А таксама прапрацоўвае пытанне пра арганізацыю рэгулярных паветраных зносін з Барселонай і Грэцыяй.
Нацыянальная авіякампанія «Белавія» плануе адкрыць новыя рэгулярныя рэйсы ў Рыгу, Вену і Екацярынбург. Аб гэтым паведаміў у панядзелак журналістам намеснік генеральнага дырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Белавія» прапрацоўвае пытанне і аб арганізацыі рэгулярных паветраных зносін у Барселону і Грэцыю. «Калі дакладна будуць адкрыты гэтыя маршруты, гаварыць пакуль рана, аднак работа па ажыццяўленні гэтых планаў намі вядзецца, спадзяёмся, што хутка сетка рэгулярных маршрутаў нашай авіякампаніі будзе пашырана», — сказаў Ігар Чаргінец.
Адкрыццё новых рэгулярных авіярэйсаў і павелічэнне частаты ўжо існуючых магчыма дзякуючы пастаяннаму абнаўленню парку паветраных суднаў «Белавія». Так, у пачатку бягучага месяца авіякампанія набыла чарговы Boeing 737/500. Цяпер паветраны флот авіякампаніі «Белавія» складаюць чатыры Boeing 737/500, тры Boeing 737/300, тры CRJ 100/200LR, чатыры ТУ‑154М, адзін ТУ‑134.
«Белавія» базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Авіякампанія заснавана ў 1996 годзе. Яна кантралюе каля 65 працэнтаў беларускага рынку авіяцыйных пасажырскіх перавозак. Ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 30 аэрапортаў 20 краін свету. «Белавія» адпавядае вышэйшым міжнародным стандартам забеспячэння бяспекі. Па выніках аўдыту аперацыйнай бяспекі Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IOSA — IATA Operational Safety Audit) авіякампанія ў 2008 годзе ўвайшла ў рэгістр аператараў IOSA.
Каментары