У Германіі пару з Ірака прысудзілі да пажыццёвага зняволення за ўтрыманне дзяцей у рабстве
Вышэйшы зямельны суд Мюнхена прысудзіў да пажыццёвага зняволення сужэнцаў з Ірака, якія трымалі ў рабстве дзвюх езідыцкіх дзяўчынак. Адной з іх было пяць гадоў, другой — дванаццаць.

Па версіі следства, Твана Х. і Азія Р.з 2015 па 2017 гады знаходзіліся на тэрыторыі, падкантрольнай «Ісламскай дзяржаве», і там зрабілі дзяцей сваімі рабынямі. Дзяўчынак прымушалі працаваць у доме, гвалтавалі і спрабавалі выхоўваць у духу ідэалогіі ІД, піша Bild.
Па даных пракуратуры, мужчына неаднаразова гвалтаваў абедзвюх дзяўчынак, а яго жонка дапамагала яму: рыхтавала пакой і перад адным з эпізодаў нафарбавала адну з ахвяр. Акрамя таго, старэйшую дзяўчынку білі палкай, малодшай жанчына апякла руку кіпнем, таксама абедзвюх прымушалі падоўгу стаяць на адной назе ў пакаранне.
Калі ІД пачала страчваць тэрыторыі, муж і жонка беглі з Сірыі, але дзяўчынак не адпусцілі, а перадалі іншым чальцам групоўкі. У Нямеччыне іх затрымалі толькі ў красавіку 2024 года.
Федэральная пракуратура абвінавачвала іх у злачынствах супраць чалавечнасці і ваенных злачынствах. Суд у Мюнхене пагадзіўся з абвінавачваннем па ключавых пунктах.
Каментары