Гісторыя2525

Нясвіжскі след Скарлет Ёхансан

Яе продак — шавец Барух Ходаш з вуліцы Глухой.

Той, хто цікавіцца сучасным папулярным кіно, не можа не ведаць Скарлет Ёхансан. З дзевяці гадоў пад прыцэлам кінакамер, зорка фільмаў Вудзі Алена і Крыстафера Нолана, шматразовая намінантка на «Залаты глобус»… Да таго ж — драматычная актрыса на брадвейскай сцэне, а таксама поп-спявачка. Ёхансан— сэкс-сімвал сучаснага Галівуда, часопіс Esquire у 2006 і 2013 абіраў Скарлет самай прыгожай жанчынай свету.

У яе жылах злілася нардычная дацкая кроў вікінгаў па мячы і габрэяў-ашкеназаў па кудзелі. У інтэрв’ю Ёхансан згадвала, што яе габрэйскія продкі паходзяць з-пад нейкага Мінска, які ці то ў Польшчы, ці то ў Расіі. «Было б выдатна туды з’ездзіць, але мне не хапае на гэта часу»,— заявіла актрыса на прэм’еры фільма «Мсціўцы». Аднак насамрэч ехаць ёй трэба не ў Мінск. Напрацоўкі па габрэйскай генеалогіі сведчаць, што яе прадзядуля адправіўся заваёўваць Амерыку са славутага Нясвіжа.

У пачатку ХХ ст. у Нясвіжы, горадзе Слуцкага павета, жыў Барух Ходаш. Ён меў уласны драўляны дамок на вуліцы Шпітальнай (якая ў савецкі час стане вуліцай Пушкіна). Вуліца хоць і не цэнтральная, але выгадная: побач галоўны «праспект» Нясвіжа з крамамі і кавярнямі ды разнастайнай публікай, з іншага боку — цэнтр габрэйскага жыцця, «Школьны двор» з пяццю сінагогамі. У Нясвіжы жылі і іншыя Ходашы, але ці былі яны сваякамі — сказаць цяжка: прозвішча «Ходаш», аналагічнае нашаму «Новік», не было рэдкім.

Пазней Барух з нейкіх прычынаў пераехаў: у 1920-я ў нясвіжскіх даведніках згадваецца шавец Б.Ходаш, у якога замаўлялі чаравікі нясвіжскія паненкі. Яго хату з майстэрняй можна было знайсці на вуліцы Глухой (цяпер носіць гордае імя Францішка Скарыны). Назва добра характарызуе гэтую і сёння ціхую вулачку, размешчаную, аднак, за пару дзясяткаў крокаў ад Рынкавай плошчы.

Цяжка сказаць, ці квітнеў яго бізнэс, бо ў маленькім Нясвіжы шавец Ходаш меў з дзясятак канкурэнтаў. Так ці інакш, сын Баруха Іцхак зрабіў па прыкладзе многіх выхадцаў з небагатых габрэйскіх шматдзетных сем’яў таго часу — выправіўся шукаць шчасця за акіян, у далёкую казачную Амерыку.

Іцхак Ходаш нарадзіўся ў 1898-м, хутчэй за ўсё, яшчэ на Шпітальнай. За польскім часам ён пакідае радзіму разам са сваёй жонкай Ханнай.

У той час найбольш адважныя габрэі ўжо выпраўляліся на зямлю продкаў — у Палесціну. Ехалі туды і землякі Ходаша: перасяленцы з Нясвіжа і Ляхавіч нават заснавалі сваё паселішча — кібуц Дганія-Бэт у Галілеі. Аднак пераезд туды вымагаў падрыхтоўкі, гатоўнасці да цяжкай працы на скупой зямлі, напружанага жыцця ў варожым арабскім атачэнні. Не дзіва, што Іцхак выбраў больш традыцыйны кірунак, якім ужо скарысталіся тысячы выхадцаў з Беларусі самага рознага паходжання.

Маладая пара пасялілася ў Нью-Ёрку, у Брукліне. Трэба адзначыць, у той час у Нью-Ёрку атабарылася нямала выхадцаў з Нясвіжа, якія нават мелі сваё таварыства. Як гэта часта бывала, муж і жонка пачалі новае жыццё пад амерыканізаванымі імёнамі: Іцхак назваўся Ізідорам, а Ханна — Аннай. Аднак амерыканцамі яны так да канца і не сталі: дома гаварылі, як і ў Нясвіжы, на ідыш, нават дзецям давялося засвойваць англійскую мову ад сяброў.

Ізідор уладкаваўся рабочым на гарбарную вытворчасць, дзе вылучыўся як прафсаюзны дзеяч. У суровых рэаліях капіталізму амерыканскія прафсаюзы займаліся зусім не раздачамі пуцёвак— гэта была цяжкая і нервовая дзейнасць, часта ў канфлікце з працадаўцамі і дзяржаўнымі органамі, што падазравалі прафсаюзы (і часта небеспадстаўна) у супрацы з СССР.

Неўзабаве ў Ходашаў нарадзілася дачка — Дораці, за ёй народзяцца яшчэ сястра і брат. Артыстычная Дораці з дзяцінства марыла стаць актрысай. Яна была зоркай школьных і студэнцкіх тэатральных выступленняў, аднак яе ўзыход быў перарваны суровымі жыццёвымі абставінамі. Цяжка хварэе і памірае ў 1945 тата. Каб дапамагчы маці з малодшымі дзецьмі, Дораці забываецца пра свае мары і ўладкавалася на завод металургічных вырабаў, дзе працавала да замужжа. Аднак цвёрды эмігранцкі характар узяў сваё: пасля замужжа і нараджэння дзіцяці Дораці (ужо не Ходаш, а Слоан) працягнула адукацыю, вывучала псіхалогію і педагогіку, а пасля працавала настаўніцай. І тут дачку нясвіжцаў, як і ўсё амерыканскае грамадства 1960-х, ахапіла прага перамен.

Прыклад бацькі — прафсаюзнага барацьбіта, а таксама ўплыў пашыранага сярод тагачаснай заходняй моладзі левага рамантызму паклікалі Дораці змяніць жыццё. Яна вырашае пажыць у Даніі — яе зацікавіла сацыяльная мадэль краіны. У Данію Дораці пераязджае з сямнаццацігадовай дачкой Мелані. І Мелані знаходзіць тут свой лёс, у асобе архітэктара Карстэна Ёхансана, будучага мужа. Амерыканкі так і не атрымалі дацкага дазволу на працу, Карстэн і Мелані, а пасля і хворая Дораці, вяртаюцца ў Нью-Ёрк. Тут з’явіліся на свет іх чацвёра дзяцей, сярод якіх — народжаная ў 1984 знакамітая Скарлет, якая з размахам рэалізуе бабуліну мару аб акцёрскай кар’еры.

Што ж сталася з нясвіжскімі продкамі і сваякамі знакамітай актрысы? У спісах ахвяр Халакосту ў Нясвіжы Баруха Ходаша няма (імаверна, не дажыў стары шавец да жахаў Другой сусветнай), але іншыя нясвіжскія Ходашы (яго дзеці і ўнукі?) загінулі ад рук нацыстаў. Цяжка сказаць, ці падчас масакры восенню 1941-га, калі ў адзін дзень у радзівілаўскім парку і на сноўскай дарозе было забіта больш за 3000 нясвіжскіх габрэяў, ці бралі ўдзел у адчайнай спробе паўстання ў Нясвіжскім гета ў ліпені 1942-га. Тымі трагічнымі падзеямі скончылася чатырохсотгадовая гісторыя габрэйскага Нясвіжа, аб якой нагадваюць адно нешматлікія мемарыяльныя знакі, старыя хаты і камяніцы, якіх застаецца ўсё меней, ды рэдкія госці — нашчадкі эмігрантаў, якіх некалі расцерушыла па ўсім свеце…

Каментары25

Цяпер чытаюць

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала11

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Усе навіны →
Усе навіны

Цэны на малочнае ў свеце зніжаюцца3

У Магілёве зваршчык загінуў, захацеўшы спусціцца на грузавым ліфце

У які час найбольшая рызыка нарвацца на кляшча?

У Гродне на беразе Нёмана знайшлі труп без галавы2

Стартап з беларускімі каранямі распрацаваў ШІ-інструмент для праграмавання

На радзіме Кастуся Каліноўскага бура пашкодзіла старыя могілкі. Праваслаўная парафія просіць дапамогі — або грашыма, або хто можа прыехаць з бензапілкай7

Стала вядомая прычына нядаўняга пажару ў цэнтры Мінска2

Уладзімір Някляеў з нагоды свайго 80‑годдзя напісаў сабе некралог — жартаўлівы і філасофскі23

Іранскія дзяржаўныя СМІ ўпершыню паказалі разбураную рэзідэнцыю Хаменеі пасля ўдару ЗША і Ізраіля ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала11

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць