Усяго патроху2525

І хто пасьля гэтага аўтсайдэр?

«Зэніт» — БАТЭ — 1:1. Як і ў матчы зь «Ювэнтусам» БАТЭ пакідаў уражаньне цэласнага калектыву, а не каманды раздробленых зорак. Уся тая ж баявітасьць Хагуша, нардычная спакойнасьць Ржэўскага і Сасноўскага, надзейнасьць Валадзька, крэатыўнасьць Крыўца, нацэленасьць Радзівонава. І, канечне, фантастычны Верамко, які ў гэты вечар злавіў неймаверны кураж.

«Зэніт» — БАТЭ — 1:1

Колькі ўжо сарказму і іроніі было ў расейскай прэсе па выніках лёсаваньня, калі стала вядома, што ў супернікі да «Зэніту» ў Лізе чэмпіёнаў патрапіў барысаўскі БАТЭ. Нашы хлопцам многія ўсходнія «аналітыкі» не пакідалі надзею нават на адзін станоўчы вынік у групе. А пакуль маем тое, што на экватары групавога турніру БАТЭ апярэджвае ў турнірнай табліцы чэмпіёна Расеі. Прычым, абсалютна па справе.

А пасьля гульні ў Піцеры ўвогуле ўзьнікла незразумелае пачуцьцё, ці то віншаваць беларусаў зь нічыёй, ці засмучацца ўпушчанай перамогай.

Варта адзначыць, што «Зэніт» перажывае ня лепшыя дні. Пераможца леташняга Кубку ЎЭФА прайграў два стартаваў матчы Лігі чэмпіёнаў, у чэмпіянаце Расеі страчаныя шанцы стаць чэмпіёнам, толькі шчасьлівы зьбег абставін можа прынесьці мэдалі. А яшчэ абвінавачваньне ў подкупе матчаў з «Баварыяй»…

Галяндзкі трэнэр расейцаў Дзік Адвакаат напярэдадні сустрэчы прызнаваўся, што ягоная каманда будзе гуляць у абарончы футбол. Але хто яму верыў? Яшчэ менш сумневаў засталося па азнаямленьню са стартавым складам — у заяўцы «Зэніту» знайшлося месца адразу тром нападнікам. БАТЭ ўсё яшчэ ўспрымалася многімі, як клюб узроўню першай расейскай лігі.

У значнай ступені піцерцы каманда настрою, калі ім атрымліваецца забіць хуткі гол, то спыніць «Зэніт» цяжка. Таму галоўнай задачай на першую палову гульні было не прапусьціць. А зрабіць гэта не такая ўжо і лёгкая задача.

Герой мінулага першынства Эўропы геніяльны Аршавін раз за разам ствараў небясьпеку ля нашых варот. Ды добра было, каб стараўся ў атацы адзін Аршавін, увесь «Зэніт» быў нацэлены на чужыя вароты. Трашчалі штангі і папярэчыны, Верамко ўражваў гледачоў майстэрствам сэйваў.

Сказаць, што БАТЭ заседжваўся ў глухой абароне таксама няправільна. Чаго толькі варты момант з трапляньнем у штангу Радзівонава. А празь нейкі час была яшчэ адна размашыстая ўзорна‑паказальная камбінацыя, якую вянчаў ударам Хагуш — абаронца падстрахаваў «Зэніт». Першы тайм так і не прынёс галоў.

Пачатак другой паловы таксама застаўся за «Зэнітам». Здавалася, што гол ужо немінучы. І ён адбыўся. Што праўда, у процілеглыя вароты. Віктар Ганчарэнка зноў прадэманстраваў свой трэнэрскі талент. У перапынку ён замяніў Ігара Стасевіча, які набегаўся апошнімі днямі ня толькі за клюб, але і за зборную, на Пашу Няхайчыка.

Менавіта вакол Няхайчыка і пачалася гульня каманды ў другім тайме. Хуткі паўбаронца БАТЭ ў гэты вечар адназначна прымусіў зьвярнуць на сябе ўвагу сэлекцыянэраў наймацнейшых клюбаў. І абсалютна лягічна, што менавіта гэты хлопец і адкрыў лік на 52‑ой хвіліне.

«Зэніт» не збаўляў абаротаў, але БАТЭ ўражваў. Уся тая ж баявітасьць Хагуша, нардычная спакойнасьць Ржэўскана і Сасноўскага, надзейнасьць Валадзька, крэатыўнасьць Крыўца, нацэленасьць Радзівонава. І, канечне, фантастычны Верамко, які ў гэты вечар злавіў неймаверны кураж. Часам нават здавалася, што мячу няма ўжо куды дзявацца, а галкіпэр адбіваў і іх.

Як і ў матчы зь «Ювэнтусам» БАТЭ пакідаў уражаньне цэласнага калектыву, а не каманды раздробленых зорак. Нават мільгнула думка, што на дадзеным этапе барысаўскі клюб выглядае мацней зборнай. Самае цікавае, што гульнявы мэханізм хлопцаў Ганчарэнкі абсалютна не ламаюць замены, а толькі ўзмацняюць гульню. Пра Няхайчыка ўжо сказана, а быў жа яшчэ Сівакоў.

Ганчарэнка таксама ўразіў ужо пры нічыйным ліку ён замяніў паўабаронцу Крыўца на нападаючага Мірчава. Нібыта падкрэсьліваючы, што яго задаволіць толькі перамога.

Апошнія хвіліны запомніліся стомай на твары Аршавіна, які ўвесь аддаўся гульні і ўжо ня мог выціснуць яшчэ нешта зь сябе, а таксама слаламным флянгавым праходам усё таго ж жыўчыка Няхайчыка. Хай у Пашы ў тым моманце і ня ўсё атрымалася, але наколькі лёгка ён адарваўся ад абаронцаў «Зэніту».

Апэратар у vip‑ложы злавіў сумныя выразы твару старшыні «Газпраму» Аляксея Мілера і губэрнатаркі Ленінградзкай вобласьці Валянціны Матвяенкі. Клюб з правінцыйнага Барысава ў тыя моманты даваў урокі майстэрства і самаахвярнасьці чэмпіёну Расеі.

Асобнага слова заслугоўваюць беларусы, якія дабраліся да Пецярбурга. У многіх зь іх у руках былі бел‑чырвона‑белыя сьцягі.

Пасьля гульні зь «Ювэнтусам», пішучы пра новых куміраў, было крыху страшнавата. А раптам хлопцы не апраўдаюць гэтага даверу? Раптам праваляцца? Не праваліліся. Нічыя неблагі вынік. Але лёгкі сум ад разуменьня, што да першай перамогі не хапіла нейкіх дзесяці хвілін.

І хто пасьля гэтага аўтсайдэр нашай групы?

Зьміцер Панкавец

***

Турынскі «Ювэнтус» выйграў на сваім полі ў мадрыдзкага «Рэала» зь лікам 2:1 (Дэль П’ера, Амауры – Ван Ністэльрой).

Пасьля трох тураў турнірнае становішча ў нашай групе наступнае:

«Ювэнтус» – 7, «Рэал» – 6, БАТЭ – 2, «Зэніт» – 1.

5 лістапада БАТЭ ў Менску згуляе з «Зэнітам», а «Рэал» у Мадрыдзе – з «Ювэнтусам».

25 лістапада: БАТЭ – «Рэал», «Зэніт» – «Ювэнтус»,

10 сьнежня: «Ювэнтус» – БАТЭ, «Рэал» – «Зэніт».

***

Цікава, што супернікі БАТЭ гулялі з нашай камандай з такім жа вынікам, як і ў папярэднім матчы свайго нацыянальнага першынства.

Мадрыдзкі «Рэал» выйграў у нашых 17 верасьня (2:0), а перад гэтым перамог 14 верасьня ў туры чэмпіяната Гішпаніі «Нумансію» (4:3),

«Ювэнтус» згуляў 30 верасьня з БАТЭ ўнічыю (2:2), а за два дні да гэтага згуляў унічыю ў сваім чэмпіянаце з «Сампдорыяй» (0:0),

«Зэніт» у расейскім першынстве згуляў у мінулую суботу ўнічыю са «Спартаком» з Нальчыку (2:2).

Глядзі яшчэ:
Галявая фэерыя ў Эўропе: 36 галоў у васьмі матчах

Каментары25

Цяпер чытаюць

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне12

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў3

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

Тульская вобласць падверглася атацы дронаў4

Кот д'Івуар, Эквадор, Японія, Швецыя і Аўстралія выйшлі ў плэй-оф чэмпіянату свету1

Што такое дыябет пятага тыпу? Надоўга забытая форма хваробы атрымала афіцыйнае прызнанне1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне12

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць