У бальніцы былі дастаўлены больш за 60 пацярпелых, восем з іх знаходзяцца ў крытычным стане.

У выніку пажару, які ахапіў папулярны бар у Бангкоку ў ноч на панядзелак, загінулі прынамсі 27 чалавек, піша Бі-бі-сі.
Паводле даных мясцовых СМІ, сярод загінулых — дзевяць мужчын і 18 жанчын. У бальніцы былі дастаўлены больш за 60 пацярпелых, восем з іх знаходзяцца ў крытычным стане.
Паведамляецца таксама, што некаторыя людзі лічацца зніклымі без вестак.
Як паведаміў журналістам прэм'ер-міністр каралеўства Анутхін Чанвіракун, прычына ўзгарання высвятляецца.
На кадрах з месца здарэння відаць, як людзі выбягаюць з ахопленага агнём будынка; некаторыя з іх крычаць, частка людзей падае.
Паведамляецца, што пажарным удалося ўзяць агонь пад кантроль за паўгадзіны.
Кіраўнік урада расказаў, што пагаварыў з музыкантам, які знаходзіўся на сцэне ў момант пачатку пажару.
«Ён сказаў, што ўзгаранне пачалося ў раёне электрычнага шчытка, а пасля гэтага ўсё адбылося вельмі хутка. Успыхнуў агонь, і ўсе спрабавалі выбегчы, — сказаў Чанвіракун. — Многія не змаглі гэтага зрабіць, бо знаходзіліся ў задняй частцы памяшкання. Яны паспрабавалі схавацца ад агню і дыму ў прыбіральні, і менавіта там мы знайшлі большасць целаў».
Бар размешчаны ў раёне Чатучак на поўначы сталіцы Тайланда.
Мяркуючы па кадрах з месца здарэння, пасля тушэння пажару каля бара былі бачныя мяшкі для целаў загінулых.
Унутры будынка засталіся цалкам выгаралыя сцены і мэбля, частка столі абрынулася.
Губернатар Бангкока Чадчарт Сіттыпунт пабываў на месцы здарэння і заявіў, што хуткаму распаўсюджванню пажару спрыялі лёгкаўзгаральныя элементы інтэр'еру бара.
Каментары