Меркаванні3939

Назавіце адзін высакародны ўчынак Лукашэнкі за 17 гадоў

Піша Сяргей Дубавец.

Піша Сяргей Дубавец.

Пытаньне пра інтэрвію ППРБ для «Washington post» (браць ці ня браць?), нібы дэжавю паўтарылася праз пару дзён, толькі ўжо ў дачыненьні да назіральнікаў АБСЭ
ў судах над арыштаванымі за 19 сьнежня (ехаць ім туды ці ня ехаць?). У мінулы раз выснова была — ня браць, бо шкода ад прамыўкі мазгоў беларускаму народу з дапамогай уплывовых брэндаў непамерна большая, чым карысьць ад таго патоку сьвядомасьці made in Belarus, у які акунецца сусьветны чытач.

Назіральнікі і надзіральнікі

Тое самае з АБСЭ. Высновы эўрагасьцей застануцца па-за ўвагай нашага масавага чалавека, затое іх прысутнасьць на шмат градусаў падвысіць тонус бэтэшнай прапаганды. Зьмяіныя галоўкі ў панарамах будуць з эратычным прыдыхам устаўляць гэтую made in Europe абрэвіятуру ў суконныя тэксты прысудаў «ворагам народу». Быццам для таго БДІПЧ і прыяжджаў толькі, каб паспаліты беларус хутчэй паверыў ва ўсю гэтую фантасмагорыю масавых беспарадкаў, на горкі яблык пабітага спэцназу і ўтульных хатніх арыштаў.

Але, скажыце, зь якой прынукі заходнікі павінны дбаць пра здароўе беларускага глузду? Некаторыя зь іх зялёнага панятку ня маюць пра тое, што праўда — гэта, насамрэч, хлусьня.

Палагодзіць інтарэсы паспрабаваў камэнтатар Хведар [на сайце радыё «Свабода»]:

«Пачынаць трэба з пытаньня, ці законным шляхам здабытыя доказы. Трэба дамагчыся адказу, чаму, насуперак патрабаваньню канстытуцыі і міжнародных дамоваў, да абвінавачаных не дапускаліся і не дапускаюцца адвакаты; чаму пяць адвакатаў, якія бароняць удзельнікаў Плошчы, пазбаўленыя ліцэнзіі? Калі „экспэрты“ не дамогуцца адказу на гэтыя пытаньні перад пачаткам суда, шэлег цана такой місіі».

Хе-хе. Але каму місія павінна задаць гэтыя пытаньні? Вядома, каму. І адказ вядомы: «Ды што вы гаварыце? Січас праверу».

І яшчэ. Калі б Сталін запрасіў эўрапейцаў назіраць за пастановамі «троек», што б яны там «назірнулі»? Думаеце, кроў і катаваньні? Я думаю, пусты графін.

За дыялёг, але з уладай

Больш за ўсё спадабаўся камэнтар Крата зь Менску. У нас так шмат наракаюць, што нічога ня робіцца. Хай бы лепей пісалі свае прапановы на тэму «Што рабіць». Як Крот:

«Спадарства, я хоць і падзяляю пазыцыю, што дыялёг зь сёньняшнімі ўладамі немагчымы, найперш таму, што яны не прымаюць ніякай альтэрнатыўнай думкі, але гэта ня значыць, што дыялёг немагчымы з самымі рознымі слаямі насельніцтва. На мой погляд, трэба, акрамя палітычнага вэктара, знайсьці спосабы ўключыць культурны, адукацыйны вэктары, а таксама — дабрачыннасьць. А гэта значыць, што

пад кіраўніцтвам партыяў неабходна праводзіць культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы, асабліва ў рэгіёнах. Гэта могуць быць сэмінары, канцэрты, фэстывалі, акцыі. Уключыце крэатыў. Ёсьць маса людзей, якія ў сілу сваёй дэмакратычнай арыентацыі засталіся за межамі актыўнага сацыяльнага жыцьця. Яны не гатовыя зьмяніць род дзейнасьці і займацца палітыкай, але з задавальненьнем пайшлі б на супрацоўніцтва,
прычым — пераважна бясплатна, у рамках нейкіх цікавых праектаў. Думаю, што прыдаць гэтым праектам шматколернасьць і павысіць цікавасьць да іх знайшліся б і замежныя калегі: музыкі, мастакі, фатографы, лектары. Гэта й ёсьць своеасаблівы дыялёг ці дыскусія, на ваш густ. Зразумейце, жыцьцё — гэта ня толькі палітыка. Больш за тое, палітычныя погляды — гэта часта наступства нейкіх іншых працэсаў».

Пяць балаў.

