Грамадства11

«На абеды і вячэры не траціла больш за 5 BYN». Беларуска — пра свае выдаткі на падарожжа ў Жыровіцкі манастыр

Колькі каштуе пабыць паломнікам у манастыры — пажыць у мясцовым гатэлі, харчавацца ў трапезнай. Пра гэта магіляўчанка Святлана, якая летам з сяброўкай пабывала ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, распавяла MYFIN.

Манастыр знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці, у Слонімскім раёне, у самым цэнтры аграгарадка Жыровічы. Знакаміты ён самай маленькай цудатворнай іконай Божай Маці. Яе памер — усяго 5,6 на 4,4 см.

З Магілёва, як і з Мінска, зручна дабірацца на цягніку.

— Квіток на цягнік міжрэгіянальных ліній бізнес-класа Магілёў — Мінск каштаваў 21,49 BYN. З Магілёва цягнік адпраўляецца а 19:43, прыбыццё ў Мінск — а 22:38. З Мінска да Слоніма даехалі на цягніку Мінск — Гродна за 18,69 BYN, з пасцельнай бялізнай. Адпраўляецца цягнік у 00:50, прыбыццё ў Слонім — у 04:25.

За 2,5 BYN здалі рэчы ў камеру захоўвання, каб пагуляць па горадзе без нічога.

Да Жыровічаў ходзіць аўтобус № 205, квіток каштуе каля 1,5 BYN. Ехалі да манастыра хвілін 20-30.

Перш за ўсё дзяўчаты засяліліся ў гатэль для паломнікаў.

У ім выконваюцца правілы паводзін, падобныя да тых, што і для насельнікаў манастыра: адпаведнае адзенне, ніякага шуму, забарона на свецкую музыку і чытанне бульварнай літаратуры. Натуральна, нельга курыць, распіваць спіртное і лаяцца. Для размяшчэння патрэбны пашпарт.

— Пра пражыванне трэба дамаўляцца загадзя, на сайце манастыра ёсць нумары тэлефонаў. Папярэдне мы стэлефанаваліся і браніравалі пакой. Размяшчэнне блочнага тыпу, у блоку два пакоі на двух чалавек з агульным душам і санвузлом. У кожным пакоі па два ложкі, вялікі стол з крэсламі, тумбачка, шафа, у холе калідора — электрачайнік. На першым паверсе быў халадзільнік.

У гатэлі мы начавалі дзве ночы, за гэты час да нас нікога так і не падсялілі.

Пражыванне каштавала 20 BYN з чалавека за суткі. Дарэчы, мужчыны і жанчыны размяшчаюцца асобна.

На тэрыторыі манастыра ёсць паломніцкая трапезная і кавярня. Ежа, па словах суразмоўніцы, простая і вельмі смачная, гатуюць толькі з натуральных прадуктаў, штучныя дабаўкі не выкарыстоўваюць.

— Заўсёды можна выбраць некалькі відаў рыбы і мяса, салаты і гарніры — крупы, пюрэ, агародніннае рагу. У меню былі дранікі, яечня, сырнікі. Цэны на ўзроўні заводскіх сталовых.

Лянівы галубец купляла за 1,5 BYN, рыбную катлету — за 2 BYN. Памер порцый салідны.

Па рублі каштуюць булачкі з карыцай або макам. Бохан хлеба каштаваў крыху больш за 2 BYN. Адрозненне манастырскага хлеба ад звычайнага ў тым, што цеста месяць на святой вадзе.

За 4,5 BYN можна ўзяць рыбную катлету, дранік і салат з буракоў з маянэзам. У такую ж суму ўкладвалася, калі выбірала гарнір, катлету і салат. Ні на адзін абед або вячэру не патраціла больш за 5 BYN.

Кавярняў і рэстаранаў у аграгарадку мы не бачылі, народ масава ідзе есці ў трапезную. У нядзелю ўвогуле была вялізная чарга.

Расказвалі, што ў Жыровічах была сталовая ў мясцовым каледжы, але яна закрылася, бо навучэнцы аддавалі перавагу манастырскай ежы.

У манастыры можна замовіць экскурсію, загадзя стэлефанаваўшыся. Магіляўчанкі вывучалі ўсё самі, бо было дастаткова часу.

— На тэрыторыі шмат царкоўных крамак, дзе можна зрабіць пакупку, пачынаючы ад 1 BYN, — столькі каштуе іменная ламінаваная ікона. Іконы ў пластмасавых рамках каштавалі ад 5—8 BYN. У драўляных — даражэй, 12—15 BYN. Сярэбраныя крыжыкі — у сярэднім 15 BYN. Прадавалася нават адзенне, гэта актуальна для тых, хто прыехаў у майцы і шортах ці кароткіх спадніцах.

Назад магіляўчанкі ехалі да Мінска на цягніку Гродна — Віцебск, які адпраўляецца а 15:58. Квіток без пасцельнай бялізны каштаваў 13,69 BYN. Прыехалі ў Мінск а 18:49. Маршрутка да Магілёва абышлася ў 25 BYN.

Колькі патрацілі?

Дзве ночы ў гатэлі для паломнікаў — 80 BYN.

Ежа ў трапезнай і кавярні — каля 70 BYN.

Дарога — у раёне 170 BYN.

Паездка на дваіх на тры дні абышлася ў 320 BYN. Лічба не ўключае пакупкі ў царкоўных крамках.

Каментары1

  • Спадар
    08.09.2025
    за рускім папом --- заўжды прыходзіць рускі штык!

Цяпер чытаюць

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Усе навіны →
Усе навіны

Сакрэтны план НАТА супраць Пуціна: як Захад рыхтуецца да абароны ад Расіі8

Боль фанатаў каманды Парагвая не сціхае — яны спалілі пудзіла Мбапэ4

Алёна Ланская пахвалілася, што даўно адмовілася ад мяса, бо любіць жывёл. Спявачцы прыпомнілі яе шубу4

Памерла легенда поп-рок-музыкі Боні Тайлер9

У Жлобіне аднавілі падачу вады пасля аварыі

Беларус-грузчык, які стаў асабістым памочнікам і даверанай асобай кіраўніка расійскага Сбербанка Германа Грэфа, сапраўды існуе6

«Яхту Пуціна» перагналі ў Севераморск. Магчыма, яе ратуюць ад украінскіх беспілотнікаў

«Яго бачылі пад Барселонай». Што вядома пра пошукі беларуса, які згубіўся ў Іспаніі

Чыноўнікі палічылі слоган Гродзенскага мясакамбіната парушэннем закона2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць