельшчыны, пераехалі ў Бельгію ў 2007 г.
Браты Доўбашы і Марат Юнусаў, якіх правяраюць на дачыненне да тэрактаў у Брусэлі, родам з Гомельскай вобласці і ўжо некалькі гадоў жывуць у Еўропе. Пра гэта TUT.BY паведаміла крыніца, блізкая да тэмы.
Марат Юнусаў атрымаў грамадзянства Бельгіі ў 2008 годзе. Аляксей Доўбаш і яго малодшы брат Іван жылі ў Бельгіі з 2007 года. Усе яны прынялі іслам.
Браты пераехалі ў Еўропу з маці, калі былі яшчэ дзецьмі. Пасля разводу яна выйшла замуж за бельгійца і забрала з сабой у Брусэль сыноў. Іх бацька па-ранейшаму жыве на Гомельшчыне. Пасля ад'езду, распавядаюць сваякі, у Беларусь прыязджаў толькі старэйшы брат Аляксей — прыкладна тры гады таму.
— На той момант ён ужо прыняў іслам, насіў бараду, — кажа сваяк. — Не разумею, чаму ён прыняў такое рашэнне. У сям'і ўсе праваслаўныя. Ён вельмі высокі хлопец, займаўся боксам, удзельнічаў у спаборніцтвах. Пакуль быў у Беларусі, крыху пажыў у бацькі, астатні час правёў у бабулі. Не ведаю, ці ёсць у яго яшчэ знаёмыя ў Беларусі.
Ёсць дадзеныя, што браты Доўбашы апошні час былі не ў Бельгіі — вярнуліся ў краіну ў лютым 2016 года.
— Браты Доўбашы і Марат Юнусаў вядомыя Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі, — паведаміў кіраўнік прэс-службы КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын. Ён заўважыў, што праводзіцца праверка інфармацыі аб магчымай іх датычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці.
Яшчэ тыдзень таму расійскія СМІ папярэджвалі, што браты Доўбашы і Марат Юнусаў з Беларусі могуць быць датычныя да падрыхтоўкі тэрактаў у Бельгіі.
Як паведамляецца, 27-гадовы Аляксей Доўбаш першым прыняў іслам і пачаў кантактаваць з радыкаламі. Пад уплывам старэйшага да іх далучыўся 23-гадовы Іван. Па дадзеных расійскіх спецслужбаў, браты Доўбашы адправіліся ў лагер тэрарыстаў у Сірыі, там прайшлі баявую падрыхтоўку, пасля чаго выехалі на тэрыторыю Еўрасаюза.

Нагадаем, што раніцай 22 сакавіка ў аэрапорце Брусэля адбыліся два выбухі, затым выбухі прагрымелі ў метро. Узровень тэрарыстычнай пагрозы узняты да максімальнага.
Каментары