Трыццаць гадоў таму БНФ і пачынаўся з мноства культурных і асьветных ініцыятываў, якія ўрэшце зьліліся ў адну раку і выйшлі ў палітыку. Прычым, абсалютна бясплатна. Напэўна ж пасьля ўсяго, што выкрыкнута сёньня аднымі дэмакратамі на адрас другіх, пасьля грашовых і агентурных скандалаў, пасьля самых брыдкіх дапушчэньняў, прамоўленых як факт, нейкае новае аб’яднаньне можа адбыцца толькі на чыстым месцы і на падставе каштоўнасьцяў. А каштоўнасьці не з палітыкі бяруцца, а з культуры і асьветы. І калі мы аб’яднаемся ў культуры, у мове, у нацыянальнай ідэі, калі набярэм сілы, тады можна і палітычныя задачы вырашаць.

Натуральна, дадае Крот, гэта ўсё не адмяняе барацьбы за вызваленьне палітвязьняў.

Подзьвіг Міхельсона (2)

Ну і ўвалілі мне за Міхельсона (мянушка Алеся Міхалевіча) зь мінулага агляду. І за прыгадку таго Міхельсона, які пасадзіў у клетку Пугачова. Маўляў Міхалевіч цяпер не на месцы царскага вайскаводца, а на месцы бунтаўніка.

Згодны з тым, што месцы адваротныя, як і з тым, што ня месца красіць чалавека. Ні Міхельсон, ні Ямелька ніколі не памяняюцца сваімі сутнасьцямі ад таго, што памяняюцца месцамі.

Яшчэ папракалі тым, што за Міхельсонам стаяў Сувораў, які пасьля пасадзіў у клетку ўсіх беларусаў. Але ня трэба блытаць боб з гарохам, а імпэрскія войны з усталяваньнем закону. У гісторыі яіцкага казачка мне бачыцца паралель з гісторыяй казачка Міхненкі і ўсяго таго нашэсьця Залатарэнкі — ужо на нашай зямлі. Тады мазаічнага Міхненку са таварышы пасадзіў Януш Радзівіл, і ня ў клетку, а на кол.

Улада бывае разумная і шалёная. Першую ўвасабляюць Міхельсон і Радзівіл, другую — Ямелька Міхненка і некаторыя тут. Адпаведны чалавек адпаведным чынам «красіць» адпаведнае месца.

Ці можаце вы назваць адзін (!) высакародны ўчынак Лукашэнкі за гэтыя 17 гадоў? А спытайце ў мяне пра Міхалевіча, і я скажу — магу.
Расказаў пра катаваньні ў турме КДБ. І ўчынак яго ня ў тым, што ён пра гэта расказаў. Гэта толькі фабула. Учынак у тым, што кожны падумаў пра сябе.

Ня ўсе, натуральна. Вось Кацюша піша пра Саньнікава, Статкевіча і Някляева (гэта яе парадак):

«Паверце, выйдуць з КГБ, пра ўчынак Міхалевіча ўсе забудуць… Міхалевіч малайчына. Яму дзякуй за праўду… Але вы згадзіцеся, што ён нагадвае капрызную дзяўчынку».

Ізноў, па-мойму, ня ў тым рэч, каго нагадвае Міхалевіч, і ня ў тым, хто з кандыдатаў сьвяцейшы за іншых. Дзякуючы Міхалевічу, мы ведаем, што адбываецца зь іншымі, якія пакуль ня выйшлі. І сьвет ведае тое, чаго ён не дазнаецца ані з інтэрвію ў «Washington post», ані ад назіральнікаў АБСЭ.

Каментары39

Цяпер чытаюць

Хто забараняе ў Беларусі кнігі — вось гэтыя 22 чалавекі33

Хто забараняе ў Беларусі кнігі — вось гэтыя 22 чалавекі

Усе навіны →
Усе навіны

Побач з рэзідэнцыяй Пуціна нацягнулі антыдронавыя сеткі4

На Кругляншчыне выкраданне аўто скончылася ДТЗ і пажарам

Сваякі махляроў запісалі зварот да Лукашэнкі. Кажуць, што тыя — звычайныя бізнэсмены, проста скуплялі тэхніку за капейкі34

Украіна стварае танную альтэрнатыву ракетам Patriot. Але выпуск магчымы, толькі калі падключацца Францыя, Італія і Нарвегія2

«Украіна не прайграе, Расія не перамагае». Эн Эплбаум пра пералом у вайне, які мяняе ўсё5

Як арганізаваны рух на вуліцы Максіма Багдановіча, дзе будуюць метро2

У Мінску міліцыя адгаварыла пенсіянерку ад выкідвання з акна

На Лунінеччыне сын да смерці забіў бацьку ломам

У Севастопалі згарэў музей Крымскай вайны ХІХ стагоддзя. Расіяне заяўляюць пра ўдары дронаў17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто забараняе ў Беларусі кнігі — вось гэтыя 22 чалавекі33

Хто забараняе ў Беларусі кнігі — вось гэтыя 22 чалавекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць