Меркаванні2020

Забойства жаўнера Польшча не выбачыць. Лукашэнка правакуе сур'ёзны канфлікт

Варшава дае Лукашэнку шанец дээскалаваць сітуацыю. Улады ў Менску павінны як мага хутчэй знайсці, затрымаць і перадаць Польшчы забойцу польскага жаўнера. Піша калумніст «Белсата», журналіст газеты «Rzeczpospolita» Руслан Шошын. 

Польскія салдаты патрулююць мяжу з Беларуссю ўздоўж памежнай агароджы ў Белавежскай пушчы. Фота: Attila Husejnow / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Смерць памежніка Матэўша Сітака скалыхнула Польшчу. Напрыканцы траўня адзін з мігрантаў, які нелегальна прабаваў перайсці мяжу, ударыў польскага жаўнера нажом і вярнуўся на тэрыторыю Беларусі.

Загінулы вайсковец меў 21 год, у 1-ай Варшаўскай Танкавай Брыгадзе (1 Warszawska Brygada Pancerna) паспеў паслужыць толькі паўгода. Раней быў жаўнерам Вайсковай Тэрытарыяльнай Абароны (WOT) куды запісаўся добраахвотнікам.

Польскія СМІ, палітыкі, грамадскія дзеячы і лідары меркаванняў кажуць наўпрост — жаўнер герой, страціў жыццё баронячы мяжу.

Вось такая сітуацыя, Польшча не знаходзіцца ў стане вайны, але мяжу бараніць трэба і жаўнеры ўжо гінуць.

Ніхто не мае сумневу, што халодная вайна ўжо ідзе, па другім баку мяжы — маленькая агрэсіўная дыктатура, якая знаходзіцца на кароткім ланцужку вялікай агрэсіўнай дыктатуры.

Што рабіць з Лукашэнкам і яго рэжымам? Падаецца, што на гэтае пытанне ў Польшчы ніхто пакуль адказаць не можа, дый не шукае адказу.

Больш за тое, выглядае, што ў Варшаве дамінуе перакананне аб тым, што на мяжы за Беластокам заканчваецца заходняя цывілізацыя. Далей — адна вялікая турма, лагер.

Ніхто ў польскім кіраўніцтве асабліва не верыць у хуткія перамены, няма ілюзіяў. У іншым выпадку ўрад не прымаў бы чатырохгадовую праграму «Шчыт Усход» (Tarcza Wschód) і не планаваў бы будову фартыфікацыяў на мяжы коштам больш за 2 мільярды еўра.

Менавіта таму забойства жаўнера на мяжы — гэта дрэнная навіна не столькі для Лукашэнкі і яго атачэння (яны даўно не падарожнічаюць у Еўропу), колькі для звычайных беларусаў. Бо краіну можа чакаць яшчэ большая ізаляцыя.

Невядома які будзе адказ Варшавы — ціск грамадства і СМІ на ўрад вельмі моцны, а інструментаў уплыву на рэжым у Менску зусім не шмат: адзіны пасажырскі пераход у Тарэспалі, таварны памежны пераход Кукурыкі-Казловічы і таварныя чыгуначныя пераходы. Чыгунка закранае інтарэсы Кітаю і Сярэдняй Азіі (база ў Малашэвічах), таму ў выпадку далейшай эскалацыі сітуацыі на мяжы пад удар пападуць хутчэй за ўсё першыя два варыянты.

Кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі запатрабаваў ад рэжыму Лукашэнкі выдаць Польшчы імігранта, які забіў польскага жаўнера.

Такім чынам Варшава дае магчымасць дээскалаваць сітуацыю і ў пэўным сэнсе даць адказ польскаму грамадству, супакоіць настроі.

Ніхто не замінае рэжыму затрымаць гэтага чалавека і на падставе білатэральных дамоваў перадаць яго польскім уладам. Але гэта было б магчыма калі б дыктатар не меў нічога супольнага з сітуацыяй на беларуска-польскім памежжы, калі б гэта не была мэтанакіраваная гібрыдная вайна, працяглая правакацыя.

Што цікава, у Менску свядома ідуць на абвастрэнне стасункаў з Варшавай. Чаму? Бо яшчэ 24 траўня кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск наведваючы Беласток не выключыў, што Польшча можа адчыніць памежны пераход у Баброўніках. Тлумачыў гэта інтарэсамі польскіх памежных прадпрымальнікаў, мясцовых жыхароў. Гэта быў таксама і адназначны сігнал Лукашэнку — вызваляй Анджэя Пачобута.

Калі б улады ў Менску былі зацікаўленыя ў хоць бы павольнай і асцярожнай, але адлізе, яны не праігнаравалі б гэты сігнал.

А можа замежная палітыка Беларусі ўжо знаходзіцца пад кіраўніцтвам ведамства Сяргея Лаўрова?

Таму высновы для беларусаў не суцяшальныя. Рэжым (у супрацы з Масквой), выглядае, свядома дабівае стасункі з Польшчай, імкнецца да поўнага закрыцця межаў, правакуе сурʼёзны канфлікт на памежжы.

Калі падобныя сітуацыі паўторацца, калі не супыняцца атакі на польскіх памежнікаў і жаўнераў, наступствы будуць непрадказальныя.

Каментары20

  • А
    10.06.2024
    Замежная палітыка Беларусі ўжо знаходзіцца пад кіраўніцтвам не афрыканскага скакуна, а пад кіраўніцтвам азіяцкага вінні пуха. А луй - максімум комік-стэндапер.
  • *
    10.06.2024
    Ужо похер. Зачыняйце і хопіць плявузгаць у прастору словамі.
  • 123
    10.06.2024
    Гатуюць нас да жалезнай заслоны

Цяпер чытаюць

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі11

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі

Усе навіны →
Усе навіны

Асудзілі дзяўчыну, якая ў 2020‑м пратэставала супраць «выбараў без выбару» і патрабавала ад кандыдатаў пазіцыі па Украіне8

Фэйл запаснога кіпера Бельгіі пахаваў каманду. Куртуа можна было не мяняць3

Урадавы бізнэс-джэт даставіў некага з Мінска ў турэцкі Бодрум6

Навукоўцы, магчыма, раскрылі самую старажытную крымінальную справу ў гісторыі чалавецтва2

«Я не хаджу ў суд, мяне носяць у кайданках». Ліст Алеся Пушкіна да Валянціна Стэфановіча з-за кратаў 2

Новы альбом Мадонны ўзначаліў брытанскі хіт-парад

Надакучылі восы? Адвадзіць іх дапаможа звычайны папяровы пакет

Іспанія вырвала перамогу ў Бельгіі і выйшла ў паўфінал чэмпіянату свету4

Трамп загадаў разбамбіць Іран у выпадку сваёй гібелі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі11

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць