Меркаванні1616

Чорная дзіра

Сяргей Ваганаў піша пра рэканструкцыю Купалаўскага тэатра.

Тыдні два таму на адной вечарыне да мяне падсела незнаёмая сталага веку жанчына і паказала здымак: «Пазнаяце?» На здымку, ужо кранутым жаўцізной часу, ляжаў на шырокай канапе, падпіраючы галаву, нейкі стары чалавек у таўстых акулярах… «Так, — не чакаючы адказу, прамовіла жанчына, — гэта Саша Ахраменка… Яго ўжо няма…»

Нешта цісканула ў сэрцы і захаладзела пад дыхавіцай — толькі ўчора я бачыў яго, углядаючыся ў чорную бездань былой купалаўскай сцэны…

Я падышоў да тэатра незнарок, спрабуючы наўскос, праз Аляксандраўскі сквер, скараціць дарогу да метро. Але натыкнуўся на там-сям падраную агароджу, абапал якой былі раскіданыя па брудным снезе будаўнічае смецце і рэшткі дрэў — непазбежных, як заўсёды сцвярджаюць будаўнікі, ахвяр рэканструкцыі.

Я, безумоўна, ведаў пра рэканструкцыю Купалаўскага тэатра, неаднойчы ўглядаўся ў яе намаляваны на тканіне фасадны твар. Але ўпершыню ўбачыў яе з чорнага ўваходу.

Уваходу, аднак, не было. Замест яго зеўрала агромністая чорная дзіра, уцягвачы позірк у нейкую неабсяжную касмічную далячынь. Нават рэдкія лямпачкі на нябачнай столі зіхацелі, нібы зоркі…

Тут я і пабачыў Сашку. Мы не бачыліся амаль 60 гадоў.

Вось ён кліча мяне да чорнага ўваходу, дзе сустракае нас ягоны бацька, скрыпач з тэатральнага аркестра, і цішком, бо спектакль ужо пачаўся, вядзе ва ўрадавую ложу, адкуль з заміраннем сэрца сочым, як каварства забівае любоў… У антракце мы, тузаючы адзін аднаго, бяжым вузкім калідорчыкам ва ўборную Фердынанда, хіхіхаючы над назвай таямнічага памяшкання. Фердынанд, ён жа знакаміты ў хуткай будучыні Барыс Кудраўцаў, зняўшы шпагу, частуе нас шакаладам, налівае з графіна ў гранёную шклянку нейкую вадкасць, выпівае, падносячы да носа рукаў вышытага срэбрам камзола…

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, і адтуль з’явілася раптам Стэфанія: «Ну што, дадому?»

Па праве чалавека, адоранага не тэатральным, а простым чалавечым сяброўствам, я часцяком падвозіў Станюту пасля спектакляў, асабліва на сыходзе дзявятага дзясятка яе гадоў. Мы доўга жылі з ёй у адным доме, на адным паверсе, дзверы ў дзверы. Потым яна перабралася ў іншы дом, паверх апусцеў…

Апусцеў паверх, думаў я, калі яна сышла на зломе стагоддзяў у іншы свет. Паверх, на якім яна жыла побач з намі і які называўся ХХ стагоддзем. Так, мы перабяромся, ускараскаемся на новы. Але ці ўздымемся? Ці засвоім вышыню Духа, якую паказалі нам — не, не сведкі — творцы Стагоддзя?..

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, яшчэ не ведаючы,

што праз дзень-два нейкія зверападобныя страшыдлы з надпісам Hitachi на даўжэзнай жоўтай шыі канчаткова зруйнуюць старыя сцены.

…Я ўглядаўся ў чорную дзіру, яшчэ дрэнна разумеючы, да чаго падобная гэтая «рэканструкцыя» з чорнага ўваходу. І толькі ўвечары, гледзячы, як сакураўскі Фаўст у пошуках душы дастае вантробы з анатаміраванага трупа, я зразумеў гэтае вар’яцкае падабенства…

Але душу «рэканструктары» не шукаюць. Выкідаюць яе разам з вантробамі…

Сёння яны гавораць пра немагчымасць захаваць старыя сцены, нешта лапочуць пра сучасную «сцэнічную каробку» і зручныя падлакотнікі для гледачоў.

Так, ён паўстане праз нейкі час, новы тэатр для новых мінчукоў. Але душы ў ім не будзе. А калі і будзе, то невядома якая. Толькі не тая, якая жыве спрадвек.

Бо душа жыве разам са старымі сценамі.

Разам з памяццю жыве і захоўваецца душа.

…Я паехаў да Сашкавай жонкі, мы доўга размаўлялі, кожны са сваімі пытаннямі і ўспамінамі. З прыхаваным гонарам і нейкай пяшчотай яна расказвала, якім ён быў выдатным музыкам, як граў і ствараў бліскучыя джазавыя кампазіцыі ў знакамітым аркестры Барыса Райскага…

«Ён усё жыццё згадваў вас, усё пытаўся сам у сябе, як вы там…»

Ну вось, падумаў я, яшчэ адна чорная дзіра. Памерам з жыццё.

…У астрафізіцы чорная дзіра — гэта такое ўтварэнне, у якім касмічная гравітацыя дзейнічае з такой звышмоцай, што святло, якім там зіхацяць зоркі, нават са сваёй неверагоднай хуткасцю не можа пераадолець яе. Таму яны і нябачныя нам.

Але яны ёсць.

Глядзець таксама:

Рукі дзеда

Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда

Вера і праўда

Цёмныя вокны

Каментары16

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы прысуд экс-памочніку Лукашэнкі Ігару Брыло

Стаў вядомы прысуд экс-памочніку Лукашэнкі Ігару Брыло

Усе навіны →
Усе навіны

«У Магілёве спеўныя, а ў нас цвітучыя». У Бабруйску паказалі, як выглядае фантан у гарадскім парку

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club12

У Абу-Дабі будуюць «востраў здароўя» коштам 11 мільярдаў долараў1

Трамп расказаў, ці будзе падпісваць законапраект супраць Расіі, прыняцця якога дабіваўся Ліндсі Грэм3

Крысціна Ціманоўская расказала пра Недасекава, які не можа на яе забыцца, і працу на «Белсат» па-беларуску9

«Птушак амаль усіх з'елі». Лісы тэрарызуюць вёску пад самым Мінскам1

Як цяпер выглядае апусцелая мінская «Пясочніца» ФОТЫ4

У Лодзі паляк напаў на паляка, бо думаў, што ён украінец31

Саліст расійскага рок-гурта выказаўся на канцэрце супраць вайны. Яго адправілі лячыцца7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы прысуд экс-памочніку Лукашэнкі Ігару Брыло

Стаў вядомы прысуд экс-памочніку Лукашэнкі Ігару Брыло

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць