Грамадства33

«Дзяржава лічыць, што ў гэтым праекце, як і ў ёй самой, ёсць начальнікі». Як жыве беларуская Вікіпедыя падчас рэпрэсій

Апошнім часам стала вядома пра затрыманні шэрагу аўтараў беларускай Вікіпедыі. Выпадкі затрыманняў здараліся і ў папярэднія гады, некаторых людзей нават уносілі ў спісы «экстрэмістаў». Пра тое, чаму ўлады змагаюцца з аўтарамі Вікіпедыі і як цяпер абнаўляецца самая папулярная анлайн-энцыклапедыя, «Еўрарадыё» пагутарыла з яе рэдактарам, які папрасіў застацца ананімным.

У беларускай Вікіпедыі два раздзелы — тарашкевіцай і наркамаўкай. Малюнак створаны нейрасеткай Poe.com

Варта нагадаць, што Беларуская Вікіпедыя ўключае ў сябе дзве старонкі на беларускай мове: афіцыйным правапісам і «класічным». Таксама многія беларусы з’яўляюцца аўтарамі рускамоўнай Вікіпедыі.

Правы на рэдагаванне ў затрыманых адміністратараў «замарожаныя»

Рэдактар беларускай Вікіпедыі кажа, што затрыманні двух адміністратараў не прывялі да «паралічу працы раздзела» і старонка «працягвае функцыянаваць у звыклым рэжыме».

«Нашая суполка не такая вялікая, але дастатковая, каб страта двух рэдактараў не мела крытычнага ўплыву, людзі пастаянна прыходзяць і пакідаюць праект. Калі паглядзець на тое, хто пісаў артыкулы 15 гадоў таму, 7 гадоў таму і сёння, то гэта будуць пераважна розныя людзі. Таму тут бы не было нічога трагічнага, калі б мы не ведалі, што двое адміністратараў раздзела не пішуць толькі таму, што былі затрыманыя.

Трэба патлумачыць, што адміністратары ў Вікіпедыі не з’яўляюцца кіраўнікамі сваіх раздзелаў, яны маюць пашыраныя правы, але не маюць ніякіх прывілеяў над іншымі.

І часта сцяг адміністратара выдаецца дасведчаным старажылам, а таму іх актыўнасць у прынцыпе не самая вялікая.

Ніякіх спробаў зрабіць вандальныя праўкі з акаўнтаў затрыманых адміністратараў не рабілася, але іхнія акаўнты былі глабальна замкнутыя сцюардамі (гэта група ўдзельнікаў, якія кіруюць усімі раздзеламі і маюць яшчэ большыя паўнамоцтвы) па нашым запыце і цяпер без асабістага пацвярджэння таго, што асоба не знаходзіцца ў няволі, у іх немагчыма зайсці. Яны не пазбаўленыя правоў, бо нічога не парушалі, а проста «замарожаныя».

Інакш выглядае сітуацыя ў выпадку з беларускай Вікіпедыяй на «тарашкевіцы».

«Затрыманы адміністратар таго раздзела, Kazimier Lachnovič, на працягу некалькіх гадоў абразамі, пагрозамі і блакіроўкамі выціснуў амаль усіх, хто хацеў там пісаць. У нейкі момант ён стаў ледзь не адзіным, хто прадукаваў кантэнт — такая аднаасобная вікі.

Пасля затрымання раздзел літаральна абязлюдзеў і амаль спыніў сваю працу. Аднак цяпер бачна, што ў раздзел вярнуліся некаторыя старыя рэдактары, спрабуючы замяніць адміністратараў, якія апанавалі раздзел, праводзячы сваю ідэалагічную лінію, але безвынікова».

Чаму аўтары Вікіпедыі апынуліся ў фокусе рэпрэсій?

Па словах рэдактара беларускай Вікіпедыі, гэта хутчэй пытанне «чаму так доўга не звярталі ўвагу».

«Вікіпедыя, якая проста ў сілу сваіх асноўных прынцыпаў, слупоў, сярод якіх ёсць нейтральнасць, выкарыстанне аўтарытэтных крыніц і адкрытасць да ўдзелу людзей з рознымі поглядамі, не можа быць правадніком той ідэалогіі, у якой акукліліся рэжымы ў Беларусі і Расіі.

За гады існавання Вікіпедыя стала больш чым проста сайтам ці энцыклапедыяй, гэта частка звыклага жыцця ўсіх, хто хоць раз карыстаўся інтэрнэтам. Вікіпедыя і Ютуб — гэта два такія праекты, якія нельга проста ўзяць і заблакаваць, бо яны патрэбныя абсалютна ўсім. 

Расійскі рэжым, які, у адрозненне ад беларускага, мае выразную дзяржаўную ідэалогію — ідэалогію «рускага свету» — меў надзею на тое, што ў Вікіпедыі яны яшчэ змогуць перамагчы. Пасля 2022 года стала зразумела, што гэта не так, бо ніхто ў свеце не падзяляе ідэалогію «рускага свету».

Рэжымы аказаліся ў сітуацыі поўнай маргіналізацыі, калі неразбуральнымі для іхніх ідэалагічных міфаў з’яўляецца толькі кантэнт, які яны самі і стварылі. Пачалася самаізаляцыя ў выдуманым свеце, адмяжоўванне ад любых знешніх уплываў — і Вікіпедыя ў гэтай сітуацыі сапраўднае бяльмо на воку. Нягледзячы на гэта Вікіпедыю там усё яшчэ не заблакавалі, настолькі яна ўнікальная і непаўторная ў сваім харастве».

Рэдактар звяртае ўвагу, што папярэднія затрыманні вікіпедыстаў у Беларусі былі звязаныя з артыкуламі пра агрэсію Расіі супраць Украіны, якія знешнія сілы спрабавалі перапісаць у прарасійскім ключы, і пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

«Што прыцягнула ўвагу гэтым разам цяжка зразумець. Першым знік ужо згаданы Kazimier Lachnovič, з аднаго боку, знайсці «за што» у яго выпадку вельмі проста — дастаткова заглянуць у артыкул «Беларусь».

З іншага боку, няма ніякіх доказаў, што ён да ўсяго гэтага наўпрост датычны, а таксама сапраўдная асоба рэдактара невядомая — выйсці на яго, проста пачаўшы капаць у старонках Вікіпедыі, немагчыма.

Калі ён затрыманы, а мы дагэтуль дакладна не ведаем пра гэта, то першапачатковай прычынай стала нешта іншае, а даведацца пра дзейнасць у Вікіпедыі маглі ўжо апасля».

Яшчэ менш зразумела, што магло прыцягнуць увагу ў Вікіпедыі акадэмічным правапісам, якая больш нейтральная і ўзважаная. Але калі б мы разумелі логіку іхніх дзеянняў, то не займаліся б, відаць, напісаннем артыкулаў. Адзін з адміністратараў пісаў не тое каб часта і амаль заўсёды на тэмы сівой даўніны, у якіх цяжка знайсці крамолу, іншая — пераважна пра прыроду і беларускую культуру.

Тое, што ўсе трое затрыманыя па крымінальнай справе, звязанай з Вікіпедыяй, не выклікае ніякіх сумненняў у супольнасці. Ніколі раней за кароткі час не затрымлівалася адразу столькі ўдзельнікаў, якія пішуць на беларускай мове — а яна сама па сабе сёння прыкмета палітычнай нядобранадзейнасці — і якія маюць адзін і той жа сцяг адміністратараў.

Два разы — выпадковасць, тры — заканамернасць. Выглядае так, што затрымлівалі тых, каго змаглі знайсці, таму што абодва адміністратары былі медыйныя і прадстаўлялі Беларускую Вікіпедыю ў тым ліку ў дзяржаўных выданнях і на тэлебачанні.

Рэдактар дадае, што нічога не вядома пра затрыманні адміністратараў Рускай Вікіпедыі, які жывуць у Беларусі.

«Раздзел вялікі, у яго пішуць са ўсяго свету — вазьмі яшчэ разбярыся, каго трэба затрымаць. З беларускімі раздзеламі ўсё прасцей, бо абсалютная большасць рэдактараў з Беларусі».

Як на рэпрэсіі рэагуе сама Вікіпедыя?

Фонд «Вікімедыя» добра інфармаваны пра затрыманні ў Беларусі, кажа рэдактар. Але паколькі афіцыйнага пацвярджэння таго, што прычынай знікнення ўсіх траіх стала рэдагаванне свабоднай энцыклапедыі, няма, іншыя ўдзельнікі не звярталіся да яго. Тым больш што раздзел функцыянуе.

«Пісаць у Вікіпедыю ўсё яшчэ бяспечна, але калі вы не знаходзіцеся ў бяспечным месцы, лепш рабіць гэта не пад сваім імем і не дадавацца ў тэматычныя суполкі ў сацсетках. Гісторыя правак амаль усіх артыкулаў на адчувальныя палітычныя тэмы схаваная так, што доступу да яе няма нават у адміністратараў. Перад тым, як пісаць у артыкул на палітычную тэму, лепш пераканацца, што на ім ёсць такая надзвычайная абарона».

Як цяпер выглядае супольнасць беларускіх вікіпедыстаў?

Па словах ананімнага рэдактара, усяго ў Беларускай Вікіпедыі робяць хоць бы адну праўку ад 250 да 300 удзельнікаў, але актыўна пішуць толькі каля 20.

«Роўна столькі было ў траўні гэтага года, у красавіку і сакавіку — 18 і 21 адпаведна. Гэтыя лічбы мала змяняліся аж з пачатку 2015 года, хоць колькасць і якасць артыкулаў паляпшаецца. У 2010 годзе нас было ўвогуле 6-8 чалавек. Праўда, з канца 2022 года пачала змяншацца колькасць правак у раздзеле, але гэта звязана з тым, што гіперактыўныя ўдзельнікі у сілу жыццёвых падзей значна скарацілі свой удзел у Вікіпедыі, але не пакінулі яе, а таксама з тым, што з’явілася больш магчымасцяў адразу пісаць правільна, а не выпраўляць па адной памылцы за кожную праўку.

У Вікіпедыі альтэрнатыўным правапісам усяго 5-6 актыўных удзельнікаў, у 2010 годзе іх было ў два-тры разы болей. Куды больш беларускіх вікіпедыстаў пішуць у Рускую Вікіпедыю, але мы пра іх нічога не ведаем, бо на сёння звесткі пра гэта, з меркаванняў бяспекі ўдзельнікаў, схаваныя.

Агулам можна сказаць, што ў Вікіпедыі ў цэлым назіраюцца крызісныя з’явы: статыстыка паказвае, што ў праект прыходзіць усё менш новых удзельнікаў — каля паловы ўсіх удзельнікаў (і чым меншы раздзел, тым большая доля) складаюць рэдактары са стажам больш за 9 гадоў. Адносна маладой застаецца толькі найбуйнейшая Англійская Вікіпедыя».

Рэдактар кажа, што ўвогуле вікіпедысты мала ведаюць адно аднаго.

«Рух вікіпедыстаў — гэта дэцэнтралізаваны рух. Нехта піша пад уласным імем, нехта ананімна. Нехта ходзіць на ўсе вікі-сустрэчы, лётае на вікі-канферэнцыі і стварае нацыянальныя суполкі вікіпедыстаў. А нехта не кантактуе ніяк з іншымі ўдзельнікамі. Нехта перакладае паперкі ў офісе і ўвечары піша пра супергерояў Марвэл, а нехта ходзіць у старэйшыя класы школы і піша пра рэвалюцыю ў Кітаі.

Кожны самастойна займаецца сваімі справамі, але, калі трэба, можа звярнуцца па дапамогу да супольнасці ці паспрачацца з нечым даўно прынятым.

У правілах Вікіпедыі напісана, што яна не эксперымент у галіне дэмакратыі, але з майго досведу — гэта ён і ёсць. Людзі здольныя арганізавацца і стварыць нешта выдатнае не за грошы і не з-пад палкі, а проста таму, што ім гэта цікава.

Дзяржава не вельмі разумее гэтага, лічачы, што тут, як і ўнутры яе самой, ёсць начальнік, а над ім яшчэ начальнік, а разам яны дыктуюць, што і як рабіць падначаленым. Колькі гадоў ужо пішу ў Вікіпедыю, але не перастаю здзіўляцца той разнастайнасці тэмаў, на якія пішуць іншыя ўдзельнікі артыкулы па-беларуску».

Каментары3

  • Барадзед
    30.05.2025
    Неистребимое подполье. То, что нужно!
  • Ну, Дык!
    30.05.2025
    >Варта нагадаць, што Беларуская Вікіпедыя ўключае ў сябе дзве старонкі на беларускай мове: афіцыйным правапісам і «класічным»
    ---
    2 правапісы рэтраградаў!! Адмяніць абодвух!!
    Чакаем і выяўляем старонкі Беларускай Вікіпедыі на 3-й, то-бок рэфармаванай паводле расповяду нязгубленай мове!
    Назву самай перадавой белмовы МУСІМ ВЫЯВІЦЬ.
  • Імя
    31.05.2025
    > Куды больш беларускіх вікіпедыстаў пішуць у Рускую Вікіпедыю

    Невероятные енчылі, пакутавалі, але працягвалі пашыраць русскій мір.

Цяпер чытаюць

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club8

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Усе навіны →
Усе навіны

Два беларускія нобелеўскія лаўрэаты сустрэліся ў Варшаве ФОТАФАКТ5

Прэзідэнцкі спартыўны клуб Дзмітрыя Лукашэнкі стварыў мерч для беларускіх ВНУ2

«Я не ведаю нічога больш страшнага, чым каханне». Пра што гаварыла Алексіевіч на Maldzis Фэсце16

Кароткі дамен Telegram перастаў працаваць па ўсім свеце4

У Беларусь вернецца карціна мастака Парыжскай школы Якава Балглея3

Месца памерлага сенатара Ліндсі Грэма ў Сенаце ЗША зойме яго сястра

З бензінам бяда, а елі на бардзюры: былая фрыстайлістка Асоль Слівец з чатырма дзецьмі вяртаецца з адпачынку ў Расіі11

Збой на БЧ: цягнікі з Полацка і Брэста затрымліваюцца на некалькі гадзін3

ФСБ абвінаваціла рэпера Kyivstoner у падрыхтоўцы атакі беспілотнікаў на прадпрыемства ў Падмаскоўі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club8

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць