Архіў

Алесь Хацкевіч. Жанчына са зброяй у руках

№ 40 (197), 2 — 9 кастрычніка 2000 г.


 

Жанчына са зброяй у руках

 

Першая ў гісторыі жанчына, абраная ў брытанскі парлямэнт (у 1918 г.), мела незвычайнае для брытанкі імя — Канстанцыя Маркевіч. Папрысутнічаць на першым паседжаньні Палаты грамадаў яна, на жаль, ня здолела, бо сядзела ў турме як ірляндзкая тэрарыстка.

 

Канстанцыя Маркевіч нарадзілася ў Лісадэлі пад Слайга на паўночным захадзе Зялёнае выспы ў 1876 г. у сям’і ірляндзкага арыстакрата Генры Гор-Бута. Свае дзіцячыя і юнацкія гады яна правяла ў арыстакратычным сьвеце Лёндану пры двары каралевы Вікторыі. Сьвецкае жыцьцё падалося дзяўчыне сумным і нецікавым, і яна бяз жалю пакінула яго, зьехаўшы ў 1897 г. у Парыж вучыцца ў мастацкай школе. У францускай сталіцы Канстанцыя пазнаёмілася з шляхціцам Казімерам Дуніным-Маркевічам, ураджэнцам беларуска-ўкраінскага памежжа. Маладыя людзі ў хуткім часе пабраліся шлюбам, а пасьля сканчэньня мастацкай школы зьехалі ў Дублін, дзе ўключыліся ў ірляндзкае культурнае жыцьцё.

Дублін, цэнтар ірляндзкага нацыяналізму, захапіў жанчыну палітыкай. Са звычайнага культурніцкага руху, запачаткаванага культурна-літаратурнай Гэльскай лігай, вырас магутны палітычны рух – Шын Фэйн. Канстанцыя Маркевіч прайшла ўсе этапы ад шараговага чальца Шын Фэйну да аднаго з ірляндзкіх лідэраў.

Першай “палітычнай акцыяй” графіні Маркевіч стала падтрымка выступу бармэнаў у 1908 г. Бармэны пратэставалі супраць павышэньня брытанскім урадам акцызаў на алькагольныя напоі, што значна зьніжала іхныя прыбыткі. Падчас агульнаірляндзкага страйку 1913 г. яна на ўласныя сродкі арганізавала сталоўку для сем’яў страйкоўцаў.

У красавіку 1916 г. у Дубліне выбухнула антыангельскае паўстаньне. У першы Велікодны панядзелак паўстанцы захапілі ў Дубліне вакзал, пошту, тэлеграф. Яны патрабавалі незалежнасьці Ірляндыі. Канстанцыя Маркевіч са зброяй у руках кіравала аддзелам у 120 чалавек, які вёў няроўнае змаганьне з брытанскімі войскамі на вуліцах места. Напрыканцы Велікоднага тыдня, калі большасьць кіраўнікоў паўстаньня былі арыштаваныя, графіня Маркевіч узначаліла Шын Фэйн і кіравала ім да поўнага разгрому паўстанцаў. Паўстаньне было патопленае ў крыві. Канстанцыю Маркевіч арыштавалі і кінулі ў турму. Яе прыгаварылі да сьмерці. Пасьля сьмяротны прысуд быў заменены на пажыцьцёвае зьняволеньне.

У 1917 г. рэвалюцыянэрка трапіла пад амністыю і выйшла на волю, аднак барацьбы не спыніла. Хутка яе зноў кінулі ў турму. У 1918 г. яна стала першай жанчынай у гісторыі Англіі, якая перамагла на выбарах у брытанскую Палату Грамадаў, але па сваіх палітычных перакананьнях (Лёндан не прызнаваў ірляндзкай аўтаноміі) адмовілася заняць гэтае месца. Дый як бы яна яго заняла, седзячы ў турме?

У 1919 годзе ўрад Лойд-Джорджа прызнаў права ірляндцаў на аўтаномію. Зялёная выспа атрымала статус брытанскага дамініёну пад назвай Ірляндзкая Вольная Дзяржава. Канстанцыя Маркевіч заняла пасаду міністра працы ў ценявым кабінэце Дэ Валера.

Яна памерла ў Дубліне ад апэндыцыту ў 1926 годзе. Незадоўга перад сьмерцю да яе вярнуўся муж, што пакінуў яе на пачатку стагодзьдзя, не пагадзіўшыся зь ейным “захапленьнем палітыкай”.

Алесь Хацкевіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Арына Сабаленка выйшла да мінчукоў у атачэнні васьмі ахоўнікаў ВІДЭА22

Арына Сабаленка выйшла да мінчукоў у атачэнні васьмі ахоўнікаў ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску жанчына-бяспраўніца пратараніла дзве машыны, адна з якіх урэзалася ў трамвай

Paramount Pictures набыла правы на экранізацыю арыгіналу «Кашмару на вуліцы Вязаў» і плануе выпусціць новы поўнаметражны фільм

Габелен з Баё прывезлі ў Вялікабрытанію ўпершыню амаль за тысячу гадоў3

У 38 гадоў памёр суддзя Роб Дыперынк. Раней ФІФА адхіліла яго ад чэмпіянату свету з-за абвінавачванняў у дамагальніцтвах2

ЗША нанеслі некалькі ўдараў па Іране1

Эксперты папярэджваюць пра ўсплёск амаль невылечнай інфекцыі з цяжкай дыярэяй, якая перадаецца палавым шляхам9

Мадзяр расказаў, чаму Украіна не б'е па Крымскім мосце7

«Чакаюць трагедыі?» Кіроўцы б'юць трывогу праз стан моста цераз Случ паміж Мікашэвічамі і Жыткавічамі1

«Мёд для вушэй». Беларускамоўны ліфт у Мінску выклікаў фурор3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арына Сабаленка выйшла да мінчукоў у атачэнні васьмі ахоўнікаў ВІДЭА22

Арына Сабаленка выйшла да мінчукоў у атачэнні васьмі ахоўнікаў ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць