Журналістцы Вользе Чайчыц і аператару Андрусю Козелу, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», абмежавалі выезд з краіны, паведамляецца на сайце тэлеканала.
На наступным тыдні ў журналісткі запланаваныя сустрэчы ў Парыжы ў Міжнароднай федэрацыі журналістаў з прадстаўнікамі арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», з дэпутатамі і інш. Пазней Вольга Чайчыц планавала накіравацца на сустрэчы ў Брусель — у Еўрапарламент і ў Еўракамісію — каб распавесці пра сітуацыю з медыямі ў Беларусі. Журналістка мяркуе, што гэта сапраўдная прычына забароны на выезд.
Сёння судовая выканаўца Яна Васюк выклікала Вольгу Чайчыц і Андруся Козела, паведаміўшы, што ім абмежавалі выезд з краіны.
Журналісты паказалі ёй квітанцыі аб аплаце ўсіх штрафаў, на што ім адказалі, што немагчыма праверыць, ці ўся сума сплачаная — бо «не працуе база». Судовая выканаўца таксама папрасіла прывезці ўсе квітанцыі аб аплаце штрафаў за мінулы год. Пры гэтым зняць абмежаванне на выезд можна будзе не раней, калі запрацуе база, а калі гэта адбудзецца — невядома.
Учора Вольга Чайчыц даведалася пра чарговы штраф. 10 верасня суддзя Дзяржынскага раённага суду пастанавіла спагнаць з журналісткі 980 рублёў за фотарэпартаж з пікету абаронцаў Курапатаў каля рэстарацыі «Паедзем паядзім».
Гэты штраф стаў для Вольгі Чайчыц дзясятым за сёлета, а іх агульная сума дасягнула ўжо 8330 рублёў — і працягвае расці. Адразу пасля інфармацыі пра штраф Чайчыц даведалася, што слонімская міліцыя склала на яе пратакол паводле артыкулу 22.9 КоАП.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі

Каментары