Кальцавая лінія мінскага метро: калі пачнуць будаваць і дзе пройдзе траса
Чацвёртая, кальцавая лінія сталічнага метрапалітэна будзе мець 15—17 станцый. Першыя тры ўжо праектуюцца, а падрыхтоўку да будаўніцтва плануюць пачаць да канца года.

Дзе пройдзе кальцавая, як будуць аформлены станцыі і навошта могуць спатрэбіцца 10‑метровыя танэлепраходчыя шчыты, Мінск-Навінам расказаў дырэктар інстытута «Мінскметрапраект» Міхаіл Рудзько.
Шэсць перасадачных станцый
— Працягваецца актыўная распрацоўка самага маштабнага праекта ў гісторыі нашага метро — чацвёртай лініі, траса якой пераважна пройдзе па другім транспартным кальцы сталіцы, — адзначыў дырэктар інстытута «Мінскметрапраект». — Яе агульная працягласць з улікам злучальных галінак і пад’езда да новага электрадэпо складзе каля 27 км. Як і меркавалася, яна будзе мець 15—17 станцый, шэсць з якіх стануць перасадачнымі.
На пачатковым этапе ўсю нагрузку па абслугоўванні рухомага саставу возьме на сябе электрадэпо «Слуцкае», размешчанае ў завулку Асаналіева. Аднак з улікам павелічэння колькасці новых электрацягнікоў пазней спатрэбіцца будаўніцтва яшчэ аднаго сучаснага дэпо. Яно размесціцца на тэрыторыі завода ацяпляльнага абсталявання на вуліцы Ціміразева.

Застаюцца актуальнымі і чатыры асноўныя пускавыя ўчасткі, якія будуць будавацца паэтапна. Пачатковыя пункты іх стыкоўкі — праспект Партызанскі (станцыі «Партызанская» або «Трактарны завод»), жылы комплекс «Мінск Свет» («Аэрадромная»), вуліцы Харкаўская і Даўгабродская. Паслядоўнасць іх узвядзення яшчэ абмяркоўваецца.
Хутчэй за ўсё, другі пускавы ўчастак пройдзе ў бок Дражні, дзе неабходна будзе арганізаваць перасадку на станцыю «Акадэмія навук». У адрозненне ад «Парка Дружбы народаў» і «Аэрадромнай», якія першапачаткова праектаваліся як перасадачныя, тут спатрэбіцца правесці вельмі складаную рэканструкцыю без спынення руху на Маскоўскай лініі, што запатрабуе ад спецыялістаў нестандартных падыходаў і рашэнняў.
Падрыхтоўка да будаўніцтва
Стартавы ўчастак першага пускавога комплексу агульнай працягласцю каля 4 км будзе ўключаць тры станцыі: «Максіма Багдановіча» (перасадачную), «Старавіленскі шлях» і «Вяснянку».
На сёння канструктыўныя рашэнні па дзвюх з іх ужо прыняты, па трэцяй яшчэ распрацоўваюцца. Асобна рыхтуецца праект па зносе будынкаў і збудаванняў, а таксама па пераносе інжынерных сетак, якія знаходзяцца на шляху гэтага ўчастка.
Рэалізацыю праекта і, адпаведна, падрыхтоўку да будаўніцтва кальцавой лініі плануюць пачаць да канца бягучага года.
— Гэта неабходна для таго, каб вызваліць тэрыторыю для танэлепраходчых механізаваных комплексаў «Алеся» і «Марыя», — падкрэсліў М. Рудзько. — У перспектыве не выключаецца набыццё новых шчытоў. Прычым яны могуць быць і большага дыяметра, чым шасціметровыя «Алеся» і «Марыя» (у прыватнасці, 10 і 13 м). Гэта дазволіць метрабудаўнікам вырашаць больш складаныя задачы.

10‑метровы шчыт — двухпутны. Ён патрабуе большых аб’ёмаў бетону для абліцоўвання тунэлю, але пры гэтым менш уздзейнічае на размешчаныя побач жылыя, адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі. А 13‑метровы гігант здольны нават змясціць стандартны платформенны ўчастак станцыі.
Вобразы станцый
Пры праектаванні кальцавой лініі ўлічваецца мноства фактараў: узровень пасажырапатоку, стварэнне транспартных хабаў — вузлоў зручнага доступу мінчан і гасцей горада да станцый метро. Таксама неабходна ўлічыць будаўніцтва новых жылых комплексаў «Паўночны Бераг» і «Зялёны Бор». Усё гэта закладваецца ў праектныя рашэнні.
Планы ўзвядзення кальцавой павінны быць цесна звязаныя з геалагічнымі асаблівасцямі, ступенню асвоенасці тэрыторыі, размяшчэннем інжынерных камунікацый і іншымі фактарамі.
— Мы рыхтуем прапановы па афармленні першых трох станцыйных комплексаў, — працягнуў М. Рудзько. — У інтэр'ерах гэтых аб’ектаў асноўны акцэнт будзе зроблены на таніроўцы, бетоне, афарбоўцы і архітэктурным асвятленні. Рэндары яшчэ павінны прайсці неабходныя ўзгадненні.
Усе гэтыя станцыі будуць калоннага тыпу і неглыбокага закладання — на ўзроўні ад 15 да 25 метраў. Падлога будзе выканана з граніту, сцены — часткова пафарбаваныя або абліцаваныя керамагранітам. Калоны таксама будуць абліцаваныя. Столі пераважна пафарбуюць.
Першыя станцыі чацвёртай лініі будуць мець уласныя тэматычныя канцэпцыі:
- «Максіма Багдановіча» — інтэр'ер будзе натхнёны вобразамі вершаў паэта, увасобленымі ў камені і метале.
- «Старавіленскі шлях» — адлюструе сучасны падыход да гарадской архітэктуры.
- «Вяснянка» — будзе аформлена ў канцэпцыі абуджэння вясны: светлая каляровая гама, стрыманая дэкаратыўнасць і лёгкая, утульная атмасфера.
Мінімізаваць выдаткі
У сваёй працы спецыялісты «Мінскметрапраекта» выкарыстоўваюць не толькі ўласны шматгадовы вопыт, але і замежныя напрацоўкі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у канферэнцыях Тунэльнай асацыяцыі Расіі, якая ўваходзіць у адпаведную міжнародную структуру, а таксама рыхтуюць публікацыі для яе прафесійнага часопіса.
Пры ўдзеле мінскіх спецыялістаў ужо пабудаваны шэсць станцый метро ў Маскве. У іх паслужным спісе таксама станцыі і дэпо ў Баку і Алматы.

— Ход рэалізацыі праекта кальцавой лініі цалкам залежыць ад канцэнтрацыі неабходных рэсурсаў, наяўнасці кваліфікаваных кадраў і іншых складнікаў, — падсумаваў М. Рудзько. — Спадзяёмся, што ўсё гэта ўдасца аб'яднаць пры будаўніцтве чацвёртай лініі.
Не трэба будаваць сапраўдныя палацы са станцый з архітэктурнымі празмернасцямі. Але пры гэтым яны павінны быць функцыянальнымі, арыгінальнымі і эстэтычна прывабнымі.
Таксама адзначу, што асноўны кошт будаўніцтва метро — гэта не інтэр'еры станцый, а велізарны аб'ём разнастайных падземных работ, якія праекціроўшчыкі імкнуцца максімальна аптымізаваць. Менавіта таму ў Мінску ўсе станцыі метро — адкрытага спосабу будаўніцтва, што істотна зніжае выдаткі на іх узвядзенне.
Каментары