Грамадства

Гродзенскага журналіста Уладзіміра Хільмановіча завочна асудзілі на пяць гадоў і далі гіганцкі штраф

Справу ў парадку спецвытворчасці разбіраў Гродзенскі абласны суд. Журналіста звінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні, піша БАЖ.

Суддзя Ігар Собалеў пастанавіў прызнаць Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і на падставе часткі 1 артыкула 361—4 КК прызначыць за гэта пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама журналіст прызнаны вінаватым у іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, учыненай паўторна, і пакараны за гэта трыма гадамі пазбаўлення волі са штрафам 600 базавых велічынь (24000 рублёў).

Паводле часткі 3 артыкула 361—1 КК суд прызнаў Хільмановіча вінаватым ва ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці. На падставе гэтага яму прысуджана пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі са штрафам 500 базавых велічынь (20 000 рублёў).

Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных асноўных і дадатковых пакаранняў канчаткова Уладзіміру Хільмановічу прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 5 гадоў з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).

Тэрмін адбыцця прысуду абвінавачанаму будзе адлічвацца са дня яго фактычнага затрымання. На сёння журналіст знаходзіцца ў замежжы і прыязджаць у Беларусь бліжэйшым часам не плануе.

У судовай пастанове па справе Уладзіміра Хільмановіча, апублікаванай на сайце Вярхоўнага суда, нічога не гаворыцца пра сутнасць абвінавачання. Адно што сярод рэчавых доказаў згаданыя «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі Хільмановіча», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы».

Самаму Уладзіміру Хільмановічу таксама дагэтуль невядома, за што канкрэтна яго асудзілі.

«Відавочна, што за маю прафесійную дзейнасць, але працу на які канкрэтна інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс паставілі мне ў віну, дакладна сказаць не магу», — пракаментаваў журналіст сённяшні вердыкт Гродзенскага аблсуда.

Паводле судовага выраку, здымаецца арышт з зямельнага ўчастка ў Парэцкім сельсавеце Гродзенскага раёна і з кватэры, якая належыць жонцы Хільмановіча.

Але іншую арыштаваную маёмасць, у тым ліку кватэру журналіста ў Гродне і побытавую тэхніку, вырашана прадаць дзеля кампенсацыі грашовых спагнанняў, накладзеных судом. На тыя ж мэты пойдуць і грашовыя сродкі ў суме 100,12 EUR, забраныя следчымі падчас ператрусу.

Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 года. Тады сілавікі апісалі маёмасць па месцы яго рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень быў праведзены ператрус у кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама апісалі побытавую тэхніку.

На той час Уладзімір Хільмановіч ужо два з паловай гады не жыў у Беларусі.

Каментары

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы8

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка зняла канфлікт паміж падлеткамі, пасля чаго іх выклікалі ў міліцыю8

Таццяну з Рэчыцы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»6

У «ДНР» збаёдалі мошчы Аляксандра Неўскага. Іх везлі на малебен аб пераадоленні паліўнага крызісу34

Японія развітваецца з гальштукамі3

Беларусы без пашпартоў ва Украіне ў жніўні рызыкуюць стаць нелегаламі — яны не змогуць абнавіць ДНЖ16

Больш за 100 тысяч нарвежцаў зладзілі фірмовае веславанне проста ў цэнтры Осла

ЗША зноў некалькі гадзін білі па Іране1

Спад нараджальнасці можа стымуляваць эканамічны рост3

Іспанія стала першым фіналістам чэмпіянату свету. Францыя зрынутая28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы8

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць