«Маральная і мастацкая пачварнасць». Жыхары Брэста ў шоку ад новай інсталяцыі, якой ганарацца чыноўнікі
Улады Брэста працягваюць «упрыгожваць» горад да 22 чэрвеня. Гэтым разам у цэнтры з’явілася новая інсталяцыя, прысвечаная ўзняццю Сцяга Перамогі над Рэйхстагам. Замест захаплення яна выклікала зусім іншую рэакцыю. Жыхары горада пішуць, што ім сорамна за Брэст, а таксама пытаюцца ў чыноўнікаў, чаму яны прыбралі нязручныя для прапаганды дэталі, расказвае BGmedia.

Пра з’яўленне новай кампазіцыі загадзя паведаміў Брэсцкі гарвыканкам. Чыноўнікі анансавалі ўстаноўку малой архітэктурнай формы на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. «Гэтая малая архітэктурная форма стане напамінам пра захаванне гістарычнай памяці», — патлумачылі ў гарвыканкаме.
Пазней высветлілася, што скульптуру пад назвай «Сцяг над Рэйхстагам» вырабілі майстры баранавіцкай «Карпарацыі дэкору». Гэта ўжо трэцяя кампазіцыя, якая прыехала ў Брэст з Баранавічаў.
Многія берасцейцы раскрытыкавалі як знешні выгляд кампазіцыі, так і саму ідэю яе размяшчэння ў цэнтры горада:
«Якая ж маральная і мастацкая пачварнасць».
«Выглядае крынжова, калі шчыра».
«Крынжаціна».
Некаторыя берасцейцы звярнулі ўвагу на якасць выканання.
«Памятнікі павінны рабіць скульптары, а не вытворцы дэкору з пластыку і не дамарослыя зваршчыкі».
«Спадзяюся, ён тут да зімы не прастаіць. Выглядае вельмі танна, як кітайскія фігуркі з таннага пластыку».
«Мяне агаломшвае прымітывізм формаў, выкананне, ідэя сюжэта. Калі гаварыць пра захаванне памяці, то ў свеце велізарная колькасць прыкладаў, дзе важныя ідэі адлюстраваныя ў месцах, якія сапраўды прымушаюць задумацца пра мінулае, заглыбіцца ў важныя думкі. Гэта форма мастацтва і маркер узроўню культуры. Мяне абражае, што горад вырашыў, што ГЭТА адлюстроўвае ўзровень культуры брэстаўчан».
Іншых здзівіла само месца ўстаноўкі:
«Ну дык паставілі б у крэпасці — навошта ён у цэнтры горада? Калі ўжо месца вольнае, паставілі б інсталяцыю, прысвечаную самому гораду Брэсту».
«Дзівіць выбар месца. У адзін бок бульвар Касманаўтаў, у другі — Шаўчэнкі. Скрыжаванне… То ёлкі ставяць, то рэйхстагі».
«Вы, бл*, дрэвы лепш саджайце ў горадзе, а не ўсякую ху**ю ўсталёўвайце! Абсалютна не да месца, недарэчна, безгустоўна. Што ў галовах…».
Берасцейцы цікавяцца, чаму ў салдата на інсталяцыі няма двух гадзіннікаў
Асобнай тэмай абмеркавання сталі гістарычныя дэталі знакамітага здымка ўзняцця Сцяга Перамогі над Рэйхстагам. Некалькі карыстальнікаў нагадалі пра вядомую гісторыю з наручнымі гадзіннікамі на руках аднаго з байцоў, якая дзесяцігоддзямі абмяркоўваецца гісторыкамі і даследчыкамі ваеннай фатаграфіі.
«А чаму ў «асвабадзіцеля» няма двух трафейных гадзіннікаў на руках?»
«А для захавання гістарычнай памяці, ці будзе там адлюстравана максімальна рэалістычна — з гадзіннікамі на левай і правай руцэ?»
«А крадзеныя нямецкія гадзіннікі на дзвюх руках чаго дамаляваць забыліся?»
Іншыя каментатары стаміліся ўжо не столькі ад самой кампазіцыі, колькі ад агульнага кірунку гарадской сімволікі.
«Як дастала гэтая ваеншчына, млосна ўжо. Акрамя ВАВ нібыта гісторыі не было».
«А калі-небудзь у будучыню глядзець будзем?»
«Ой, бл*, ну перамаглі, перамаглі. Далей што?»
Пры гэтым частка карыстальнікаў нагадала і пра гістарычныя нюансы знакамітай падзеі: «Ага, а паставілі той сцяг украінец і грузін. Пра гэта памятаем?»
Гісторыя здымка «Сцяг Перамогі над Рэйхстагам»
Насамрэч кадр, на аснове якога ў Брэсце ўсталявалі інсталяцыю, — чыстай вады інсцэніроўка, а не выпадковы рэпартаж з гушчы бою. Ваенкар Яўген Халдзей зрабіў яго 2 мая 1945 года, калі Берлін ужо капітуляваў, а стральба сціхла.
Самыя сцягі Халдзей наогул прывёз з сабой з Масквы — іх па яго просьбе пашыў са звычайных чырвоных абрусаў знаёмы кравец. На даху Рэйхстага фатограф проста сустрэў першых байцоў, якія трапіліся, і папрасіў іх прыгожа папазіраваць для кадра, які меўся стаць сімвалам перамогі.
Калі Халдзей праявіў плёнку ў Маскве, у рэдакцыі часопіса «Огонёк» здарыўся скандал: на кадрах заўважылі, што ў афіцэра, які падтрымлівае сцяганосца, на абедзвюх руках гадзіннікі. Паводле законаў ваеннага часу гэта было жалезным доказам марадзёрства, за якое савецкіх салдат належала расстрэльваць. Пакідаць такі кампрамат на галоўным здымку эпохі было катэгарычна нельга, і кіраўніцтва адразу дало зразумець: альбо гэтая ганьба знікае, альбо фота не пойдзе ў друк, а ў Халдзея будуць велізарныя праблемы.
Каб выратаваць здымак (і сябе), Халдзею давялося заняцца жорсткім фоташопам узору 1945 года. Ён узяў звычайную швейную іголку і проста на негатыве ўручную саскроб другі гадзіннік з правай рукі салдата, ператварыўшы яго ў размытую пляму.
Заадно, каб дадаць кадру ваеннай драмы, ён зацямніў неба і дадаў туды густыя клубы дыму з зусім іншай фатаграфіі. Так рэальны гістарычны здымак ператварыўся ў адрэтушаваны прапагандысцкі міф.
Каментары