У кобрынскага пенсіянера знайшлі самаробны рэвальвер з боепрыпасамі
У Кобрыне сілавікі знайшлі ў 71‑гадовага мясцовага жыхара незарэгістраваную агнястрэльную зброю, боепрыпасы і порах, паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Паводле інфармацыі міліцыі, падчас агляду гаспадарчай пабудовы знайшлі самаробны рэвальвер, які, паводле вынікаў экспертызы, прызнаны прыдатным для стральбы, а таксама 75 пісталетных патронаў, больш за 90 спартыўна-паляўнічых патронаў і звыш 300 грамаў дымнага пораху прамысловай вытворчасці.
Пенсіянер растлумачыў, што зрабіў рэвальвер самастойна яшчэ ў пачатку 1990‑х гадоў, калі працаваў на аўтарамонтным заводзе, які вырабляў запасныя часткі. Усе гэтыя рэчы, паводле яго слоў, захоўваліся ў падсобным памяшканні на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. За такія дзеянні прадугледжаная крымінальная адказнасць аж да пазбаўлення волі на тэрмін да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Каментары